Агляд затрыманняў і выракаў за 29 ліпеня.
навіны
Завочны прысуд актывісту і ціск на палітвязняў. Хроніка рэпрэсіяў

podpis źródła zdjęcia
У Беларусі чацверты год трываюць масавыя палітычныя рэпрэсіі. «Белсат» распавядае пра арышты і суды за 29 ліпеня.
Радыё «Свабода» паведамляе, што Віцебскі абласны суд завочна прысудзіў 7 гадоў зняволення актывісту з Наваполацку Андрэю Зуеву. Таксама ён пакараны штрафам у 8000 рублёў. Мужчыну прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «стварэнні экстрэмісцкай арганізацыі» і «распальванні сацыяльнай варажнечы».
Паводле праваабаронцаў, 23-гадовага палітвязня Вячаслава Шэлямета збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Вячаслава затрымалі ў жніўні 2020 года за ўдзел у акцыі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня і пазней асудзілі да 5,5 гадоў калоніі. Цяпер па ініцыятыве адміністрацыі віцебскай калоніі №3 палітвязню хочуць узмацніць пакаранне. Суд па замене рэжыму ўтрымання на турэмны адбудзецца ў Віцебску 31 ліпеня. Рашэнне будзе прымаць суддзя Міхаіл Зубеня.
Атрад спецназу «Шторм» жорстка затрымаў жыхара Берасця за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. На «пакаянным» відэа, якое прымусілі запісаць сілавікі, мужчына ў кайданках кажа, што падчас пратэстаў нібыта быў нападпітку. Сцвярджаецца, што ў ягоным тэлефоне дагэтуль захоўваліся відэа з той акцыі. Дзе і ў якім статусе цяпер перабывае затрыманы, невядома.
У судзе Камянецкага раёна па «справе карагодаў» 24 ліпеня асудзілі яшчэ двух чалавек: Геннадзя Клімашэвіча і Крысціну Салаўёву. Як паведамляе «Берасцейская Вясна», паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Клімашэвічу прызначылі адзін год калоніі агульнага рэжыму, а Салаўёвай – паўтара года калоніі з адтэрміноўкай выканання пакарання праз тое, што на ўтрыманні ёсць дзіця, якому менш за тры гады.
Паводле праваабаронцаў, у Магілёўскім абласным судзе 29 ліпеня пачалі судзіць 18-гадовага хлопца з Быхава Станіслава Шапеля. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса) нібыта за «сувязі з СБУ». Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Павел Клімаў. Хлопцу пагражае ад сямі да 15 гадоў калоніі.
У Менскім абласным судзе 29 ліпеня ў закрытым рэжыме пачаўся судовы працэс над 42-гадовым Уладзімірам Баслыкам, які быў унесены КДБ у «тэрарыстычны спіс». Сутнасць крымінальнай справы праваабаронцам невядомая. Уладзіміра абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку»); ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»); ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў»); арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»).
Звязаныя з сілавікамі Telegram-каналы паведамілі пра затрыманне жыхара Магілёва, якога вінавацяць у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і сімволікі ў сацсетках. Сцвярджаецца, што яго арыштавалі на 15 содняў.
Паводле ПЦ «Вясна», палітвязняў масава прымушаюць пісаць прашэнні памілавання – у прыватнасці, адпаведная інфармацыя паступіла да праваабаронцаў з наваполацкай калоніі. Прашэнне памілавання патрабуюць толькі ад тых палітвязняў, хто асуджаны на невялікія тэрміны. Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у ШІЗА, а некаторым пагражаюць новай крымінальнай справай паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
Паводле звестак «Белсату», у другой палове ліпеня з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні таксама звярталіся да некаторых палітзняволеных у гомельскай жаночай калоніі № 4. Пры гэтым цікаваліся толькі тымі, чые тэрміны блізкія да завяршэння.
Глеб Нержын belsat.eu