Ва ўладаў не атрымліваецца зняць фільм пра «гераізм» сілавікоў – не пішуць нават сінопсісу


Міністэрства культуры Беларусі, нягледзячы на ўсе намаганні, ніяк не можа зняць фільм пра падзеі 2020 года ў Беларусі. Пра гэта ў эфіры праграмы «Яшчэ не вечар» на тэлеканале АНТ заявіла Крысціна Мельнікава, намесніца начальніка аддзелу кінематаграфіі ведамства.

Марш герояў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 13 верасня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Чыноўніца адзначыла, што на абвешчаны Мінкультам конкурс з усяго свету даслалі 280 заявак. Але былі гэта пераважна праекты ў жанрах фэнтэзі і камедыі.

«Пра 2020 год такога сінопсісу нам не паступіла ніводнага. Хоць нашая палітра конкурсу дазваляла дасылаць нам такія заяўкі», – сказала чыноўніца.

Яна адзначыла, што міністэрства не спыняе пошукаў і нікога не абмяжоўвае «ані ў веку, ані ў прафесіі»:

«Міністэрства культуры чакае такіх заявак. Кінастудыя «Беларусьфільм» у тым ліку чакае такіх заявак».

Крысціна Мельнікава не выключыла таксама стварэння серыялу пра 2020 год ці іншую «надзённую» тэму, якая будзе «важная нашай дзяржаве».

Са свайго боку адзначым, што пра дзеянні сілавікоў у 2020 годзе свой серыял у жанры трагікамедыі – «Працэсы» – зняў «Белсат».

Міністэрства культуры Беларусі прасіла дасылаць да 1 сакавіка на конкурс сцэнарыяў прапановы поўнаметражных фільмаў у гульнявой форме, перадусім пра «гераізм супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас падзеяў жніўня 2020 года ў Беларусі» або пра прыгоды вядомых казачных герояў.

Нагадаем, што Беларусь і Кітай плануюць зняць супольны фільм, у якім будзе «цудоўны сюжэт», што адлюструе «сяброўства нашых людзей, нашых краінаў, закладзенае кіраўнікамі дзвюх дзяржаваў». Здымкі будуць праходзіць у «найпрыгажэйшых мясцінах» Беларусі і Кітаю.

Таксама Міністэрства культуры паведаміла пра вынікі конкурсу сцэнароў для вытворчасці ў 2024–2025 гадах мастацкага фільму пра беларускую школу і настаўнікаў. У ім перамог настаўнік біялогіі са своеасаблівым пачуццём гумару.

Hавiны
Першы эпізод серыялу «Белсат» узяў дзве ўзнагароды прэміі «Чырвоны верас»
2024.02.18 11:44

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў