навіны

«Не проста смерць, а чарговае забойства». У Ціханоўскай пракаментавалі гібель Клімовіча

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Абраная прэзідэнтка выказала спачуванні родным і блізкім палітвязня.

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская выказала спачуванні родным і блізкім палітзняволенага Мікалая Клімовіча, які памёр у віцебскай калоніі.
«Я хачу выказаць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім. Гэта велізарная трагедыя і велізарны боль для ўсіх нас.


,,

Нельга дапускаць новых смерцяў. Цяпер у турмах утрымліваюцца сотні палітвязняў з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Усе палітвязні павінны выйсці на волю, а яны – першымі. І ўжо зараз трэба дапусціць да людзей у турмах родных і адвакатаў. Трэба вярнуць магчымасць перадаваць у турмы лекі – таму што людзей у калоніях ніхто не лечыць. Ніхто не павінен больш паміраць», – падкрэсліла Ціханоўская.


Старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка зазначыў, што гібель Клімовіча – «гэта не проста смерць, а чарговае забойства».


,,

«Усё будзе задакументавана. Імёны кожнага карніка, суддзі, начальніка калоніі.


На мінулым тыдні ў нас быў званок з прадстаўнікамі ААН. Яны самі ў шоку ад таго, што адбываецца цяпер у турмах, ад жорсткасці рэжыму. На жаль, сучасныя міжнародныя механізмы аказаліся бездапаможныя ў цяперашняй сітуацыі. Але хай служкі рэжыму не расслабляюцца: будуць створаныя новыя. І беззаконне будзе пераможанае», – напісаў Вячорка ў Фэйсбуку.
Прадстаўніца Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Вольга Гарбунова ў сваім каментары звярнула ўвагу на агульнае пагаршэнне ўмоваў у турмах для палітвязняў. У прыватнасці, у СІЗА перасталі прымаць медыкаменты, а многія палітвязні аказаліся ў ізаляцыі – блізкім зняволеных не прадастаўляецца ніякая інфармацыя аб стане іх здароўя. Гэта таксама зʼяўляецца формай катавання, падкрэслівае Гарбунова.


,,

«Колькі яшчэ трэба ахвяр, каб вы насыціліся ўладай? І ўсё ж ведайце, што смерць Мікалая Клімовіча і кожны падобны выпадак – будзе расследаваны, і ўсе, хто мае дачыненне да злачынства, стануць перад судом», – адзначыла яна, звяртаючыся да прадстаўнікоў рэжыму.


Нагадаем, 7 траўня стала вядома, што ў віцебскай калоніі памёр блогер і актывіст з Пінску Мікалай Клімовіч. У лютым 2023 года яго асудзілі да года калоніі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку, нягледзячы на тое, што 61-гадовы мужчына пакутаваў на цяжкую хваробу сэрца і меў інваліднасць II групы. «Любое турэмнае знявольванне для мяне – гэта смерць, таму што я павінны быць пад сталым наглядам урача, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца», – заявіў перад выракам Клімовіч.
Глеб Нержын belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10