«Заўтра ў Печы». Прызыўнікі восені-2017 распавялі пра свае страхі, надзею і справядлівасць

video

Сёлета восеньскі прызыў у беларускае войска распачаўся ў верасні, а ў сярэдзіне лістапада некалькі тысяч хлопцаў накіруюць у вайсковыя часткі на тэрміновую службу, у тым ліку ў вучэбны цэнтр у Печах пад Барысавам.

Сярод іх ёсць розныя: зусім дарослыя, тыя, хто працуе па размеркаванні пасля вучобы, але большасці толькі споўнілася 18 год. Настроі навабранцаў таксама адрозніваюцца: ад нежадання «марнаваць паўтары гады жыцця» да імкнення патрапіць у элітныя падраздзяленні.

Трагічная гібель 21-гадовага Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі 72 АНЦ у Печах, ускалыхнула беларускае грамадства. Смерць Коржыча адбілася і на цяперашніх прызыўніках: аднаго маці адпраўляе ў сумнавядомую «вучэбку» на слязьмі на вачах, іншы кажа, што на ўсялякі выпадак захавае нумар ваеннай пракуратуры.

Раніцай 15 лістапада яны абавязаныя з’явіцца на зборы ў сваіх гарадах, а пасля сесці на цягнік і паехаць у Печы. Напярэдадні карэспандэнтка belsat.eu пагутарыла з будучымі жаўнерамі.

«Ідыёты забілі хлопца з-за грошай»

18-гадовы Сяргей М. вучыўся на электрагазазваршчыка, але вакансій па спецыяльнасці ў родным горадзе не знайшлося. Тады хлопец вырашыў: лепш пайсці ў войска, а скончыўшы тэрміновую службу, падпісаць кантракт. Марыць служыць у памежных войсках. «Сядзець на плячах бацькоў – не для мяне» – упэўнены Сяргей.

Пытаемся, ці чуў пра трагедыю ў Печах і што думае на гэты конт. Сяргей пачынае гаварыць неахвотна, але паступова пранікаецца даверам.

«Канешне, я чуў пра гісторыю з Коржычам, чытаў артыкулы. Па-мойму, проста ідыёты хлопца з-за грошай забілі. Па сутнасці трэба вышэйшы афіцэрскі склад у частцы змяніць – гэты яны вінаватыя ва ўсім… Каб на гауптвахту такіх закрылі гадоў на 15 – можа нешта дайшло б! А яшчэ можна міністра абароны зняць і паставіць на пасаду сур’ёзнага чалавека», – эмацыйна кажа Сяргей.

Ён распавёў, што прызыўнікі стварылі ў сацыяльнай сетцы супольны чат, у якім знаёмяцца і абменьваюцца думкамі, а таксама спасылкамі на публікацыі па «справе Коржыча». Да чату дазволілі далучыцца і нашай журналістцы.

«Можа, нас паслухаюцца і здымуць старэйшы склад 72 АНЦ. Як думаеце, пацаны?», – звяртаецца Сяргей да саслужыўцаў.

18-гадовы Міця таксама шмат чытаў пра трагедыю, але мяркуе, што яму нічога не пагражае.

«Спадзяюся, пасля гэтага выпадку бліжэйшыя 5-7 месяцаў усё будзе ў парадку, будуць з нас пылінкі здуваць, як казалі ў ваенкамаце».

Яшчэ адзін прызыўнік, Глеб, настроены не вельмі аптымістычна:

«Парадак будзе максімум на год, потым пачнецца зноў. Можа, дзедаўшчына стане трохі мягчэй, але знішчыць яе нерэальна. Некаторым камандзірам яна выгодная».

Як распавядае Сяргей С. з Паставаў, маці адпраўляе яго ў Печы са слязьмі на вачах, хаця раней хацела, каб сын служыў у войску.

«Мама была толькі за маю службу, але калі даведалася, што накіруюць не туды, куды я хацеў трапіць ды яшчэ і праз Печы, то, канешне, выступіла супраць. Казала: не пушчу, лепш штраф заплачу. Мне неяк удалося пераканаць яе».

Арцём з Менску скончыў навучанне ва ўніверсітэце і працуе па размеркаванні. Хацеў бы працягваць, але прыйшла позва з ваенкамату.

«Я ў прынцыпе не хачу ў войска. Да трагедыі стаўленне было негатыўнае, пасля яшчэ пагоршылася. Замест таго, каб працаваць і плаціць падаткі, я буду год займацца невядома чым ды яшчэ і з рызыкай для здароўя», – абураецца Арцём.

Як змагацца з дзедаўшчынай? Адказваюць прызыўнікі

Мы запыталі ў хлопцаў, якім чынам можна пазбегнуць канфліктных сітуацый і гвалту ў войску. Вядома, што ў загінулага Сашы Коржыча прапаршчыкі патрабавалі грошы з карткі, таму такім пытаннем прызыўнікоў не здзівіць. Дык што ж рабіць, калі «дзяды» або камандаванне пасягае на тваю маёмасць?

«Не браць вялікія грошы з сабой і нікому не паказваць, што ў цябе ёсць што вымагаць», – раіць саслужыўцам Улад.

«У такой сітуацыі мала што зробіш. Грошы не аддасі – дык адбяруць сілай, яшчэ і знявечыць могуць», – губляецца Станіслаў.

«Калі – усміхайся, калі – рабі каменны твар, калі – адбівайся. Ну і на ўсялякі запішу на сімку нумар ваеннай пракуратуры», – кажа Арцём.

Многія прызыўнікі лічаць дзедаўшчыну неад’емнай і непазбежнай часткай службы, таму загадзя наладжваюць кантакт з землякамі, якіх прызвалі раней. «Будзем мець там сваіх дзядоў», – хваляцца хлопцы.

На пытанне, як і каго на іхнюю думку варта пакараць за трагедыю ў Печах, будучыя жаўнеры кажуць:

«Я лічу, лепш правесці адстаўкі на сярэднім узроўні ў выглядзе прапаршчыкаў, камандзіраў узводаў і ротаў. Іх трэба пасадзіць і далей рупліва падыходзіць да навучання новых. А наконт адстаўкі міністра… Мне падаецца, ён папросту ўсяго не бачыць. Дзеля прыстойнасці часам паедзе ў нейкую частку, там усе хуценька прыбяруць, пафарбуюць бардзюры, койкі па лінейцы выставяць, асабліва някемлівых сашлюць у шпіталь. Вось і атрымаецца ўзорная частка, усё ціха-гладка», – дзеліцца меркаваннем менчук Арцём.

Астатнія нашы суразмоўцы настроены менш разважліва. У іх свае разуменне справядлівасці:

«Рыба гніе з галавы», «адхіляць камандаванне ад пасады за любы касяк», «пасадзіць чалавек 20 афіцэраў за іхнія памылкі», «вінаватых – у калонію», «пад трыбунал», – у адзін голас гавораць сённяшнія прызыўнікі.

***
Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч здзейсніў суіцыд, а Следчы камітэт заявіў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.

Па крымінальнай справе аб гібелі Коржыча прад’яўлена абвінавачванне 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх – адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары