У прыватным беларускім «калгасе» плацяць $ 1000

video

Замест Гомсельмашу і МТЗ – французская ды амерыканская сельгастэхніка «Тэкнома» і «Джон Дыр». Праца – больш інтэнсіўная, але і адпачынку паболела. Гэтак змянілася абстаноўка ў Гарадзілаўскім калгасе пасля таго, як ён перайшоў з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную.

Прыватызацыя адбылася год таму. З тых часоў новы ўласнік – расейская кампанія «Вялес-міт», закупіла новай замежнай тэхнікі на $ 2 млн.

«Пастаянна з беларускай тэхнікай праблема. Выходзім на сезон – пастаянна ламаецца. А вось мы ўзялі замежную тэхніку, ужо там, натуральна, адпачываеш і большая выпрацоўка», – распавядае механізатар «Гарадзілава» Зміцер Фарына.

Неверагодныя заробкі для беларускага сяла

Сярэдні заробак у агракомплексе «Гарадзілава» Маладзечанскага раёну – звыш Br 500, плюс жытло і харчаванне. Сюды пераязджаюць працаваць і з раённага цэнтру. У месяц прыборкі механізатары паспяваюць напрацаваць ад Br 1200 да $ 1000! У дзяржаўным калгасе расцэнкі на ўраджай падобныя, кажуць яны, але сабраць яго столькі немагчыма.

Замест прастояў месяцамі – чаканне менш за содні

«З запчасткамі нашмат прасцей, чым у дзяржаўным. Нешта зламалася – замовіў. Сёння ж, максімум на раніцу прывязуць. А ў дзяржаўным бывала і месяц стаялі на рамонце», – узгадвае Аляксандр Пшэннік, механізатар «Гарадзілава».

Яшчэ адная адметнасць дзяржаўных калгасаў – прастоі праз нястачу паліва. На суседнім буйным дзяржаўным аграпрадпрыемстве прызнаюць: такія праблемы – хранічныя для ўсяго дзяржсектару.

Некаторыя злуюцца пераменам, бо яны смярдзяць

Што праўда, прыходу ў Гарадзілава прыватніка радуюцца не ўсе. Кампанія «Вялес-міт» збіраецца тут вырабляць кармы для двух сваіх свінакомплексаў. Адзін з іх – ля вёскі Солы, на сто тысячаў галоў, ужо будуецца. Другі – пакуль яшчэ не – праз пратэсты мясцовых жыхароў. Рэч у тым, што ўлады дазволілі будаваць яго на ўзвышшы, адкуль грунтавыя воды ідуць у наваколле. Адкрытыя ямы для свінога гною плошчаю 18 гектараў плануюць размясціць за 2-3 кіламетры ад трох паселішчаў. Жыхары вёскі Палачаны асцерагаюцца паўтарыць лёс калегаў з няшчасця з суседняга раёну.

Вінавацяць жыхары, аднак, не столькі прыватніка, колькі безадказнасць мясцовых уладаў, якія вылучалі яму месца. А найвялікшыя прэтэнзіі – да дзяржаўнага свінакомплексу, што працуе апошнія 10 гадоў непадалёк ад суседняй вёскі Капачы. Яго пабудавалі паводле ўсіх правілаў – у нізіне, на належнай аддаленасці ад паселішчаў, з нямецкаю тэхнікаю для каналізацыі ды ачышчэння адкідаў. Але праз год пасля адкрыцця экалагічныя трубы былі пашкоджаныя, на рамонт грошай бюджэт не вылучае, і тысячы тонаў непрыдатнага на ўгнаенні свінога гною цяпер вывозяць трактарамі і раскідваюць па ўсім раёне.

Закон адзін, а практыка яго выкарыстання – розная. У выніку дзяржаўныя калгасы маюць найбольш урадлівыя глебы, а прыбытак марны. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у студзені-траўні, без уліку дзяржаўнай падтрымкі, стратнымі былі тры чвэрці айчынных сельгасарганізацыяў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары