навіны

Каму з пенсіянераў трэба да 20 чэрвеня аформіць базавы рахунак і каму не трэба

Людзі стаяць у чарзе да банкамату
Людзі стаяць у чарзе да банкамату. Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

З 1 ліпеня 2025 года, калі пенсіянер не захоча ці не паспее адкрыць базавага рахунку, ён зможа атрымліваць пенсію толькі на пошце або праз арганізацыю, якая займаецца яе дастаўкаю. Адкрыць гэты рахунак трэба да 20 чэрвеня.

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Банкаўская картка «Белкарт». Фота: sb.by

Пенсіі і базавы рахунак. Навошта пенсіянераў абавязваюць афармляць картку сістэмы «Белкарт»

Да 1 ліпеня беларускіх пенсіянераў забавязалі аформіць базавую банкаўскую картку плацежнай сістэмы «Белкарт» і спецыяльны рахунак – так званы базавы. У адваротным выпадку атрымаць пенсію праз банк не ўдасца – толькі праз спецыяльны сэрвіс дастаўкі пенсіяў ці на пошце, але за гэта давядзецца заплаціць.


Шмат якія пенсіянеры былі разгубленыя: праз век і нястачу інфармацыі яны проста не разумелі, навошта гэта ўсё трэба ды чаму пенсію нельга атрымліваць як раней. Калі маеце знаёмых пенсіянераў у Беларусі, перапытайце, ці зрабілі яны неабходнае, каб атрымаць пенсію.


Змены ў выплатах пенсіяў звязаныя з нормамі заканадаўства яшчэ за 2021 год, а менавіта з указам № 363 «Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання». Згодна з першым пунктам указу, з 1 ліпеня 2022 года ў пенсіянераў з’явілася магчымасць адкрываць базавыя рахункі ў банку. Наступная норма дакументу мае набыць моц 1 ліпеня 2025 года і прадугледжвае перавод пенсіяў ды іншых сацыяльных выплатаў выключна на базавыя рахункі.

Чытайце таксама:
Беларускія грошы. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ont.by

Выканкамы шлюць лісты: з 1 ліпеня пенсіі будуць выплочвацца толькі на базавы рахунак. Як яго зрабіць?

Базавы рахунак – гэта бягучы банкаўскі рахунак у беларускіх рублях, з уладальніка якога не спаганяецца плата за ажыццяўленне аперацыяў, уключаных у базавае абслугоўванне, на тэрыторыі Беларусі і ў нацыянальным сегменце інтэрнэту. Сярод іх – адкрыццё і закрыццё базавага рахунку, залічэнне на яго выплатаў сацыяльнага характару, заробкаў, стыпендыяў ды іншых сацыяльных выплатаў, пераводы грашовых сродкаў паміж базавым ды іншымі рахункамі ўладальніка, пералік сродкаў з базавага рахунку на іншы, разлікі за тавары, зняцце наяўных грошай ды іншыя аперацыі.


Базавы рахунак дазваляе разлічвацца за тавары і паслугі праз АРІП і ў інтэрнэце. Базавы рахунак адкрываецца бясплатна. Каб адкрыць базавы рахунак, трэба прыйсці ў адзін з пералічаных банкаў з дакументам, які пацвярджае асобу, і звярнуцца да працаўнікоў фінансавай установы. Па-першае, адкрываць рахунак з нуля неабавязкова. Можна перааформіць на яго ўжо існы бягучы рахунак (і наадварот). Па-другое, чалавек сам можа абраць банк, які адкрывае базавы рахунак.


На гэты момант такія рахункі адкрываюць 9 установаў: «Белаграпрамбанк»; Ашчадны банк «Беларусбанк»; «БелВЭБ»; «Белгазпрамбанк»; «Белінвестбанк» (Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі); «Дабрабыт»; «МТБанк»; «Прыёрбанк»; «Сбер Банк».


Кожны грамадзянін можа адкрыць у банкаўскай сістэме толькі адзін базавы рахунак. Калі пенсіянер, да прыкладу, захоча залічыць грошы на базавы рахунак, то мусіць падаць пасведчанне асобы. Акрамя таго, плацежная сістэма «Белкарт» дае магчымасць плацяжоў толькі ў межах Беларусі.


Адкрываць базавы рахунак трэба тым, хто хоча атрымліваць у звычайным парадку:


  • пенсіі;
  • дапамогу на дзяцей, якая выплачваюцца праз органы працы, занятасці і сацыяльнай абароны, а не ад наймальніка;
  • дапамогу пры беспрацоўі ды іншыя выплаты ад цэнтру занятасці;
  • дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу;
  • дапамогу для догляду інваліда I групы або асобы, старэйшай за 80 гадоў;
  • выплаты тым, хто даглядае людзей у замяшчальных сем'ях;
  • выплаты на блізнятаў;
  • матэрыяльную дапамогу да школы.


Не трэба адкрываць базавага рахунку для атрымання сацыяльных выплатаў на пошце (у тым ліку людзям з інваліднасцю, пенсіянерам у сельскай мясцовасці, асобам, старэйшым за 70 і бацькам дзіцяці з інваліднасцю да 18 гадоў). Таксама не трэба адкрываць базавага рахунку тым, хто атрымлівае выплаты праз працу ці вучобу, і асобам без віду на жыхарства і толькі дазволам на часовае пражыванне. Акрамя таго, без базавага рахунку можна атрымаць дапамогу на пахаванне і арганізацыю жалобных захадаў.


Калі чалавек не ўпэўнены, ці мусіць адкрываць базавы рахунак або ці ягоны рахунак базавы, удакладніць гэта можна ў банку ці органе сацыяльнай абароны, у тым ліку праз тэлефон.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10