Маральныя пакуты пракурора Шведа і жорсткае затрыманне пасля вяртання з Польшчы. Хроніка рэпрэсіяў
16.01.2024, 00:51
Скрын з відэа беларускіх сілавікоў. Крыніца: тэлеграм-канал сілавікоў
podpis źródła zdjęcia
Агляд рэпрэсіяў за 15 студзеня.
«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.
Скрын з відэа беларускіх сілавікоў. Крыніца: тэлеграм-канал сілавікоў
Праваабаронцы паведамляюць пра масавыя затрыманні ў Моталі
Праваабаронцам стала вядома пра масавыя затрыманні ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёну Берасцейскай вобласці. Вядома пра затрыманне як мінімум 4 чалавек, але дакладная колькасць затрыманых невядомая. Няясная пакуль і прычына.
Праваабаронцы пішуць, што затрыманні закранулі мясцовыя прадпрыемствы, асабліва мясны цэх.
Моталь вядомы сваім кулінарным фестывалем «Мотальскія прысмакі», які з 2008 года штогод праходзіць у аграгарадку.
Беларуса жорстка затрымалі па вяртанні на радзіму з Польшчы
У Ваўкавыскім раёне супрацоўнікі МУС жорстка затрымалі беларуса, які вярнуўся на радзіму з Польшчы, дзе жыве з 2009 года. Ён вярнуўся ў Беларусь разам з сям’ёй 6 студзеня і быў затрыманы. Гарадзенскія праваабаронцы высветлілі, што затрыманага завуць Аляксандр Мазец.
З відэа вынікае, што мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
За ўдзел у маршах 2020-га разам з дзіцем затрымалі беларуску
У тг-канале сілавікоў з’явілася відэа з чарговай затрыманай беларускай. Жанчына ў кайданках кажа, што яе затрымалі за тое, што ў 2020 годзе шпацыравала па горадзе з дзіцем. Прыводзіцца фота, дзе дзяўчынка трымае бел-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй».
Таксама на відэа затрыманая жанчына кажа, што цяпер ёй пагражае артыкул. У чым канкрэтна яе вінавацяць – невядома. Як сцвярджае «Медыязона», затрыманую могуць зваць Яўгенія Петрыкевіч.
Гарадзенцу прысудзілі два гады «хіміі» за ўдзел у маршы пратэсту
Два гады «хіміі» прысудзілі гарадзенскаму слесару Мікіту Машуту за ўдзел у пратэстах, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Прысуд вынеслі 5 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні. Да суда гарадзенца трымалі пад вартай.
На судзе мужчына сваю віну не прызнаў. Ён заявіў, быццам думаў, што шэсце, у якім ён удзельнічаў, адбываецца ў падтрымку Лукашэнкі. Пры гэтым ён меў пры сабе бел-чырвона-белы сцяг. Суд не паверыў слесару.
З матэрыялаў справы вядома, што фотаздымак Мікіты з нацыянальным сцягам на праезнай частцы знайшлі ў адным з тэлеграм-каналаў.
Затрыманага магілеўскага блогера Алеся Сабалеўскага перавялі ў СІЗА
Гэта можа азначаць, што супраць яго выстаўлена крымінальнае абвінавачванне, піша БАЖ.
Па звестках знаёмых Алеся Сабалеўскага, у магілёўскі следчы ізалятар ён трапіў на мінулым тыдні. Раней яго ўтрымлівалі ў ІЧУ паводле судовых рашэнняў – былі два адміністрацыйныя арышты запар.
Алеся Сабалеўскага затрымалі на працы раніцай 12 снежня і спачатку арыштавалі на 10 сутак «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Праваабаронцы мяркуюць, што ў выпадку завядзення супраць Сабалеўскага крымінальнай справы, яна можа быць звязаная з прызнаннем «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» шэрагу рэгіянальных медыярэсурсаў, а таксама іх шматлікіх акаўнтаў у сацсетках і месенджарах.
Алесь Сабалеўскі даўно адышоў ад заняткаў журналістыкай. Ужо некалькі гадоў ён працаваў у адным з магілёўскіх пунктаў пракату.
Пракурор Андрэй Швед запатрабаваў маральную кампенсацыю па справе аб паклёпе супраць яго
Пракуратура Менскай вобласці накіравала ў суд Менскага раёну крымінальную справу ў дачыненні да 45-гадовай жанчыны. Яе абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку і генпракурора Андрэя Шведа. Яшчэ адзін артыкул абвінавачання – абраза Лукашэнкі.
Як вынікае з паведамлення пракуратуры, падставай для справы сталі каментары, пакінутыя жанчынай у мэсэнджары Telegram, у іх нібыта ўтрымліваліся «заведама ілжывыя звесткі» аб здзяйсненні Лукашэнкам і Шведам «асабліва цяжкіх злачынстваў». Адзін каментар быў расцэнены як абразу Лукашэнкі. Ён «меў зневажальную і непрыстойную форму маўленчага выразы, відавочна негатыўна ацэньваў» яго.
Асаблівасцю справы сталі іскавыя патрабаванні, заяўленыя Шведам. Ён патрабаваў спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5 тыс. рублёў. Абвінавачаная добраахвотна выканала іскавыя патрабаванні, пералічыўшы грошы на карысць ДУ «Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця».