Беларускія ўлады: у 2016 годзе чакаецца эканамічны рэгрэс


Тварам да рэчаіснасці. На сённяшнім паседжанні камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаннях эканамічнай палітыцы ўлады ўпершыню прызналі, што сёлета прагназаванага эканамічнага росту дасягнуць не ўдасца.

Міжнародныя і незалежныя беларускія адмыслоўцы яшчэ летась заяўлялі, што прагнозы ўраду пра эканамічны рост на гэты год былі нерэалістычныя з самага пачатку.

Улады, аднак, сцвярджаюць, што ў правале запланаваных паказнікаў вінаватае рэзкае пагаршэнне замежных умоваў.

«У існай сітуацыі назіраецца пагаршэнне замежных умоваў у параўнанні з тымі, якія былі ў першай палове году. Намі разглядаецца варыянт падзення ВУП у 2016 годзе на 2%», – прызнаўся Юрый Зузянкоў з міністэрства эканомікі.

Нізы не могуць, вярхі не хочуць

У другім паўгоддзі сёлета замежныя ўмовы для Беларусі сапраўды часткова пагоршыліся – праз газавую спрэчку з Расеяй. У адказ на недаплату Менскам за блакітнае паліва Расея скараціла пастаўкі ў нашую краіну сырой нафты. Але гэта, паводле прэмʼер-міністра Андрэя Кабякова, каштавала нашай эканоміцы толькі 0.2 % ВУПу, то бок – 0.1 % ад чаканага сёлета падзення. Адмыслоўцы канстатуюць, што асноўная прычына спаду – ухіленне ўладаў ад неабходных рэформаў, скіраваных на павелічэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі.

«Праводзяцца пэўныя рэчы або касметычныя, або тое, што зрабіць непапулярна, але досыць проста», – патлумачыў Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari».

Будзе горш, але прагноз прыгожы

А вось рэальнага пагаршэння замежных умоваў улады ў адным са сцэнароў чакаюць налета. Кошт нафты, паводле кансерватыўнага сцэнара Міністэрства эканомікі, можа знізіцца да $ 35-ці долараў за барэль – з існых 48-мі. Але нават пры такіх умовах урад на наступны год зноў упарта прагназуе рост: эканомікі – на 0.2 %, а заробкаў – на 1.5 %.

Апошнія гады ўрадавыя прагнозы – традыцыйна ў разы больш аптымістычныя, чымся рэчаіснасць. На думку старэйшага аналітыка «Alpari» Вадзіма Іосуба, налета сітуацыя будзе аналагічная. На думку адмыслоўца, пры існым, блізкім да нулявога, тэмпе рэформаў, у наступным годзе нас чакае працяг падзення эканомікі і рост беспрацоўя.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў