Рэкет, прастытуткі і хамут з іголкамі. Што хаваецца за сценамі казармаў


Беларусь ані з кім не ваюе, аднак нашыя жаўнеры працягваюць гінуць. У мірны час, у мірным, здавалася б, войску. Толькі ў Барысаве сёлета зафіксаваныя чатыры смерці. У выпадку з 21-гадовым пінчуком Аляксандрам Коржычам, знойдзеным павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах, і камандаванне часткі, і Міністэрства абароны настойваюць на суіцыдзе. Між тым нават афіцыйнае следства адной з прычынаў трагедыі называе тамтэйшую «дзедаўшчыну».

Не вераць у афіцыйную версію сваякі ды блізкія Аляксандра

Распавядаюць: хлопец быў вернік, меў шмат планаў па вяртанні з войска.

«Ён тэлефанаваў, пытаў, цікавіўся: што мы робім, як, з чыёй дапамогаю. Размова зайшла пра тое, што калі вернецца, то мы, натуральна, адзначым яго прыход. Смяяліся, што па яго вяртанні нашай дачцэ будзе літаральна годзік – будзе яго сустракаць», – кажа Ірына Казак, сяброўка Аляксандра.

Хлопца не забівалі? Значыць давялі

Зрэшты, ад таго, з чым хлопец сутыкаўся ў часе службы і пра што паспеў распавесці блізкім, і сапраўды, хоць ты рукі на сябе накладай. Нават на пахаванні жаўнера ягоныя камандзіры не падышлі да мамы Сашы Святланы Мікалаеўны ды не выбачыліся за смерць ейнага сына.

«Ён кажа: «Мама, сяржанты прыводзяць прастытутак сюды ўначы, падымаюць баявую трывогу, нас усіх шыхтуюць. І яны тых баб маюць па поўнай праграме – і гэтак цэлую ноч!», – распавядае пра ўражанні сына ад арміі Святлана Коржыч, маці загінулага.

Рэкет «дзядоў»

Адзін дзень жыцця ў частцы ў Печах «каштаваў», паводле загінулага ды ягоных саслужыўцаў, Br 15. Аляксандр прасіў у сваякоў і сяброў, каб тыя рэгулярна дасылалі яму грошы, якія затым, як выявілася, бясследна зніклі – агулам за 4 месяцы каля Br 900. Таксама як і дарагі тэлефон жаўнера…

«Грошы здымаліся з банкаматаў і растрачваліся недзе па-за горадам, у горадзе. Гаварыў, што там капец адбываецца. Але і гаварыў, маўляў, вось прыеду, тады і распавяду, а тут я баюся гаварыць, бо тут вакол мяне шмат людзей знаходзіцца», – узгадвае Ілля Казубоўскі, сябар Аляксандра Коржыча.

Што ж чакала тых, хто не мог выкупіць свайго жыцця?

«Саша распавядае: «Мама, я тут такіх жахаў наглядзеўся! Падымаюся ўначы: не ведаю, нейкія крыкі ці што. Заходжу ў прыбіральню: хлопец вісіць!» Я кажу: «Як вісіць?»«Ну як вісіць? Пачаў я крычаць, падняў я яшчэ трох хлопцаў – і мы яго ўратавалі…», – пераказвае словы сына маці.

Аніводзін з сяржантаў пры гэтым нават пальцам не паварушыў. Паводле мамы, Саша хацеў, каб пра невыноснае жыццё ў частцы даведаліся іншыя.

«Кажа: «Уначы на шыю адзяваюць хамут, а ў гэтым хамуце – іголкі. І цэлую ноч трэба мыць унітаз». Я кажу: «Як? І што, і ты гэты ўнітаз мыў цэлую ноч?»«Мама, я мыў зубной шчоткай, чысціў умывальнік, а ў гэты час іншы салдат, мой сябар, сядзеў над унітазам у гэтым хамуце», – апісвае рэаліі вайсковай службы Святлана Коржыч.

Вайсковыя начальнікі настойваюць на версіі суіцыду

Маўляў, хлопец мог мець праблемы з дзяўчынаю або прагуляўся ў азартныя гульні. І гэта пры тым, што Аляксандра знайшлі з кашуляю на галаве ды з завязанымі нагамі, моцна збітага і са слядамі на шыі, характэрнымі не для самазадушэння, а менавіта для гвалтоўнай смерці.

Валеры Руселік, «Белсат», фота: Аркадзь Собалеў / dengi.onliner.by