Блеф ці рэальны план агрэсіі? Чаму Пуцін і Лукашэнка пагражаюць Польшчы


Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка распачалі супраць Польшчы кампанію псіхалагічнага ціску і шантажу, дзе ключавая роля адводзіцца ПВК Вагнэра. За кошт фактару вагнэраўцаў цяперашнія пагрозы выглядаюць больш пераканаўча, чым раней. Але рызыка маштабнай эскалацыі, хутчэй за ўсё, застаецца невысокай.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Санкт-Пецярбург, Расея. 23 ліпеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

21 ліпеня на паседжанні Савету бяспекі РФ было заяўлена, што Польшча нібыта «выношвае рэваншысцкія планы», хоча ўзяць пад свой кантроль заходнія рэгіёны Украіны і атрымаць частку беларускіх земляў. Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым падкрэсліў, што «развязванне агрэсіі супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць Расейскай Федэрацыі».

23 ліпеня падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу тэму «польскай пагрозы» падхапіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёз Пуціну мапу «перакідвання Узброеных сілаў Польшчы да межаў Саюзнай дзяржавы». Таксама Лукашэнка заявіў: палякі нібыта хочуць «адцяпаць заходнюю Украіну і далучыць да Польшчы», што будзе непрымальна для Беларусі. «Мы будзем усяляк супрацьдзейнічаць гэтаму, і я прашу, каб вы таксама глядзелі гэтае пытанне ў сябе ў плане нашай падтрымкі ўжо па заходняй Украіне», – звярнуўся ён да Пуціна.

Акрамя таго, Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы «просяцца на Захад»: хочуць «на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў» (Жэшаў – адзін з ключавых лагістычных цэнтраў, праз які ва Украіну ідзе заходняе ўзбраенне).

Лукашэнка і Пуцін паўтараюцца

Тэма «польскай пагрозы» ў кантэксце заходняй Украіны ўзнікае ў інфармацыйнай прасторы не ўпершыню. Менск на прапагандысцкім узроўні вельмі актыўна раскручваў гэтую тэму прыкладна год таму, у чэрвені-ліпені 2022 года. Тады Лукашэнка таксама казаў, што Польшча канцэнтруе войскі на мяжы з Беларусі і адзначаў, што «можа, за заходнюю Украіну прыйдзецца ваяваць, каб не адцяпалі».

«Нам давядзецца рэагаваць. Таму што мы не можам дапусціць, каб нас увогуле палякі акружылі. Гэта небяспечны варыянт. І я некалі сказаў: яшчэ ўкраінцы нас папросяць з расейцамі, каб мы ім дапамаглі захаваць цэласнасць», – абяцаў ён у чэрвені 2022 года.

У рыторыцы расейскага кіраўніцтва гэтая тэма прысутнічала яшчэ больш шчыльна. Кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў ужо сакавіку 2022 года заяўляў, што Польшча нібыта мае намер узяць пад кантроль заходнюю Украіну. Кіраўнік СВР Сяргей Нарышкін рабіў гучныя заявы пра «польскае ўварванне» ў красавіку, чэрвені, ліпені і лістападзе 2022 года. Сакратар Савету бяспекі РФ Мікалай Патрушаў у траўні 2022 года сцвярджаў, што «Польшча ўжо пераходзіць да дзеянняў для захопу заходніх украінскіх тэрыторыяў». Пуцін таксама летась заяўляў, што «ідэя паглынання Украіны» ў Польшчы «нікуды не падзелася».

Пагрозы на адрас Польшчы на ўзроўні асобных расейскіх палітыкаў, прапагандыстаў і аналітыкаў наогул пастаянна прысутнічаюць у публічнай прасторы.

Усе гэтыя заявы раней не мелі абсалютна ніякіх наступстваў. Хутчэй за ўсё, разлічаныя яны былі выключна на ўнутраную аўдыторыю. Крэмль такім чынам развіваў свой стары прапагандысцкі тэзіс аб «недадзяржаўнасці» Украіны, дэманізаваў Польшчу і спрабаваў легітымізаваць у вачах грамадства анексію ўкраінскіх тэрыторыяў Расеяй. Лукашэнка чарговы раз «падпяваў» расейскай прапагандзе, распальваў антыпольскія настроі і палохаў грамадства вонкавай пагрозай.

