Дзяржаўны доўг Беларусі перакрочыў крытычны парог


Ад $ 70 мільярдаў у 2013 годзе да $ 46 мільярдаў сёлета. Гэтак валавы ўнутраны прадукт нашай краіны зменшыўся ў выніку дэвальвацыі ды эканамічнай рэцэсіі.

Валавая замежная запазычанасць, якая пры ранейшым памеры эканомікі здавалася не такою вялікаю, стала складаць 85 % ад ВУП.

З пачатку 2000 году валавы замежны доўг Беларусі павялічыўся амаль у 20 разоў. З 2014 г. нарошчванне замежнага доўгу спынілася, але, каб вяртаць старыя пазыкі, улады пачалі актыўна перапазычаць унутры краіны.

Агулам валавы замежны і ўнутраны доўг нашай краіны цяпер амаль зраўняўся з гадавым аб’ёмам айчыннай эканомікі. Адмыслоўцы тлумачаць: гэта – расплата за ілюзію паспяховасці неэфектыўнай эканамічнай мадэлі.

«Гэта была падтрымка фіксаванага абменнага курсу, які ў нас дзейнічаў з 2003 па, фактычна, канец 2014 году. І большую частку пазыкаў мы бралі з 2009 па 2014 год», – тлумачыць Дзмітрый Крук, эканаміст кампаніі «Beroc».

Найбагацейшыя краіны маюць і вышэйшы ўзровень замежнай запазычанасці, але ім грошы пазычаюць, пад нязначны ці нулявы рэальны адсотак. А ў выпадку Нямеччыны нават даплачваюць за захаванне чужых рэзерваў. Беларусь жа, за выключэннем ільготных пазык з боку міжнародных фондаў ды краінаў-саюзніцаў, плаціць па 7–8 %, і гэта кладзецца ўсё большым цяжарам на бюджэт і, адпаведна, на падаткаплатнікаў.

«Мы перайшлі такі крытычны ўзровень запазычанасці ў дачыненні ВУП, пасля якіх гэта ўжо – перашкода для эканамічнага росту», – звяртае ўвагу Дзмітрый Крук.

Адмыслоўцы канстатуюць: непасільны даўгавы цяжар цяпер закручвае беларускую эканоміку ў спіралі падзення. Грошай на зніжэнне ўзроўню запазычанасці няма, а на выплату адсоткаў з года ў год даводзіцца вылучаць усё большую долю бюджэту.

У траўні міністр эканомікі заявіў, што сёлета бюджэтныя выдаткі прыйдзецца скараціць на 7 %, перадусім – за кошт інвестпраграмы. Гэта прывядзе да яшчэ большага падзення ВУП, і налета абслугоўванне замежных пазык стане, адпаведна, яшчэ большым цяжарам для бюджэту.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – aviewfromtheright.com

Стужка навінаў