«Хлопца зламалі ў казарме». У Пячах загінуў «срочнік» – сябры ўпэўнены, што ен стаў ахвярай дзедаўшчыны


Аляксандр Коржыч. Фота - ВК

У аўторак, 3 кастрычніка, у падвальным памяшканні на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах быў знойдзены труп вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Афіцыйная версія смерці – самагубства. Але ягоныя сябры ўпэўнены, што Аляксандр стаў ахвярай дзедаўшчыны.

Звесткі пра смерць «срочніка» ў Пячах з’явілася ў інтэрнэце напачатку гэтага тыдня. Інфармацыю пра самагубства жаўнера ў Барысаўскім раене афіцыйна пацвердзілі ў Мінабароны, але імя хлопца і дэталі справы распавядаць адмовіліся.

Пазней стала вядома, што гаворка ідзе пра 21-гадовага ўраджэнца Пінску Аляксандра Коржыча. Яго прызвалі ў войска вясной 2017 года, хлопец трапіў у вайсковую частку ў Пячах, што пад Барысавым.

Цяпер Следчы камітэт праводзіць праверку па факту смерці ў Пячах.

«Падчас правядзення агляду месца здарэння прыкметаў крымінальнага характару следствам не знойдзена. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасці асноўнай версіі суіцыд», – паведаміла TUT.by прадстаўнік СК Таццяна Беланог.

«Казаў, што дзедаўшчына ў Пячах жудасная»

Між тым, сябры Коржыча ставяць пад сумнеў папярэднюю версію следства. Жыхарка Пінску Ірына, якая сябравала з Аляксандрам амаль 10 гадоў, не верыць у самагубства.

«Ён расказваў, што дзедаўшчына ў Пячах жудасная, здзекваюцца як могуць, усе адбіраюць. У яго былі тэлефон і смартгадзіннік, якія ня знайшліся пасля смерці – кажуць, ён нібыта ўсё гэта прадаў з-за недахопу грошай. Гэта смешна, патрэбы ў грошах ен не меў, яму дастаткова пералічвалі на банкаўскую картку.

Ён заўсёды быў моцным чалавекам. Пры размове сам сказаў: яшчэ крыху пацярпець і іх размяркуюць у Слонім. Ніводнай думкі пра суіцыд не было сказана і нават ноткі чагосьці ў яго голасе я не пачула. Сашка быў у жыцці вельмі жыццярадасным чалавекам ён заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу, быў вельмі прыязным, усе яго любілі. Ён да вар’яцтва любіў бацькоў, каб з імі так паступіць», – распавяла дзяўчына ў інтэрв’ю belsat.eu.

Аляксандр Коржыч. Фота – ВК

Па словах Ірыны, родныя не захацелі хаваць Аляксандра ў вайсковай форме і калі пераапраналі яго дома, то былі шакаваны ўбачаным: на целе былі вялікія сінякі вышэй пахвіны, ранкі на галаве. Таксама сваякоў збянтэжыў падазрона роўны след ад пятлі на шыі. «Калі чалавек вісіць, то ў яго проста не можа быць настолькі роўныя контуры», – дадае Ірына.

Дзяўчына сцвярджае, што праблема асабістага характару (няшчаснае каханне, канфлікты ў сямʼі і г.д.) праз якія хлопец мог скончыць жыцце самагубствам у Аляксандра не было.

«Дзедаўшчына – гэта не абавязкова фізічны гвалт»

Журналіст «Народнай Волі» Раман Васюковіч, які некалькі гадоў таму сам праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску, версію аб забойстве лічыць не вельмі верагоднай.

«Вядома, адбыцца магло ўсё што заўгодна, але мне цяжка сабе ўявіць, каб хлопца забілі. Звычайна ў казармах (прынамсі, так было ў мяне) вісяць прысуды жаўнерам за апошнія гады за дзедаўшчыну – там тэрміну ад 3 да 7 гадоў проста за некалькі ўдараў. Гэта сурʼёзны стрымліваючы фактар. ​​Акрамя таго, у войску рэгулярна праводзяцца агляды на прадмет цялесных збіцця, таму схаваць гвалт, а тым больш забойства практычна немагчыма. Але «дзяды» маглі быць проста неадэкватныя: магчыма, сапраўды білі, але перастараліся і потым імітавалі самагубства. Гвалт не цукеркі – роўна не адсыпешь», – адзначыў журналіст у інтэрв’ю belsat.eu.

Раман Васюковіч

Але больш верагодна, на думку Васюковіча, што Коржыча давялі да самагубства «дзяды»:

«Дзедаўшчына – гэта не абавязкова фізічны гвалт, гэта перш за ўсё гвалт псіхалагічны. Хутчэй за ўсё, хлопца зламалі ў казарме. Самае страшнае, што можа адбыцца са «срочникам» першага перыяду службы, гэта калі цябе не прынялі ў калектыў і ты апынуўся ў ізаляцыі. Ты ізгой проста таму што некалькі раз не уклаўся ў нарматыў, дрэнна пабрыўся або яшчэ што-небудзь. «Дзядам» служыць засталося мала і ім ўжо дах зносіць. «Дзяды» ціснуць на хлопцаў, якія прыйшлі служыць адначасова з табой – вось, маўляў, у вас такі чалавек, паўплывайце на яго, а калі не паўплываеце, то непрыемнасці будуць і ў вас. Калі застаешся адзін і ніхто з табой нават не размаўляе, то гэта псіхалагічна вельмі цяжка. І ў гэтым няма віны таго хлопца. Але я перакананы, што такія рэчы павінны афіцэры прадухіляць, яны абавязаны былі заўважыць канфлікт. Калі ён павесіўся не з-за няшчаснага кахання, а праз дзедаўшчыну, то гэта прамая некампетэнтнасць камандзіраў. Бо «срочник» знаходзіцца ў калектыве 24 гадзіны ў суткі, яго ўвесь час бачна».

«Як бы не змагаліся з дзедаўшчынай, пакуль будзе «срочка» то будуць заставацца нестатутныя адносіны, бо розніца ў перыядах службы захоўваецца. А пакуль афіцэры свае абавязкі будуць перакладаць на жаўнераў 3-га перыяду (гэтак званых«дзядоў») то мы будзем атрымліваць такія трагедыі», – кажа Васюковіч.

Пахавалі Аляксандра Коржыча 5 кастрычніка непадалёку ад Пінску.

Ігар Ільяш, belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары