Тры вядомыя крытыкі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа пакідаюць Елаўскі ўніверсітэт і Злучаныя Штаты, каб заняць пасады ва ўніверсітэце Таронта восенню 2025 года. Сярод іх – аўтар некалькіх даследаванняў прысвечаных Беларусі.
Елаўскі ўніверсітэт дзеля працы ў Школе глабальных стасункаў і дзяржаўнай палітыкі Мунка ў Таронта (Канада) пакідаюць прафесар філасофіі Джэйсан Стэнлі, а таксама сямейная пара прафесараў гісторыі Тымаці Снайдэра і Марсі Шор, паведамляе «Yale News».
Стэнлі напісаў, што ягонае рашэнне сысці выкліканае «палітычным кліматам у Злучаных Штатах», у прыватнасці – ціскам адміністрацыі Доналда Трампа на Калумбійскі ўніверсітэт і адсутнасцю салідарнасці з боку іншых ВНУ.
Шор напісала, што школа Мунка даўно спрабавала завербаваць яе і Снайдэра, і што пара сур'ёзна разглядала прапановы «апошнія два гады». Паводле яе, канчаткова рашэнне было прынятае пасля выбараў у лістападзе 2024 года. Аднак прадстаўнік Снайдэра паведаміў, што той прыняў рашэнне яшчэ да выбараў, у значнай ступені праз «складаныя сямейныя праблемы».
Снайдэр і Шор спецыялізуюцца на гісторыі Усходняй Еўропы, і кожны з іх праводзіць паралелі паміж фашысцкімі рэжымамі, якія яны вывучалі, і цяперашняй адміністрацыяй Трампа. Стэнлі, філосаф, таксама апублікаваў кнігі пра фашызм і прапаганду, у тым ліку папулярную кнігу «як працуе фашызм». Яны таксама ладзілі шэраг мерапрыемстваў ва ўніверсітэце, прысвечаных вайне ва Украіне.
Беларускі рэжысёр і даследчык з «MacMillan Center» Андрэй Курэйчык назваў сыход прафесараў «вялікай стратай» для Елаўскага ўніверсітэту і амерыканскай адукацыі, але заклікаў універсітэцкую супольнасць працягваць падтрымліваць Украіну.
У Беларусі Снайдэр вядомы працай «Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь (1569–1999)». Таксама беларускую гісторыю ён закранаў у публікацыі «Крывавыя землі. Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным» і іншых. Ён таксама разам са Святланай Ціханоўскай браў удзел у міжнародных канферэнцыях, прысвечаных Беларусі, падтрымліваў беларускіх палітвязняў.
Якуб Хруст belsat.eu