Першы эпізод серыялу «Белсат» узяў дзве ўзнагароды прэміі «Чырвоны верас»


Першы эпізод серыялу «Працэсы» ад «Белсату» ўзяў дзве ўзнагароды Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»: за найлепшы сцэнар і найлепшую акторскую ігру. Цырымонія адбылася ў Берліне 17 лютага.

Узнагароду «Найлепшы актор» атрымаў Андрэй Новік за ролю амапаўца ў першым эпізодзе серыялу «Працэсы», прыз за найлепшы сцэнар атрымалі стваральнікі серыялу Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй (за фільм «Ператрымка»).

Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў «Gropius Bau Сinema» на Еўрапейскім кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю.

Сярод найлепшых дакументальных поўнаметражных фільмаў журы адзначыла «Мару» Сашы Кулак і «Смеласць» Аляксея Палуяна.

Найлепшыя дакументальныя кароткаметражныя фільмы – «Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч і «Метадычка» Паўла Мажара.

Прыз за найлепшы ігравы поўнаметражны фільм узяла карціна Мікіты Лаўрэцкага «Спатканне ў Менску», найлепшы сярод ігравых кароткаметражак – «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі.

Сярод анімацыйных фільмаў найлепшым стаўся «Shirey Mara» Наты Карнеевай.

Найлепшым рэжысёрам прызналі Мікіту Лаўрэцкага за фільм «Спатканне ў Менску», узнагароду ў катэгорыі «Найлепшая акторка» атрымала Вольга Кавалёва за ролі ў фільмах «Спатканне ў Менску» і «A Kid’s Flick».

Ніжэй прыводзім інтэрв’ю з акторам Андрэем Новікам, які стаў найлепшым акторам, паводле журы прэміі.

 

Азнаёміцца з усімі прызёрамі можна на старонцы прэміі «Чырвоны верас».

У склад журы «Чырвонага верасу’24» увайшлі 16 экспертак і экспертаў: арганізатары прэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, а таксама журналісты, кінакрытыкі, кіназнаўцы, кінаблогеры і даследнікі кіно Ульяна Будзік, Максім Жбанкоў, Ліна Мядзведзева, Ігар Сукманаў, Ганна Яфрэменка, Алена Сойка, Альміра Усманава. Частка журы з меркаванняў бяспекі пажадала застацца ананімнаю.

Гэта не першая ўзнагарода, якую атрымлівае серыял «Працэсы»: серыя «Ператрымка» ўзяла спецпрыз на фестывалі кіно паўночных і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне» ў лістападзе 2023 года і заняла другое месца на амерыканскім фестывалі «Fantastic Fest 2023».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў