У Беларусі кожны дзень з’яўляюцца ў сярэднім 650 новых беспрацоўных

video

Рост беспрацоўя беспрэцэдэнтна паскараецца. Кожны рабочы дзень шэрагі працаўладкаваных змяншаюцца на чарговыя 650 чалавек. Гэткія звесткі пра Беларусь абнародавала міжнародная даследніцкая арганізацыя «Case Research».

Сітуацыя на рынку працы паляпшаецца, сцвярджае афіцыйная статыстыка. Паводле апошніх звестак Белстату, зарэгістраванае беспрацоўе вярнулася да леташняга ўзроўню – 1 % працаздольнага насельніцтва.

Наколькі гэта супадае з назіраннямі нашых суайчыннікаў, мы спыталіся жыхароў Менску.

«Вядома, вельмі цяжка знайсці працу», – пацвярджаюць жыхары Менску.

«Калі табе за 40, то сутыкаешся з тым, што ты нікому не патрэбны», – можна пачуць у беларускай сталіцы.

Адваротную ад афіцыйнай карціну малююць міжнародныя адмыслоўцы. Паводле даследавання цэнтру «Case Research», сітуацыя на рынку працы ў Беларусі – найгоршая за апошнія 12 гадоў. А ў параўнанні з 2009 годам колькасць працаўладкаваных беларусаў зменшылася на 300 тысяч. Цяпер гэта 4,4 млн. чалавек.

Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук заўважыў: «Паколькі ўлады ўпарта не жадаюць паставіць дыягназ эканоміцы, то яны і не прымаюць адпаведных захадаў па лекаванні вось гэтай хваробы, якой з’яўляецца праблема беспрацоўя».

Міжнародныя даследнікі пайшлі адваротным шляхам ад Белстату. Лічылі не тых, хто абвяшчае сябе беспрацоўным, а тых, хто, наадварот, афіцыйна заняты ў эканоміцы. І іх у нашай краіне менее кожны дзень на 650 чалавек. Незалежныя прафсаюзы не сумняюцца, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца.

«Мы не бачым цяпер адказнай палітыкі па стварэнні новых працоўных месцаў», – адзначыў Аляксандр Ярашук.

Летась нават афіцыйная статыстыка прызнала наяўнасць амаль 1,5 млн працаздольных беларусаў у працаздольным узросце, якія не былі афіцыйна працаўладкаваныя.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат». Фота belprauda.org

Глядзі таксама
Каментары