Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймз Дэйвід Вэнс наведае амерыканскую базу на паўночным захадзе Грэнландыі. Візіт палітыка і ягонай жонкі меўся доўжыцца тры дні, але планы давялося перагледзець, бо запярэчылі ўлады Даніі і Грэнландыі.
Візіт амерыканскага палітыка адбываецца на фоне прагі ЗША да анексіі Грэнландыі. 27 сакавіка прэзідэнт Доналд Трамп заявіў, што Вашынгтон «пойдзе так далёка, наколькі магчыма», каб узяць востраў пад кантроль, перадае ABC.
«Мы маем патрэбу ў Грэнландыі. І свету патрэбна, у тым ліку Даніі, каб Грэнландыя была ў нас. Калі ў нас не будзе Грэнландыі, мы не зможам запэўніць міжнароднай бяспекі».
Паводле першапачатковых планаў, візіт віцэ-прэзідэнта ЗША Джэймза Дэйвіда Вэнса разам з жонкаю меўся доўжыцца тры дні. Яны збіраліся наведаць у тым ліку папулярныя на востраве гонкі на сабачых запрэжках.
З запланаванага ў такім фармаце візіту абурыліся ўлады Даніі і Грэнландыі. Прэм'ер-міністарка Каралеўства Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн, як паведамляе «Reuters», назвала гэта непрымальным. Пазней, калі праграму паездкі гасцей істотна скарацілі, у дацкім МЗС адзначылі, што гэта «пазітыўны крок да дээскалацыі».
У выніку Вэнс наведае толькі амерыканскую вайсковую базу ў Пітуфіку, і візіт будзе аднадзённым.
Паводле крыніцаў, у складзе амерыканскай дэлегацыі таксама будзе дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майкл Ўолц, які апынуўся ў цэнтры скандалу з чатам у мэсэнджары «Signal», і міністр энергетыкі Крыс Райт.
Надоечы сітуацыю вакол Грэнландыі пракаментаваў Уладзімір Пуцін, які знайшоў «даўнія гістарычныя карані» ў планах ЗША ўзяць востраў пад кантроль. Паводле палітыка, яшчэ ў 1860-ыя гады амерыканская адміністрацыя разглядала магчымасць анексіі Грэнландыі, а таксама Ісландыі, але «гэтая ідэя не атрымала тады падтрымання Кангрэсу».
Пры гэтым, як сказаў Пуцін, гэтая праблема ніяк не датычыць Расеі.
Сцяпан Кубік belsat.eu