Каму выгадная «нелегітымнасць» Зяленскага?


20 траўня загалоўкі многіх СМІ гучна заяўлялі: тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага скончыўся. Сапраўды, згодна з украінскай канстытуцыяй, апошні дзень, калі мусілі прайсці прэзідэнцкія выбары ва Украіне, быў 31 сакавіка 2024 года, а 20 траўня стаў, адпаведна, апошнім днём, калі павінна была прайсці інаўгурацыя прэзідэнта. Але гэтага не адбылося, што і стала нагодай для некаторых казаць пра «нелегітымнасць» Уладзіміра Зяленскага. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, хто і чаму робіць такія заявы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі трымае Булаву, сімвал украінскай улады, падчас цырымоніі інаўгурацыі. Кіеў, Украіна. 20 траўня 2019 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Юрыдычныя падставы

Пытанне аб правядзенні выбараў у 2024 годзе ва ўкраінскіх палітычных колах пачало актыўна абмяркоўвацца недзе з восені 2023-га. Яшчэ тады некаторыя прадбачылі праблему, якая можа ўтварыцца вакол легітымнасці Уладзіміра Зяленскага ў выпадку, калі такія выбары не адбудуцца.

Уласна сама праблема паўстала на глебе неадназначнай трактоўкі ўкраінскіх законаў – у першую чаргу Канстытуцыі краіны. Так, адзін з яе артыкулаў замацоўвае тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, які роўны пяці гадам. Прысягу Уладзімір Зяленскі прыняў 20 траўня 2019 года, такім чынам, паводле гэтага артыкула, тэрмін ягонага прэзідэнцтва скончыўся акурат 20 траўня 2024-га.

Трэба сказаць, што ў гісторыі Украіны быў момант, калі прэзідэнт знаходзіўся пры ўладзе больш, чым пяць гадоў. Гэта здарылася ў 2004 годзе, калі Леанід Кучма затрымаўся на пасадзе на два месяцы, пакуль не быў праведзены трэці тур выбараў, у якім перамог Віктар Юшчанка.  Тады, як адзначыў у размове з «Белсатам» украінскі палітолаг Яўген Магда, «гэта нікому не перашкаджала і не муляла».

Іншы артыкул той жа Канстытуцыі прапісвае, што прэзідэнт знаходзіцца на пасадзе да таго моманту, пакуль на пост не ўзыдзе наступны кіраўнік дзяржавы. Але паколькі выбары не праводзіліся, то і сесці ў прэзідэнцкае крэсла няма каму.

Не праводзіліся яны таму, што ў краіне ўведзены ваенны стан (апошні раз працягваўся на наступныя 90 дзён 13 траўня 2024 года), падчас якога ўсё той жа Канстытуцыяй забаронена праводзіць выбары. Праўда, трэба адзначыць, у асноўным законе Украіны прапісана забарона на правядзенне выбраў у Вярхоўную раду, а вось прамой забароны на правядзенне прэзідэнцкай кампаніі ў ім няма.

У той жа час у артыкуле 19 закона аб прававым рэжыме ваеннага стану ёсць даволі адназначная фармулёўка: ён забараняе падчас ваеннага стану ўносіць змены ў Канстытуцыю, праводзіць усеўкраінскія і мясцовыя рэферэндумы, а таксама выбары – прэзідэнта, Вярхоўнай рады ці мясцовых радаў. На гэты закон, у прыватнасці, спасылаецца Цэнтральная выбарчая камісія Украіны, калі аргументуе факт таго, што ў краіне не праводзіцца выбарчая кампанія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочая паездка прэзідэнта Украіны ў Хмяльніцкую вобласць, Украіна. 3 траўня 2024 года.
Фота: president.gov.ua

Больш за тое, грунтуючыся на гэтым артыкуле закона, усе палітычныя сілы, прадстаўленыя ў Вярхоўнай радзе, у лістападзе 2023 года падпісалі мемарандум аб правядзенні наступных выбараў (як парламенцкіх, так і прэзідэнцкіх) толькі пасля завяршэння вайны і заканчэння дзеяння ваеннага стану. Пры гэтым яны адзначылі, што для падрыхтоўку выбараў павінна быць дастаткова часу (не меней за шэсць месяцаў пасля заканчэння ваеннага стану).

Што кажуць людзі?

Што да меркавання ўкраінцаў, то абсалютная большасць лічыць, што падчас вайны правядзенне выбараў – не самая лепшая ідэя.

Так, паводле апытання, праведзенага Цэнтрам Разумкова ў канцы верасня – пачатку кастрычніка 2023 года, 69 % украінцаў заявілі, што падчас ваеннага стану не трэба праводзіць ані прэзідэнцкія, ані парламенцкія выбары.

Прыблізна такія ж вынікі дало і другое апытанне: Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі зафіксаваў, што 81 % ўкраінцаў выступае за правядзенне выбараў толькі пасля заканчэння вайны.

Падобнага меркавання прытрымліваюцца прадстаўнікі больш чым ста грамадскіх арганізацыяў. 18 верасня яны падпісалі заяву супраць правядзення выбараў ва Украіне, пакуль на яе тэрыторыях ідзе вайна. Па-першае, на іх думку, гэтая кампанія раз’яднала б грамадства, па-другое, падчас ваеннага стану была б абмежаваная сумленная канкурэнцыя паміж кандыдатамі. І нарэшце па-трэцяе, правядзенне выбараў вымагала б значных сродкаў на іх правядзенне – і гэта ў той момант, калі гэтыя грошы асабліва патрэбныя для закупкі зброі і боепрыпасаў, для лякарняў і г.д.

Сапраўды, правядзенне выбараў ставіць шмат іншых пытанняў. Як будзе гарантаваная бяспека падчас электаральнай кампаніі, калі існуе рызыка трапляння варожых снарадаў у месцы, дзе будзе збірацца вялікая колькасць людзей? Як арганізаваць выбары сярод вялікай колькасці ўкраінцаў, якія знаходзяцца на фронце? Як арганізаваць выбарчы працэс для мільёнаў украінскіх уцекачоў, што выехалі за межы краіны? Усе гэтыя пытанні прыводзіліся як асноўныя аргументы для таго, каб гэтыя выбары не праводзіць.

Каму гэта выгадна?

Але хто тады так заклапочаны пытаннямі легітымнасці ўкраінскага прэзідэнта?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экс-старшыня Вярхоўнай рады Украіны 9-га склікання Дзмітрый Разумкоў.
Фота: Назары Мазылюк / pravda.com.ua

Безумоўна, унутры краіны існуе шэраг палітыкаў, якія раскручваюць так званую праблему «20 траўня». Сярод іх можна вылучыць аднаго з былых паплечнікаў Зяленскага – былога спікера Дзмітрыя Разумкова, які лічыць, што 20 траўня паўнамоцтвы дзейнага прэзідэнта заканчваюцца і Зяленскі мусіць перадаць іх спікеру Вярхоўнай рады. Былы дэпутат фракцыі «Слуга народа» Аляксандр Дубінскі, які знаходзіцца зараз пад следствам за дзяржаўную здраду, увогуле абвінавачвае Зяленскага ва ўзурпацыі ўлады, аб гэтым шмат выказваўся і былы дэпутат Вярхоўнай рады Ігар Масійчук, які зараз жыве за межамі Украіны.

Аднак ёсць яшчэ адзін суб’ект, найбольш зацікаўлены у тым, каб фарсіраваць пытанне легітымнасці кіраўніка украінскай дзяржавы – гэта Крэмль. Як адзначаюць эксперты, тэзы аб тым, што паўнамоцтвы Зяленскага заканчваюцца 20 траўня, найбольш актыўна пачалі высоўвацца недзе з канца лютага 2024 года ў шматлікіх расейскіх СМІ.

З заявай пра тое, што Масква кінула вялікія сілы на разгойдванне сітуацыі ў краіне ў сувязі з «заканчэннем» прэзідэнцтва Зяленскага, выступіў Камітэт па пытаннях разведкі пры прэзідэнце Украіны. У ёй сцвярджаецца, што Расея збіраецца актывізаваць дзейнасць у рамках спецаперацыі «Майдан-3», якая мае на мэце змену найвышэйшага кіраўніцтва Украіны. У заяве таксама гаворыцца пра тое, што на правядзенне аперацыі выдаткаваная рэкордная сума ў 1,5 мільярдаў долараў.

Мэтай гэтай аперацыі было паставіць пад сумнеў легітымнасць усіх рашэнняў, якія будуць прымацца пасля 20 траўня, дэмаралізаваць украінцаў, штучна супрацьпаставіць цывільных і вайсковых унутры краіны і рассварыць Украіну з хаўруснікамі.

Паводле плану «Майдан-3», у першай палове чэрвеня 2024 года ёсць мэта разгойдаць сітуацыю ў краіне, пасля чаго нанесці паражэнне на ўсходзе Украіны.

Уладзімір Зяленскі, Владимир Зеленский
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэс-канферэнцыя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

У атаку былі запушчаныя ботафермы, якія «разганялі» тэзу пра «ўзурпатара» ўлады. Падключыліся таксама прапагандысцкія СМІ, у якіх адной з галоўных тэмаў было тое, што паколькі Зяленскі становіцца нелегітымным, то хто ж будзе падпісваць дакументы падчас перамоваў пра замірэнне, калі такія адбудуцца. Пры гэтым прапагандысты спасылаліся на словы Уладзіміра Пуціна, што «калі справа дойдзе да падпісання нейкіх дакументаў, канечне, мы павінны падпісваць дакументы ў такой лёсавызначальнай вобласці з легітымнымі ўладамі. Гэта факт відавочны».

