Праваслаўны святар аштрафаваны за «экстрэмізм» і «нацысцкую сімволіку». Хроніка рэпрэсіяў
22.03.2024, 01:23
Мікалай Гайдук (Фота: orthos.org)
podpis źródła zdjęcia
Хроніка рэпрэсіяў за 21 сакавіка.
У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды. Содні даюць нават за паветраныя балонікі. Працяягваем фіксаваць факты злачынстваў рэжыму супраць беларусаў.
Мікалай Гайдук (Фота: orthos.org)
Суд Ленінскага раёну Горадні аштрафаваў клірыка дамавога храма свяціцеля Мікалая Цудатворца Гарадзенскага епархіяльнага ўпраўлення Мікалая Гайдука на 1 600 рублёў, паведамляе ініцыятыва «Хрысціянская візія».
Суддзя Наталля Козел палічыла, што Гайдук здзейсніў правапарушэнне паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць») і ч. 1 арт. 19.10 КаАП («Прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі»).
22 студзеня пры маніторынгу сацыяльных сетак святара на яго старонцы «Вконтакте» знайшлі згадку пра прызнаны «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурс, а таксама фатаграфію аднаго з бліжэйшых паплечнікаў і верных паслядоўнікаў Адольфа Гітлера Ёзэфа Гебельса са свастыкай, гаворыцца ў рэлізе.
На судзе Гайдук патлумачыў, што свастыку размяшчаў у якасці гістарычнай фатаграфіі з мэтай крытыкі нацысцкіх поглядаў, «што пацвярджалася і кантэкстам размешчанай ім інфармацыі».
У Гомлі палітвязня Андрэя Толчына асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у «паклёпе на Лукашэнку» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». 21 сакавіка прысуд агучыў суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў.
У Горадні жорстка затрымалі беларуса, які вярнуўся з Польшчы. Мужчыну абвінавачваюць у актыўным удзеле ў пратэстах 2020 года. Сілавікі пішуць, што затрыманне прыводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК пры падтрымцы спецназу з атраду «Тайфун». Затрыманы прызнаў свой удзел у масавых вулічных акцыях у Горадні.
У Беларусі «экстрэмісцкім» прызналі ўкраінскі навучальны дапаможнік «Як говорити про російсько-українську війну в школі». Як заўважылі праваабаронцы «Вясны», такое рашэнне прыняў 13 сакавіка суд Ленінскага раёну Берасця. У дапаможніку гаворыцца, што яго мэта – «спрыяць фармаванню грамадзянскай пазіцыі ў вучняў і вучаніц, навучыць іх адрозніваць факты ад фэйкаў, не паддавацца на маніпуляцыі і варожую прапаганду». У выданні расказваецца пра ўварванне Расеі ва Украіну, у тым ліку пра тое, як расейскія войскі заходзілі з тэрыторыі Беларусі.
У Менску затрымалі брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Урбановіча. Максім Урбановіч знаходзіцца ў следчым ізалятары. Верагодна супраць яго распачата крымінальная справа па трох артыкулах. Незадоўга да затрымання Максіма Урбановіча супрацоўнікі ГУБАЗіК прайшліся па яго і Дзяніса сваяках.
Менчука арыштавалі на 15 сутак за паветраныя шарыкі, якія яму падарылі на дзень народзінаў, а ён іх выпусціў з акна. Яны былі чырвонага (тры) і белага (два) колеру і выпадкова зачапіліся за лінію электраперадач. Здарылася гэта каля 05:30 раніцы. Сілавікі заўважылі «крамолу» праз некалькі гадзін, склалі пратакол, знайшлі і затрымалі «парушальніка».
Адміністрацыйную справу 1 сакавіка разглядаў суд Савецкага раёну сталіцы. У выніку суд прызнаў, што мужчына парушыў «парадак правядзення масавых мерапрыемстваў» і арганізаваў «несанкцыянаванае пікетаванне». Мянчук сваёй віны не прызнаў. Шарыкі, якія захоўваліся ў матэрыялах справы, было вырашана знішчыць. Праваабаронцы пішуць, што асудзілі Аляксея Скварчэўскага.
У праўладных тэлеграм-каналах з’явіўся фотаздымак апячатаных дзвярэй кватэры аднаго з актывістаў дыяспары. Як бачна на фота, дзверы не толькі апячаталі, але і прыварылі. Паводле звестак СМІ, гэта кватэра Аляксея Ерахаўца. У траўні 2020-га ён прыйшоў у штаб Віктара Бабарыкі, а далей актыўна ўдзельнічаў у працы абʼяднанага штабу. Ерахавец быў адным з ініцыятараў стварэння незалежнага саюзу беларускіх дыяспар «Беларусы замежжа», удзельнічаў у арганізацыі фонду «Краіна для жыцця». Цяпер ён жыве ў Польшчы. Следчы камітэт заявіў пра крымінальную справу на прадстаўнікоў «Народных амбасадаў Беларусі» і «Беларусаў замежжа». Па справе праходзяць не менш за 100 чалавек. Таксама ведамства падкрэсліла, што выявіла «больш за 30 абʼектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам, на тэрыторыі нашай краіны».
Тым часам 26 нобэлеўскіх лаўрэатаў падпісалі заклік неадкладна вызваліць беларускіх палітвязняў. У іх ліку беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, украінская праваабаронца Аляксандра Мацвійчук, расейскі журналіст Дзмітрый Муратаў ды іншыя.
У звароце згадваецца, што за апошнія чатыры гады ў Беларусі былі рэпрэсаваныя больш за 50 000 чалавек, сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць краіну, а тысячы людзей зазналі катаванні.
«Сярод іх сотні журналістаў, прафесараў, выкладчыкаў, лекараў, музыкаў, рабочых і студэнтаў, грамадскія дзеячы і праваабаронцы, у тым ліку лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Цэлыя сем’і, шматдзетныя маці, непаўналетнія, цяжкахворыя, пажылыя людзі і інваліды цяпер утрымліваюцца ў жудасных умовах. За апошнія дзесяцігоддзі Еўропа не бачыла гуманітарнай катастрофы, звязанай з палітычнымі рэпрэсіямі ў такіх маштабах на душу насельніцтва, як у Беларусі», – адзначаюць падпісанты.
Яны заклікаюць урады краін Еўразвязу, а найперш – Польшчы, «прыняць неадкладныя меры для спынення жорсткіх рэпрэсій у Беларусі і ціску з мэтай вызвалення ўсіх палітычных зняволеных». У прыватнасці, Польшчы прапануюць такія меры ўздзеяння, як «часовае прыпыненне рэгулярных чыгуначных грузавых перавозак у ЕЗ з Беларусі, уключаючы транзіт з Расеі і Кітая».
У звароце гаворыцца, што для ўвядзення больш жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ёсць прававыя падставы – напрыклад, рэзалюцыя Міжнароднай арганізацыі працы ад 12 чэрвеня 2023 г. (прывядзенне ў дзеянне пункта 33 Статута МАП). «Гэтая рэзалюцыя заклікае ўрады ўсіх краінаў свету ўвесці любыя абмежавальныя меры супраць рэжыму Лукашэнкі за сістэматычныя парушэнні працоўных і прафсаюзных правоў», – адзначаецца ў дакуменце.