Як жывецца на Шаркаўшчыне, дзе самыя малыя заробкі ў краіне


Чатырнаццаць новаабраных дэпутатаў ад Віцебскай вобласці пачнуць сваю працу ў Палаце прадстаўнікоў. Толькі ці дапаможа новы склад «прызначаных» паляпшэнню эканамічнай сітуацыі на Віцебшчыне? Прынамсі жыхары Шаркаўшчынскага раёну гэтай вобласці, паводле Белстату, атрымлівалі самыя малыя заробкі ў краіне.

Гадамі Шаркаўшчынскі раён займае то апошні, то перадапошні радок у спісе самых бедных раёнаў. Цяпер жа, паводле Белстату, заробкі мясцовых жыхароў складаюць амаль 4,4 млн недэнамінаваных рублёў. Аднак фактычныя заробкі моцна адрозніваюцца ад сярэднестатыстычных.

Што кажуць самі жыхары Шаркаўшчыны?

«Я атрымліваю 200 рублёў – гэта 2 мільёны».

«У раёне не засталося ніякай прамысловасці, адкуль можа быць высокі заробак?»

«У мяне брат працуе і братоўка. Яны ўвогуле не атрымліваюць заробку. Ім плацяць праз месяцы тры».

«Цяжка з працаўладкаваннем, у арганізацыях і на вытворчасці ідуць скарачэнні».

«Прыватны бізнес з цяжкасцю выжывае ў гэтым раёне».

«У кагосьці ёсць падсобная гаспадарка, за кошт яе спрабуюць выжываць, агароды, градкі свае трымаем».

Глядзіце яшчэ >>> Смерч на Шаркаўшчыне. Пашкоджаныя дзясяткі будынкаў 

Пра гэткі эканамічны цуд, калі лічбы растуць, а людзі не багацеюць, мы пастанавілі распытаць старшыню Шаркаўшчынскага райвыканкаму. Амаль гадзіну сакратарка Мікалая Баговіча трымала нас на тэлефоннай лініі абяцаннямі, што кіраўнік вось-вось адкажа.

«Адну секундачку. Ён проста крыху заняты быў, таму сышоў. Зараз падыдзе назад, толькі рукі памые», – казала сакратарка з Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэту.

Падобна, што «мыюць рукі» і іншыя чыноўнікі, што дзеля павышэння пакідаюць родную Віцебшчыну. Гэтак былыя кіраўнікі Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец і Уладзімір Андрэйчанка занялі высокія пасады ў сталіцы. Першы ўзначальвае Адміністрацыю прэзідэнта, а другі старшыняваў у Палаце прадстаўнікоў. Аднак Віцебшчыне такое высокае прадстаўніцтва нічога не дало. Ці можна мець спадзевы на амаль паўтара дзясятка новаабраных дэпутатаў? Як мяркуе грамадская дзяячка Вольга Карач, самая па сабе іх прысутнасць у Палаце прадстаўнікоў сітуацыі ў рэгіёне не палепшыць.

«Каб дэпутаты працавалі добра, трэба каб людзі былі актыўныя», – падкрэсліла Вольга Карач.

Песімістычныя прагнозы даюць і эканамісты.

«У Віцебскай вобласці пачалася дэпапуляцыя ў вясковай мясцовасці, а зараз і ў гарадской. Гэта мясцовасць у Еўропе, якая вымірае, нічога там добрага не будзе», – адзначыў эканаміст Міхал Залескі.

Выйсце, як мяркуе эканаміст, толькі адно: «Аддаць зямлю тым, хто яе апрацоўвае – гэта самая простая рэформа».

Аднак ніводзін з абраных дэпутатаў такога пункту ў сваёй праграме не мае, а значыць, на найбліжэйшыя 4 гады працы новага парламенту жыхарам Шаркаўшчынскага раёну пераменаў чакаць не варта.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Стужка навінаў