Жанчыну асудзілі да двух гадоў «хіміі» за «блакаванне руху» міліцэйскаму транспарту дзіцячым вазком
20.06.2022, 22:21
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: acca.media)
podpis źródła zdjęcia
Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак
13 чэрвеня суд Рэчыцкага раёна вынес прысуд мясцовай жыхарцы Ганне Васільевай. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Жанчыну асудзілі да двух гадоў «хіміі», паведамляе «Палеская Вясна».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: acca.media)
Матэрыялы справы дзівосным чынам раскрылі сутнасць «злачынства» Ганны Васільевай. Паводле абвінавачання, жанчына, «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту супраць ходу і вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 года сумесна і ўзгоднена з іншымі асобамі ў працэсе несанкцыянаванага масавага мерапрыемства прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючы грамадскі парадак, выйшаўшы на дарогу ў Рэчыцы, далучылася да іншых асоб, і актыўна перашкаджала руху службовага аўтамабіля АУС Рэчыцкага райвыканкама, выкарыстоўваючы дзіцячы вазок, змушаючы яго спыніць рух і ў далейшым змяніць маршрут руху, пры гэтым аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам АУС аб спыненні грубага парушэння грамадскага парадку».
Суд прызнаў Ганну Васільеву вінаватай. Паводле ч. 1 арт. 342 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Нагадаем, што па стане на 20 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1223 чалавекі.