Той факт, што Лукашэнка і Пуцін каторы раз адпрацоўваюць старыя тэзісы пра агрэсіўныя намеры Польшчы, на першы погляд спрыяе таму, каб не ўспрымаць цяперашніх заяваў усур’ёз. Лагічна выказаць здагадку, што калі раней гэта быў блеф, то і цяпер за гэтымі словамі нічога не стаіць. Аднак паміж сітуацыяй улетку 2022-га і ўлетку 2023 года ёсць істотнае адрозненне: цяпер на тэрыторыі Беларусі з’явілася групоўка ПВК Вагнэра і, імаверна, тактычная ядравая зброя.

Аналітыка
Навошта ПВК Вагнэра перабазуецца ў Беларусь? Восем галоўных версіяў
2023.07.20 09:00

Шантаж вагнэраўцамі

Прычыны павышанай увагі Пуціна да Польшчы і заходняй Украіны відавочныя. Польшча – ключавы саюзнік афіцыйнага Кіева на еўрапейскім кантыненце, а праз заходнюю Украіну ідуць пастаўкі заходняга ўзбраення. Спыніць гэтыя пастаўкі шляхам шантажу або праз ваенную аперацыю (захоп заходняй Украіны пры дапамозе ўдару з тэрыторыі Беларусі) – гэта тое, што можа цалкам змяніць ход вайны. Па вялікім рахунку, толькі адрэзаўшы Украіну ад заходняй дапамогі, Расея атрымае шанец на перамогу.

Вырашэнне гэтага пытання выключна ваенным шляхам выглядае сцэнаром амаль што фантастычным. 10 тысяч вагнэраўцаў, якія мусяць размесціцца на тэрыторыі Беларусі, і блізка не хопіць ні для заваявання заходняй Украіны, ні для вайны з Польшчай. Тым больш, што найміты прыбываюць у краіну без цяжкой тэхнікі. Нават калі разам з вагнэраўцамі ва ўварванні прыме ўдзел беларуская армія (што вельмі малаверагодна), то сілаў для вырашэння такіх маштабных задачаў усё роўна будзе недастаткова. Каб мець рэальны шанец на поспех, Пуціну спатрэбілася б разгарнуць у Беларусі буйную армейскую групоўку, але не зразумела, адкуль Расея можа ўзяць такія рэсурсы, – усе сілы цяпер кінутыя на тое, каб адбіць украінскі контрнаступ.

Аднак калі Масква ставіць задачу не разбіць Польшчу і Украіну на поле бою, а аказаць псіхалагічны ціск, то колькасць жывой сілы і вайсковай тэхнікі робіцца другасным пытаннем. У такім выпадку вагнэраўцы, якія рвуцца «на экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў, становяцца сродкамі шантажу, прычым сапраўды вельмі небяспечным.

Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу акцэнтаваў увагу на тым, што вагнэраўцы ёсць самастойнай сілай, якую ён хоць і стрымлівае, але можа і не стрымаць. «У іх настроі дрэнныя», – заявіў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі, маючы на ўвазе, што ў наймітаў ёсць прэтэнзіі да палякаў. Такім чынам, калі вагнэраўцы пачнуць ладзіць лакальныя баявыя рэйды ў памежныя раёны Польшчы, то Лукашэнка і Пуцін могуць зрабіць выгляд, што не маюць да гэтага ніякага дачынення.

Натуральна, NATO у гэта не паверыць. Суседзі Беларусі ўжо папярэджвалі, што рэжым Лукашэнкі панясе адказнасць за любыя дзеянні наймітаў са сваёй тэрыторыі, – незалежна ад таго, кантралюе ён ПВК Вагнэра ці не. Таксама з высокай ступенню верагоднасці можна разлічваць на тое, што чальцы NATO задзейнічаюць 5-ты артыкулу статуту Альянсу, паводле якога напад на адну краіну будзе азначаць напад на ўвесь блок.

Меркаванні
Чаму «Вагнэр» небяспечны для Польшчы і краінаў Балтыі?
2023.06.30 19:07

Масква палохае павышэннем ставак

Аднак у гэтым кантэксце варта вярнуцца да заяваў Пуціна і Лукашэнкі наконт гарантыяў бяспекі для Беларусі.

21 ліпеня расейскі прэзідэнт заявіў, што развязванне агрэсіі супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць РФ. «На гэта мы будзем адказваць усімі існымі ў нас сродкамі», – заявіў ён, яўна намякаючы на ядравую зброю. Лукашэнка 23 ліпеня падкрэсліў важнасць і беспрэцэдэнтнасць такой заявы Пуціна.