Не абмінуў гэтую тэму і Аляксандр Лукашэнка: 12 красавіка падчас перамоваў з Пуціным ён адзначыў, што пасля 21 траўня можа скласціся такая сітуацыя, калі расейскаму кіраўніку проста не будзе з кім падпісваць мірную дамову.

І вось у пацвярджэнне асаблівай важнасці тэмы пра легітымнасць украінскага прэзідэнта расейская прапагандысцкая машына 20 і 21 траўня «грымнула» гучнымі загалоўкамі ў дзясятках розных выданняў пра тое, што «Зяленскі нелегітымны».

Тэма педалюецца Крамлём

У тым, што Крэмль асабліва зацікаўлены ва ўзняцці тэмы «20 траўня», упэўнены ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

«Тэма педалюецца Крамлём, гэта абсалютна відавочна. Пра гэта гаварыў Пуцін, пра гэта пісаў Дугін, гэта гучыць у выступах расейскіх прапагандыстаў. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Таму што для Расеі непатрэбны які б то ні было ўкраінскі прэзідэнт… А тое, што гэты наратыў прасоўвае сёння пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства кум Пуціна Віктар Медвядчук, гэта маю тэзу толькі пацвярджае», – кажа Яўген Магда.

Палітолаг адзначае, што ўнутры ўкраінскага грамадства, як і ўнутры любой іншай дэмакратычнай супольнасці, таксама прысутнічаюць розныя погляды на гэтае пытанне. Але пры гэтым нельга сказаць, што ёсць адназначны запыт на тое, каб любой цаной змяніць Уладзіміра Зяленскага. На думку палітолага, у вялікай колькасці людзей ёсць дакладнае ўсведамленне таго, што ва ўмовах баявых дзеянняў праводзіць выбары проста тэхнічна немагчыма.

«Выбары – гэта ж не толькі пра тое, каб прыйсці і прагаласаваць. Але трэба, каб яшчэ і вынікі галасавання былі прызнаныя светам. Гэта таксама істотны момант», – заўважае суразмоўца «Белсата».

На пытанне аб тым, ці магчымы сёння «Майдан-3» ва Украіне, які справакуе масавыя выступленні грамадзянаў з патрабаваннем адстаўкі Зяленскага, Яўген Магда адказаў адмоўна.

«Унутраныя хваляванні ва Украіне немагчымыя, таму што ваенны стан забараняе масавыя выступы. Абсалютна зразумела, што ва ўмовах актывізацыі расейскіх баявых дзеянняў такія выступы будуць расцэненыя як правакацыя. Дый я не ведаю аніводнага адэкватнага ўкраінскага палітыка, які б далучыўся да падобных выступаў.  Гэта пры тым, што Зяленскі нашмат менш папулярны, чым быў у 2019 годзе. Але ён застаецца прэзідэнтам, і з гэтай нагоды ёсць пэўны грамадскі кансенсус ва Украіне», – кажа Яўген Магда.

Захад застанецца з Украінай

Што да адносінаў Захаду з украінскім прэзідэнтам, то наш суразмоўца адзначыў, што не бачыць прычын для іх пагаршэння.

kuleba zelenski baerbock dyplomacja rakiety msz
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба і Міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак праводзяць сумесны брыфінг. Кіеў, Украіна. 21 траўня 2024 года.
Фота: Pavlo BahmutUkrinform / ddp images / Forum

«Я не веру і не бачу зніжэння легітымнасці Зяленскага ў вачах Захаду. Пра гэта сведчыць, напрыклад, візіт Аналены Бэрбак сёння ў Кіеў [сапраўды, міністарка замежных справаў Нямеччыны прыехала 21 траўня ва ўкранскую сталіцу з неабвешчаным візітам. – «Белсат»]. То бок ужо пасля таго, як Расея сцвярджае, што паўнамоцтвы прэзідэнта Зяленскага завершыліся, прыязджае міністарка замежных справаў Нямеччыны для таго, каб праводзіць перамовы ў тым ліку і з ім. Мы разумеем, што немцы да гэтых пытанняў ставяцца вельмі сур’ёзна», – падкрэсліў Яўген Магда.

У цэлым жа суразмоўца «Белсату» адзначыў, што нават калі Уладзімір Зяленскі сыдзе з пасады, то вялікіх зменаў у палітычнай сістэме Украіны не адбудзецца.

«Прэзідэнт, верагодна, мог бы напісаць заяву пра дабраахвотную адстаўку, але ў такім разе ягоныя абавязкі будзе выконваць спікер парламенту Руслан Стэфанчук.  Вялікіх змен у сувязі з гэтым не адбудзецца, таму што гэта чальцы адной палітычнай каманды.  Таму я хачу падкрэсліць, што ўсе гульні навокал так званай нелегітымнасці Зяленскага – гэта крамлёўскі наратыў, пашыраць які проста няварта, калі вы не падтрымліваеце Пуціна», – адзначыў Яўген Магда.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў