Сярэдні заробак беларусаў упаў


Амаль мінус 4% да леташняга. Такія лічбы падае новая статыстыка Белстату, у якой сярэдні заробак у Беларусі за жнівень 2016 году склаў 750,3 рублёў, што складае толькі 96,1% ад сярэдняга заробку ў жніўні летась.

Сярэдні заробак за студзень-жнівень 2016 году склаў 711,4 рублёў – 95,9% ад такога самага перыяду ў мінулым годзе.

Найбольш у жніўні зараблялі ў беларускай сталіцы – 1022,8, што на 1,7% менш, чым у жніўні 2015 году. Самыя бедныя – жыхары Магілёўшчыны, дзе сярэдні заробак складае 645,3 рубля. Больш за ўсё паказнік сярэдняга заробку ўпаў на Гарадзеншчыне – на 7,2% (да 650,6 рублёў).

Чытайце таксама >>> У Беларусі кожны дзень з’яўляюцца ў сярэднім 650 новых беспрацоўных

Спецыялісты IT-сферы зарабілі найбольш – 3304 рублі за жнівень, 3523,5 рубля за апошнія восем месяцаў.

Няблагая сітуацыя ў нафтавікоў, рабочых хімічнай галіны (1239,8 і 1 359,9 адпаведна), а таксама ў авіяцыі, дзе сярэдні заробак за жнівень склаў 2237,5 рубля.

Найбяднейшыя – працаўнікі бібліятэк, архіваў, музеяў (418,7 рубля за жнівень) ды адукацыі. Дрэнна і ў сельскай гаспадарцы: мінус 11,8% да жніўня 2015 года.

Сітуацыя ў беларускай эканоміцы пагаршаецца. Валавая замежная запазычанасць, якая пры ранейшым памеры эканомікі здавалася не такою вялікаю, стала складаць 85 % ад ВУП. Эксперты кажуць, што дзяржаўны доўг Беларусі перакрочыў крытычны парог. МВФ прымушае Лукашэнку пайсці на рэформы. Нядаўна ўлады прызналі, што сёлета прагназаванага эканамічнага росту дасягнуць не ўдасца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў