Следчы камітэт: на целе Аляксандра Коржыча пашкоджанняў не знойдзена

video

На целе 21-гадовага жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча, які загінуў у вайсковай часці ў Печах, не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі. Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч.

Паводле яго, следчыя атрымалі заключэнне судова-медыцынскай экспертызы.

«На целе загінулага Аляксандра Коржыча ня маецца ні аднаго цялеснага пашкоджання за выключэннем баразны ад пятлі», – праінфармаваў Іван Наскевіч.

Інфармацыя аб тым, што на целе загінулага жаўнера нібыта не было жывога месца, не адпавядае рэчаіснасці, падкрэсліў старшыня Следчага камітэту.

«Сляды на целе, якія сваякі і сябры прынялі за сляды збіцця, апынуліся так званымі трупнымі плямамі», – растлумачыў ён.

СК разглядае тры версіі здарэння. Першая – гэта самагубства з прычыны псіхалагічнай траўмы (нежаданне працягваць службу ва Узброеных Сілах, адмову ў камісавання). Другая – давядзенне да самагубства з прычыны нестатутных адносінаў з вайскоўцамі, гвалту, здзекаў, вымагальніцтва або адабраньня ў радавога прадметаў асабістага спажывання, грошай і маёмасці. Трэцяя версія – забойства па матывах асабістых непрыязных адносінаў, з карыслівых меркаванняў, з прычыны валодання інфармацыяй, што кампраметуе іншых вайскоўцаў.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да 2 афіцэраў. На дадзены момант у ліку падазраваных па справе Коржыча – 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), старшыня роты і 2 афіцэры.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары