Жаўнер з Печаў, які дапамагае сям'е Коржыча ва ўласным расследаванні, скардзіцца на пагрозы


Жаўнер тэрміновай службы Сяргей (імя зменена ў мэтах бяспекі), які дапамагаў сваякам загінулага жаўнера Аляксандра Коржыча ва ўласным расследаванні, атрымлівае пагрозы.

Пра гэта belsat.eu паведаміў Юры – «неабыякавы грамадзянін» (як ён сам кажа пра сябе), які збірае інфармацыю па справе Коржыча і перадае яе сваякам загінулага жаўнера.

Спачатку Сяргей атрымаў «Вконтакте» паведамленне ад карыстальніка пад нікам «Алег Ткачоў» (старонка падобная на фэйкавую), які абяцае, што жаўнера ўжо «замовілі» і цяпер павесяць. Потым паведамленні ў мэсэнджэры ад «Аляксея Піваварава» з настойлівай просьбай пагутарыць атрымала дзяўчына Сяргея, у якой пыталіся, калі яна звычайна вяртаецца да хаты.

Журналіст belsat.eu пагутарыў і з самім Сяргеем – 19-гадовым жаўнерам тэрміновай службы, які быў прызваны ў войска 31 траўня і служыць цяпер у Пячах.

«Я пачаў дапамагаць Юрыю – даведаўся супраць каго справы распачалі, імёны сяржантаў, імёны медыкаў і іхныя званні і г.д. Але потым гэта неяк прасачылася і мне пачалі пагражаць», – кажа Сяргей.

Паводле жаўнера, нібыта да яго дзяўчыны таксама прыходзілі невядомые людзі ў міліцэйскай форме і задавалі наконт яго пытанні.

Асабіста з Аляксандрам Коржычам Сяргей не быў знаёмы – які хоць былі і з аднаго прызыву, але служылі ў розных падраздзяленнях. Суразмоўца belsat.eu сцвярджае, што следчыя па справе Коржыча яго не дапытвалі. На ціск з боку сваіх камандзіраў жаўнер не скардзіцца.

У сваю чаргу карыстальнік пад нікам «Алег Ткачоў» адказаў «Вконтакте» журналісту belsat.eu, што ягоныя пагрозы жаўнеру з Пячэй не маюць дачынення да справы Коржыча, іх не трэба прымаць усур’ёз і звязаныя яны выключна з асабістай непрыязнасцю да Сяргея.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.

Па стане на 1 лістапада па крымінальнай справе аб гібелі Коржыча прад’яўлена абвінавачванне 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх – адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных.

Трэба адзначыць, што сябры і сваякі Аляксандра Коржыча працягваюць збіраць звесткі пра абставіны трагедыі ў Пячах. У прыватнасці, інфармацыю збіраюць у сацыяльных сетках у суполцы імя Коржыча, на якую падпісаныя больш за 6000 чалавек.

ІІ, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў