Настассю Рыдлеўскую варта не толькі слухаць, але і глядзець. У яе выйшаў новы альбом, а нядаўна быў і новы кліп.
Беларуская мастачка і спявачка Настасся Рыдлеўская выдала свой трэці музычны альбом «Snake Charmer». Яго можна бясплатна паслухаць на папулярных музычных пляцоўках.
Спявачка апісвае гэты альбом як «спробу пазбавіцца ад комплексаў, страхаў, болю і траўмаў, якія назапасіла за жыццё». Гэтыя страхі і траўмы яна параўноўвае з «халоднымі змеямі, якія прыліпалі да цела і хаваліся ўнутры». Разам са звычайнымі страхамі спявачка змагаецца з біпалярным разладам і сіндромам Турэта.
Музычны журналіст Аляксандр Чарнуха піша, што альбом выйшаў як «цёмны, інтравертны рытуал з адзінаццаці трэкаў». Ён хваліць канцэпцыю і аздабленне альбому і раіць паслухаць альбом два-тры разы ад пачатку да канца, бо «запіс раскрываецца не адразу».
Галоўным трэкам альбому Чарнуха лічыць «Dance On My Own». На гэтую песню летась быў зняты кліп, які апытаныя «Белсатам» эксперты назвалі найлепшым кліпам 2024 года. Сама песня заняла другое месца – найлепшай песняй года эксперты назвалі «Квант» гурта «Петля пристрастия».
За тры тыдні да выдання альбому Рыдлеўская апублікавала новы кліп – на песню «Petit Oiseau» (фр. «Маленькая птушачка»).
Паслухаць спявачку ўжывую можна будзе 12 красавіка на фэсце «Sea You Music Showcase» ў Гданьску. А 20 красавіка Рыдлеўская дае сольны канцэрт у Варшаве.
Алесь Наваборскі belsat.eu