Насамрэч нічога выключнага ў гэтай заяве няма: такія гарантыі даўно існуюць і дэ-факта, і дэ-юрэ – Лукашэнка сам шмат разоў хваліўся гэтым. Аднак тое, што цяпер на гэтым было вырашана зрабіць акцэнт, – зусім не выпадкова. Фактычна, гэта дазваляе зразумець, чым канкрэтна Пуцін і Лукашэнка шантажуюць Польшчу. Масква і Менск дасылаюць сігнал, што яны могуць нацкаваць на Польшчу вагнэраўцаў, а калі Польшча разам з NATO вырашыць адказаць (правесці наземную аперацыю ці зладзіць авіяўдары па базах ПВК Вагнэра ў Беларусі), то гэта будзе азначаць вайну з Расеяй і цалкам рэальную пагрозу выкарыстання ядравай зброі.

З улікам гэтага сітуацыя становіцца не настолькі відавочнай, як у выпадку рэальнай спробы ўдарыць па Варшаве ці захапіць сувальскі калідор. Рэч у тым, што 5-ты пункт статуту Альянсу не прадугледжвае аўтаматычнага абвяшчэння вайны агрэсару. Там гаворыцца пра тое, што ўсе краіны NATO распачнуць супольныя дзеянні, якія палічаць неабходнымі ў дадзенай канкрэтнай сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супольныя вучэнні інструктараў ПВК Вагнэра і беларускіх вайскоўцаў.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Крэмль можа разлічваць на тое, што з-за лакальных рэйдаў вагнэраўцаў на памежныя раёны Польшчы краіны NATO не стануць рызыкаваць уступленнем у трэцюю сусветную вайну. То бок, Альянс дапаможа Польшчы адбіць напад вагнэраўцаў, але на аперацыю супраць базаў наймітаў у Беларусі можа і не пайсці. У выніку Еўропа атрымае тлеючы памежны канфлікт, доўгатэрміновую гібрыдную пагрозу, якую цалкам зліквідаваць будзе вельмі складана. Мяркуючы па ўсім, менавіта ў гэтым гіпатэтычным сцэнары ёсць галоўная ідэя пуцінскага шантажу.

У чым выгада Прыгожына?

Разам з тым, не факт, што Расея і Беларусь здольныя пайсці нават на такую абмежаваную эскалацыю. Пуцін і Лукашэнка, безумоўна, хацелі б, каб Захад паддаўся шантажу і псіхалагічнаму ціску. Аднак калі ніхто не спалохаецца, ці могуць яны хаця б часткова зрэалізаваць свае пагрозы?

Справа ў тым, што гатовасць вагнэраўцаў паўдзельнічаць у гэтай авантуры застаецца пад вялікім пытаннем. Мяцеж 23–24 чэрвеня і ўпартае нежаданне падпарадкоўвацца Мінабароны РФ сведчыць пра тое, што Прыгожын і ягоная прыватная армія – зусім не марыянеткі Крамля. Яны не будуць пакорліва выконваць кожны загад Пуціна, калі не ўбачаць у гэтым выгады для сябе.

Яўгенію Прыгожыну выгадна распаўсюджваць чуткі пра тое, што найміты, магчыма, пойдуць на Кіеў, а магчыма – захопяць сувальскі калідор (падобныя ўкіды вагнэраўскія Telegram-каналы актыўна шыраць). Гэта вельмі добры піяр, які не прадугледжвае ніякіх выдаткаў. А вось рэальнае ўварванне ў Польшчу ці заходнюю Украіну – гэта аперацыі, дзе вагнэраўцы рызыкуюць быць знішчанымі без шанцаў на рэальны поспех. Не зразумела, навошта Прыгожыну так рызыкаваць: прыватная армія – ягоны галоўны актыў і адначасова страхоўка ад помсты Пуціна. Ён не можа дазволіць сабе страціць ПВК Вагнэра як рэальную баявую адзінку.

Таму пакуль рыторыка Пуціна і Лукашэнкі ўсё-такі больш падобная на блеф. Хаця пераўтварэнне блефу ў рэальную пагрозу цалкам выключаць нельга.

Аналітыка
Ад мяцяжу да поўнамаштабнай вайны. Чым размяшчэнне ПВК Вагнэра небяспечнае для Беларусі
2023.07.18 07:15

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў