Папа гаворыць. Мужнасць белага сцяга

Папа Рымскі узняў хвалю, калі прапанаваў Украіне уступіць у перамовы з агрэсарам. Каб пазбегнуць двухсэнсоўных трактовак, працытую сказанае. Пытанне журналіста: «Ва Украіне ёсць тыя, хто заклікае здацца, выкінуць белы сцяг. Але іншыя кажуць, што гэта легітымізуе сілу, што вы пра гэта думаеце?» Адказ пантыфіка: «Гэта інтэрпрэтацыя. Але я мяркую, што мацнейшы той, хто бачыць сітуацыю, хто дбае пра народ, у каго ёсць мужнасць весці перамовы. Слова “перамовы” – адважнае слова. Калі вы бачыце, што зазнаяце паразу, што справы ідуць так сабе, вы мусіце мець мужнасць весці перамовы. Вам сорамна, але якой колькасцю смерцяў гэта скончыцца? Вядзіце перамовы своечасова, шукайце якую-небудзь краіну – пасярэдніка». Што гэта?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папа Францішак падчас аўдыенцыі з афіцыйнай студэнцкай каталіцкай харавой арганізацыяй «Pueri Cantores» у зале Паўла VI у Ватыкане. 30 снежня 2023 года.
Фота: Catholic Press Photo / IPA Agency / East News

Папа Францішак, філосаф і гуманітарый паводле адукацыі, атрыманай шмат гадоў таму ў Аргентыне, здолеў з Ватыкану разгледзець «паразу Украіны»? Магчыма, ён там валодае вялікім аб’ёмам інфармацыі, але апошняй прыкметнай падзеяй у інфармацыйным полі стаў захоп таго, што засталося ад 30-тысячнай Аўдзееўкі, баі за якую працягваліся два гады, ад самага пачатку агрэсіі. Ах жа ж, яшчэ ж галоўнакамандуючы Пуцін зняў галоўнакамандуючага Чарнаморскага флоту пасля страты фактычна 30 % караблёў.

Ці так выглядае параза? Так выглядае стомленасць. І гэта выдае ў Папу чалавека.

Мы пражылі цыкл. Ад жаху самага пачатку вайны (нагадаю, тады баяздольнасць Украіны ацэньвалася на пару тыдняў), да эйфарыі, эмацыйнага ўздыму ад таго, што разгрому не здарылася, а адбылося вызваленне паловы акупаваных тэрыторыяў і адзінага захопленага раней абласнога цэнтру – Херсону. Ды далей, да расчаравання ад безвыніковага контрнаступу 2023 года.

Гэта стомленасць. Яна не адмяняе існых ва Украіне праблемаў, але хіба іх менш у Расеі? Вельмі на тое не падобна. Маленькі штрых: каб не хваляваць расейскага выбарца перад выбарамі курсам долара, вышэйшым за 100, ужо пяць месяцаў ключавая стаўка ЦБ РФ застаецца на ўзроўні 16 %, што душыць эканоміку. І калі ачысціць паказнікі аднаўленчага росту ВУП Расеі ад раздзьмутых ваенных выдаткаў, мы пабачым працяг падзення.

Вайна каштуе велічэзнай напружанасці сілаў, як Украіне, так і Расеі. Доўгая напружанасць выклікае эмацыйнае выгаранне і тую самую стомленасць, жаданне спыніць. Як зрабіць гэта хутка? Пагадзіцца на патрабаванні агрэсара.

Вядома ж, хрысціянства. Гэта вельмі «ахвярная рэлігія». Яна пра «…падстаў левую», пра пакорлівае прыняцце і падпарадкаванне. Галоўнае – зберагчы душу, а тое, што адбываецца ў зямным жыцці, не вельмі ж і істотна. І межы дзяржаваў не важныя, і не важны спосаб іх унутранага ўладкавання. Якая розніца: дэмакратыя ці дыктатура? З гледзішча Ватыкану, дыктатура можа аказацца нават лепшай, пры ёй цішэй і спакайней, калі яна, вядома, не набывае зусім ужо людажэрскіх формаў.

Ватыкану ўсё роўна. Кіеву – не. І гэта нармальна. З гледзішча зберажэння чалавечых жыццяў «проста цяпер», Зяленскаму сапраўды варта выкінуць белы сцяг, пачаць перамовы. Але такая сітуацыя ўжо была ў гісторыі, ды неаднаразова.

Я нагадаю, у чэрвені 1941 года гітлераўскія войскі ўварваліся на тэрыторыю СССР і практычна не сустрэлі супраціву. Спыніць іх удалося толькі пад Масквой, коштам мільёнаў жыццяў. А потым быў вельмі цяжкі 1942 год. Лінія фронту праходзіла па Волзе і ўпіралася ў Каўказ. Ленінград павольна паміраў у блакадзе. Я больш чым перакананы, што тады мала хто верыў у перамогу. Ды шмат вельмі і вельмі разумных людзей, у тым ліку і ў самім СССР, разумна разважаючы, прыходзілі да высновы аб неабходнасці белага сцягу. Ды, з гледзішча логікі «проста цяпер», гэта нават выглядала разумным. Потым былі 1944 і 1945 гады. СССР з саюзнікамі перамог нацызм, заплаціўшы за гэта мільёнамі жыццяў сваіх грамадзянаў. І ў Еўропе на некалькі дзесяцігоддзяў усталяваўся мір.

Сітуацыя вельмі падобная. Ці прапаноўваў бы Папа Францішак Савецкаму Саюзу ў 1942-м «уступіць у перамовы»? Безумоўна. Гэта б выглядала лагічным і абгрунтаваным у нечалавечай сістэме каардынатаў.

У нас трохі іншая рэчаіснасць. Вайна каштуе дорага, але Украіна ваюе не толькі за сябе, сёння яна абараняе Еўропу і ўвесь свет ад новага фашызму. І Папа Рымскі ў гэтай сітуацыі – толькі стомлены ад напружанасці чалавек.

P.S. Сімптаматычна, што разважаючы пра тое, як паступіць Украіне, Папа Францішак ні слова не сказаў пра тое, як варта паводзіць сябе Расеі. Як быццам Пуцін і таварышы – не хрысціяне, на зямных мовах не размаўляюць, і звяртацца да іхных душаў марна.

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў