Ва Украіне беларусу, які рыхтаваў дыверсіі, прысудзілі 15 гадоў турмы


Беларус, які з’яўляўся агентам расейскага Галоўнага разведвальніцкага ўпраўлення і рыхтаваў дыверсіі супраць энергетычнай інфраструктуры, прысудзілі 15 гадоў зняволення, паведамляе Служба бяспекі Украіны.

Затрыманне беларускага дыверсанта ў Ровенскай вобласці ў студзені 2024 года.
Фота: ssu.gov.ua

Дыверсанта затрымалі ў Ровенскай вобласці ў студзені 2024 году падчас таго, як ён ставіў GPS-трэкеры на апоры лініяў перадачы. Пазней, арыентуючыся на гэтыя «маячкі», расейскія войскі збіралася весці агонь па ўкраінскіх энергааб’ектах.

Паведамляецца, што з 2014 па 2017 год беларус ваяваў у баявых падраздзяленнях ЛДНР на ўсходзе Украіны. А на пачатку вайны ўступіў у склад ПВК Вагнэра, у складзе якой браў удзел у штурме Бахмута. Пазней ён вярнуўся ў Беларусь, дзе атрымаў чарговае заданне ад куратара ваеннай разведкі РФ.

Беларуса асудзілі на 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Украіны, абвінаваціўшы яго ў дыверсіі і ўдзеле ў тэрарыстычнай групе або тэрарыстычнай арганізацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў