Як вагнэраўцы ствараюць праблему NATO, нават не атакаваўшы Польшчу. Тлумачыць Портнікаў


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абвастраюць антыпольскую рыторыку, а ў бок мяжы з Польшчай высунуліся баевікі групы Вагнэра. Ці сапраўдная пагроза, «Белсат» спытаў Віталя Портнікава. Ён тлумачыць, што сам факт пагрозы ставіць NATO перад цяжкім выбарам.

Польскія памежнікі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі.
Фота: Komendant Warmińsko-Mazurskiego Oddziału Straży Granicznej / Powiatdzialdowski.p

Украінскі журналіст і палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў разважае ў эфіры «Белсату»: даўно бачна, што ідзе «падвышэнне ставак». Яно раней ці пазней мусіла калі закрануць не рэальную тэрыторыю адной з краінаў Еўразвязу, то хаця б стаць нагодай для пагрозаў. На думку Портнікава, пагрозы Масквы могуць не абмежавацца адной толькі Польшчай, а закрануць і краіны Балтыі.

Тое, што баевікі групы Вагнэра высунуліся ў бок Сувалкскага калідору – невялікага адрэзку мяжы Польшчы і Літвы блізу гораду Сувалкі, між Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі – гэта прасоўванне ў бок ідэі, якую даўно абмяркоўваюць у расейскіх вайсковых і палітычных колах, кажа Портнікаў. Ідэя ў тым, каб «адрэзаць» краіны Балтыі ад астатняй тэрыторыі NATO, каб паказаць ім іхную «несамастойнасць» і пагрозу расейскай атакі нават пасля далучэння да NATO.

«Мы кажам аб тым, што вайна, якая распаўсюджваецца на тэрыторыю Расеі, павінна прымусіць Крэмль задумацца аб мэтазгоднасці гэтай вайны. А Крэмль заўсёды дзейнічае люстэркава: ён, магчыма, думае, што вайна, перанесеная на тэрыторыю NATO, зноў-такі ў гібрыдным выглядзе, можа прымусіць Захад задумацца аб хутчэйшым спыненні гэтай вайны, але на ўмовах, якія выгадныя і зручныя прэзідэнту Расейскай Федэрацыі», – разважае Портнікаў.

Ён цалкам дапускае правакацыі баевікоў групы Вагнэра з тэрыторыі Беларусі супраць Польшчы ці Літвы – тыя могуць прыкінуцца памежнікамі ці мігрантамі. А могуць зрабіць, як рабілі ва Украіне: проста перайсці мяжу са зброяй, але без апазнавальных знакаў. І так рабілі не толькі ў Крыме, Данецкай і Луганскай вобласцях, нагадвае Портнікаў, але і ў Адэскай, і ў Харкаўскай вобласцях у 2022 годзе дзейнічалі дыверсійна-выведныя групы.

Аналітыка
Блеф ці рэальны план агрэсіі? Чаму Пуцін і Лукашэнка пагражаюць Польшчы
2023.07.24 18:33

«Яны могуць паспрабаваць пранікнуць на памежныя тэрыторыі для таго, каб проста прадэманстраваць уразлівасць польскіх ці літоўскіх межаў: падпаліць які-небудзь памежны пункт, забіць вайскоўца або выкрасці яго, расправіцца з мірнымі жыхарамі… – прагназуе Портнікаў. – То значыць, прымусіць Польшчу знаходзіцца ў такой, я б сказаў, трывозе, а з іншага боку, прымусіць заходніх палітыкаў, польскіх палітыкаў перадусім, задумацца аб тым, як адказваць на падобныя дзеянні».

Ён бачыць дылему ў такім выпадку: ці то атакаванай краіне проста знішчыць або выгнаць дыверсантаў і ўзмацніць ахову сваёй мяжы, ці то адказаць ударам па тэрыторыі, з якой і быў напад, а значыць, па тэрыторыі Беларусі. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка жа будуць казаць, што не адказваюць за гэтых бандытаў, і калі не атрымаюць адказу па сваёй тэрыторыі, будуць ладзіць такія вылазкі перыядычна.

Віталь Портнікаў
Украінскі журналіст і палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў у эфіры «Белсату». Скрыншот: Белсат

Гэта псіхалагічная атака, для якой не абавязковы нават сам факт вылазкі, а толькі пагроза дылемы, лічыць Портнікаў:

«Гэта, я думаю, тое, чаго дамагаецца Пуцін: ён хоча паставіць Захад у чарговы раз у сітуацыю выбару між вайной і мірам, але мірам такім прыніжальным, мірам на сваіх умовах».

Які адказ NATO можа стрымаць Крэмль ад рэалізацыі пагрозы, што можа паўплываць на расейскія эліты? Портнікаў адказвае, што «расейскіх элітаў цяпер не існуе», а існуе «ўмацаванне таталітарнага рэжыму Уладзіміра Пуціна», якому дапамагла поўнамаштабная вайна ва Украіне. Але Пуціна могуць стрымаць два элементы.

Першая стрымка – галоснасць. Трэба заявіць аб адказнасці Пуціна да таго, як ён прыняў такі крок. Трэба казаць аб тым, што калі такая правакацыя адбудзецца, то ніхто на Захадзе не будзе думаць, што Пуцін за яе не адказвае. Што ніхто не верыць у непадпарадакаванасць вагнэраўцаў Крамлю і ў тое, што яны без прамога загаду з Крамля могуць «выправіцца на экскурсію ў Варшаву ці Жэшаў.

Другая – тое, што робіць прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, калі кажа, што будзе бараніць кожную цалю тэрыторыі краіны-чальца NATO. Пуцін мусіць разумець, што адказ будзе.

Агляд
Ці праўда Літва, Латвія і Польшча гатовыя закрыць межы з Беларуссю?
2023.07.29 14:25

belsat.eu

Стужка навінаў