Былы азовец Тэрор-машына з’ехаў з Беларусі пасля 7 гадоў няволі. Яго вітаў полк Каліноўскага
01.02.2024, 18:56
Тэрор-машына (Фота: Mvd.gov.by)
podpis źródła zdjęcia
Ганчароў не ўтойваў нацысцкіх поглядаў, меў шматлікія нацысцкія тату.
Полк імя Кастуся Каліноўскага – падраздзяленне беларусаў, якое ваюе на баку Украіны – расказала 31 студзеня, што прывітала ў сваіх шыхтах Станіслава Ганчарова, вядомага па пазыўным Тэрор-машына.
Кіт і Тэрор-машына (Фота: Полк Каліноўскага / Telegram)
Ці азначае гэта, што Станіслава Ганчарова прымуць у склад палка і выправяць назад на вайну ва Украіне, невядома. Але паведамленне палка на гэта намякае фразай «вітаем у шыхце».
,,
«Сем гадоў ён правёў у вязніцах рэжыму Лукашэнкі і нарэшце атрымаў шанец на помсту», – гаворыцца ў подпісе да фота Ганчарова з камандзірам палка Дзянісам Прохаравым (пазыўны Кіт).
Імаверна, фота зробленае не ва Украіне: Прохараў удзельнічае ў замежных сустрэчах палка Каліноўскага: у канцы студзеня выступаў у Польшчы, 31 студзеня ў Вільні.
Ганчароў у 2014–16 гадах ваяваў на баку Украіны ў тагачасным батальёне «Азоў», але вясной 2016 года вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы. Паводле версіі сілавікоў, яго затрымалі за тое, што ў 2013 годзе ён разам з групай футбольных фанатаў прымусіў двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітанне, здымаў гэта на відэа.
Ганчарова асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «Злоснае хуліганства», «Распальванне варожасці», «Рабаванне» і «Распаўсюд порна», але ў «Найміцтве» не вінавацілі. Следства сцвярджала, што ён з 2012 года быў нефармальным лідарам групоўкі «футбольных фанатаў», заклікаў аднадумцаў збіваць людзей «неславянскай знешнасці» і сам паказваў прыклад.
Тэрор-машына (Фота: Mvd.gov.by)
Ганчароў не ўтойваў нацысцкіх поглядаў. На грудзях у яго набіта 88 – гэта лічбавая абрэвіятура, якая азначае «Хайль Гітлер». З іншага боку – герб асаблівага батальёну СС «Дзірлевангер». За часамі Трэцяга Рэйху ў гэты батальён набіралі злачынцаў-рэцыдывістаў наўпрост з турмаў. На тэрыторыі Беларусі байцы СС «Дзірлевангер» вылучаліся крайняй жорсткасцю, узяўшы ўдзел у дзясятках карных аперацый. У «заслугах» гэтага батальёну – тысячы жыццяў беларусаў. «УКантакце» ён мае нікнэйм, сугучны з імем аднаго з брыгадэфюрэраў СС.
Вясной 2022 года Telegram-канал ГУБАЗіКу запісаў «пакаяннае відэа» з Ганчаровым, на якім ён выбачаўся перад людзьмі, якія калісьці ваявалі супраць фашызму.