Бізнесовец Ілан Маск, які раней быў блізкім паплечнікам прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, выказаў шкадаванне праз частку допісаў з крытыкай, апублікаваных падчас публічнай сваркі ў сацыяльных сетках. Раней ён ужо некаторыя з іх выдаліў.
«Я шкадую пра некаторыя свае допісы аб прэзідэнту Трампу на мінулым тыдні. Яны зайшлі занадта далёка», – напісаў Маск у Х.
Якія менавіта допісы ён палічыў годнымі шкадавання, мільярдэр не ўдакладніў.
Бізнесовец Ілан Маск абрынуўся з крытыкаю на прэзідэнта ЗША Доналда Трампа праз новы законапраект падатковых ільготаў. Маск назваў праект «агіднаю брыдотаю». Маск награваў сітуацыю, заяўляючы, што прэзідэнт ЗША няўдзячны і што без яго «Трамп прайграў бы выбары».
У адказ Трамп на прэс-канферэнцыі ў Белым доме раскрытыкаваў Маска за ягоныя нападкі на «неймаверны законапраект». На ягоную думку, Маск «раздражнёны, бо мы прыбралі стымулы для электрамабільнай галіны, а гэта мільярды долараў». І падкрэсліў, што Маск ведаў «усю ўнутраную кухню» дакументу з самага пачатку.
Маск у сваёй сетцы Х назваў заяву пра ягоную дасведчанасць «сумнаю хлуснёй», а Трамп адказаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што «самы просты спосаб заашчадзіць мільярды долараў бюджэту – спыніць дзяржаўныя субсідыі і кантракты Ілана».
Прэзідэнт ЗША дадаў, што Маск «проста звар’яцеў», калі ён папрасіў таго пайсці з ураду. Маск у адказ напісаў, што Трамп фігураваў у так званых файлах Эпстына, датычных гандлю няпоўнагадовымі з мэтай іхнай сексуальнай эксплуатацыі і схілення да прастытуцыі. Маўляў, «гэта сапраўдная прычына, чаму файлы так і не былі апублікаваныя». Пасля гэтага Маск заявіў, што Трампу трэба абвясціць імпічмент і замяніць ягоным намеснікам Джэймзам Дэйвідам Вэнсам.
Акрамя таго, Маск пастанавіў, што ягоная касмічная кампанія «SpaceX» перастане эксплуатаваць касмічны карабель «Dragon» – адзіны амерыканскі карабель, з дапамогай якога NASA можа дастаўляць астранаўтаў на МКС без расейскіх «Саюзаў», бо другі канкурэнт – «Boeing» – часова мае праблемы і не працуе.
Каб спыніць гэтую лаянку, у справу ўмяшаліся памочнікі ў Белым доме, пасля чаго ў кароткім інтэрвʼю «Politico» 6 чэрвеня Трамп заявіў, што «ўсё ідзе вельмі добра», ён запланаваў тэлефонную гутарку з Маскам. Пасля ўжо Маск падтрымаў выказванне мільярдэра Біла Экмэна, які заявіў пра неабходнасць замірэння.
Якуб Хруст belsat.eu