навіны

АБСЕ зноў запусціла Венскі механізм адносна Беларусі. Што гэта?

АБСЕ. (Фота: OSCE)
АБСЕ. (Фота: OSCE)
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі спыталі, што з палітвязнямі. За няправільны адказ могуць быць санкцыі

38 дзяржаваў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе выкарысталі ў дачыненні Беларусі Венскі механізм. Уладам Беларусі далі 10 дзён на адказ на 11 пытанняў.
АБСЕ. (Фота: OSCE)
АБСЕ. (Фота: OSCE)
З ініцыятывай запуску механізму выступіла нефармальная група АБСЕ «Сябры дэмакратычнай Беларусі». У яе ўвайшлі прадстаўнікі Бельгіі, Балгарыі, Грэцыі, Даніі, Злучанага Каралеўства, Злучаных Штатаў, Ірландыі, Ісландыі, Італіі, Іспаніі, Канады, Кіпру, Латвіі, Літвы, Люксембургу, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нямеччыны, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі. Да іхнай заявы далучыліся прадстаўнікі Албаніі, Аўстрыі, Босніі і Герцагавіны, Ліхтэнштэйну, Малдовы, Паўночнай Македоніі, Славаччыны, Украіны і Швейцарыі.
Яны запатрабавалі адказаць на 11 пытанняў адносна зменаў у абыходжанні з палітвязнямі з 11 траўня 2023 года, калі адносна Беларусі быў апублікаваны рапарт Маскоўскага механізму. Пытанні наступныя.
У заяве згадалі пра тое, што ў спіс палітычных зняволеных у Беларусі ўключаныя звыш 1400 чалавек, што не менш як шэсць палітвязняў ужо памерлі за кратамі, што многіх палітвязняў трымаюць інкамунікада – без сувязі з вонкавым светам. Нядаўняе вызваленне 18 палітвязняў у заяве назвалі незадавальняльнай рэакцыяй на справаздачу Маскоўскага механізму.
АБСЕ мае два падобныя механізмы: Венскі і яго ўзмоцнены варыянт – Маскоўскі механізм. Абодва выкарыстоўваюцца для маніторынгу выканання абавязанняў перад АБСЕ дзяржавамі-ўдзельніцамі (у іх лік уваходзіць Беларусь).
Венскі механізм дазваляе дзяржавам-удзельніцам, выкарыстоўваючы вызначаны набор працэдураў, уздымаць пытанні, што датычаць становішча ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў іншых дзяржавах-удзельніцах. Маскоўскі механізм дае дадатковую магчымасць фармаваць з незалежных экспертаў адмысловыя місіі для спрыяння развязання праблемаў.
Самі па сабе Венскі і Маскоўскі механізмы не прадугледжваюць пакарання за адмову ад супрацы. Аднак яны даюць права пачаць расследаванне нават без кансэнсусу краінаў АБСЕ і незалежна ад таго, хто старшынствуе ў АБСЕ.
На падставе расследаванняў АБСЕ можа даць рэкамендацыі дзяржаве, адносна якой ужыты механізм, аднак АБСЕ не мае механізмаў прымусу. У якасці механізмаў прымусу асобныя дзяржавы – чальцы АБСЕ хіба могуць ужыць свае або супольныя санкцыі на падставе вынікаў расследавання, ды АБСЕ не можа абавязаць усіх сваіх чальцоў увесці санкцыі супраць парушальніка.
Адносна Беларусі Маскоўскі механізм ужывалі пасля выбараў-2010 і выбараў-2020, таксама ў 2021 годзе ўжывалі Венскі механізм. Пра Маскоўскі механізм згадвалі за месяц да ўвядзення чацвёртага пакету санкцыяў.
Святлана Ціханоўская, выбраная прэзідэнтка Беларусі вітала ўжыванне Венскага механізму:


,,

«Мы ўдзячныя за салідарнасць, вітаем запуск механізму, заклікаем міжнародныя арганізацыі прыкласці ўсе намаганні па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Гэты крок з’яўляецца важным і своечасовым адказам на працяглыя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць беларусаў».


Ейны дарадца па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька расказаў «Белсату», што ініцыятыва запуску механізму насамрэч паходзіла ад самой Ціханоўскай, але ў запуску механізму пагадзіліся ўдзельнічаць «сябры дэмакратычнай Беларусі» ў АБСЕ. Механізм азначае, што калі ў краіны-чальца ўзнікаюць праблемы, да краіны фармулююць пытанні і прапануюць дзеянні для вырашэння.


,,

«У любым выпадку, гэта вельмі важна, бо сёння праблема палітвязняў – гэта праблема № 1, якая стаіць перад прыхільнікамі пераменаў і дэмакратычнай супольнасцю», – кажа Лябедзька. – Можна і патрэбна разглядаць запуск гэтага механізму як узмацненне ціску на беларускі рэжым».


Беларусь застаецца чальцом АБСЕ, а значыць, павінна выконваць абавязкі, якія на сябе ўзяла, нагадаў Лябедзька.
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10