Украіна чакае абстрэлаў, Пуцін не бачыць сэнсу ў жыцці расейцаў. Галоўнае пра вайну за тыдзень


Лінія фронту вайны ва Украіне слаба мяняецца амаль тры тыдні – пасля вызвалення правабярэжнай Херсоншчыны. Маштабных абстрэлаў не было ўжо тыдзень. Але людзі працягваюць гінуць, а Уладзімір Пуцін публічна кажа, што не бачыць у гэтым кепскага. «Белсат» расказвае, што адбылося на фронце з 24 лістапада.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на фронце.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Масіраваных абстрэлаў даўно не было. Украіна непакоіцца

23 лістапада Расея нанесла чарговы сканцэнтраваны ракетны ўдар па Украіне – зноў цэліла ў энергетычную інфраструктуру, каб пакінуць украінцаў без святла і цяпла перад зімой. Але тыдзень пасля гэтага не было параўнальных масіраваных абстрэлаў – толькі ўдары па асобных гарадах.

Ва Украіне падазраюць, што Расея можа аднавіць масіраваныя ракетныя ўдары і рыхтуюцца да наступстваў. Ва ўкраінскіх гарадах адкрываюць «пункты нязломнасці», у якіх можна будзе пагрэцца і набраць вады ў выпадку пашкоджання энергасістэмы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратавальнікі ліквідуюць наступствы ракетных абстрэлаў. Дняпро, Украіна. 26 лістапада 2022 года.
Фота: ДСНС України / Telegram

Украінцаў увесь час папярэджваюць пра пагрозу новых удараў, часам абвяшчаюць паветраныя трывогі. Але дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч ледзь не наракае: давялося падымаць самалёты на некалькі гадзінаў, а атакі не было.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг кажа, што Расея збіраецца «выкарыстаць зіму як зброю», таму саюзнікі Украіны працуюць над павелічэннем дапамогі – як вайсковай, так і гуманітарнай.

Hавiны
Еўракамісія збіраецца выкарыстаць замарожаныя 320 мільярдаў еўраў Расеі для дапамогі Украіне
2022.11.30 13:48

Мапа баявых дзеянняў не мяняецца, але баі трываюць

На мапах, якія розныя выданні складаюць з адкрытых крыніцаў, практычна не відаць зменаў за тыдзень. Расейскія войскі хіба крыху прасунуліся пад Бахмутам Данецкай вобласці, але «поспехі» – некалькі ўзятых паселішчаў і пара кіламетраў. Украінскія войскі, падобна, канцэнтруюцца не толькі на абароне, але і на спробе контрнаступу на лініі Сватава – Крэмінная. Таксама інтэнсіўныя баі ідуць каля Паўлаўкі і Вуглядару Данецкай вобласці.

Ды баі даюцца вялікай цаной што Расеі, што Украіне. І інтэнсіўнасць баёў можа вырасці бліжэйшым часам, калі зямля замерзне і стане больш прыдатнай для руху цяжкой тэхнікі.

Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за тыдзень 24–30 лістапада Расея страціла звыш 3000 чалавек асабовага складу (агулам з 24 лютага – амаль 89 000), 16 танкаў, 31 бронемашыну, 2 самалёты, 13 артылерыйскіх сістэмаў і адзін сродак супрацьпаветранай абароны, 15 беспілотнікаў і ніводнай крылатай ракеты.

Страты Украіны таксама не малыя, але дакладныя лічбы невядомыя. Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заяўляла, што ва Украіне загінулі каля 100 000 вайскоўцаў і каля 20 000 мірных жыхароў. Але за такую заяву яе раскрытыкаваў украінскі бок, а адпаведны тўіт яна выдаліла. Генштаб ЗСУ падкрэслівае, што лічбы ўкраінскіх стратаў закрытыя, але словы фон дэр Ляен дазваляюць прыцягнуць Расею да адказнасці і пакараць вінаватых у тым, што Украіна лічыць генацыдам.

Hавiны
Ці нападзе Беларусь на Украіну ў канцы лістапада? Украінская выведка ўпэўненая, што не
2022.11.26 16:10

Расеі не хапае сілаў пашырыць наступ – магчымая новая мабілізацыя

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Расея мае на мэце захапіць усю Данецкую вобласць Украіны (якую, як і Херсонскую, абвясціла сваёй цалкам). На Херсоншчыне расейскія войскі будуюць дзіўныя ўмацаванні – толькі на дарогах, нібы хочуць не спыніць, а толькі запаволіць украінскі контрнаступ.

Расейскія дзяржаўныя медыі і праўладныя блогры спрабуюць падрыхтаваць грамадскасць да другой хвалі «частковай мабілізацыі», адзначае ISW, але непрыхаваная ўсеагульная мабілізацыя застаецца малаімавернай. Ужо мабілізаваныя не ўплываюць на хаду баявых дзеянняў (хоць падобна, што іх кінулі на асноўныя лініі абароны), затое кепскае забеспячэнне мабілізаваных шырока абмяркоўваецца ў расейскай інфармацыйнай прасторы.

Брытанская выведка мяркуе, што ў Расеі масава мабілізуюць людзей з хранічнымі хваробамі, якія не даюць паўнавартасна ваяваць, і мабілізаваныя масава гінуць. Выглядае на тое, што маральны стан мабілізаваных вельмі кепскі.

Ходзяць чуткі, нібы наступная хваля мабілізацыі можа пачацца 10 снежня, але пацвярджэння няма. Таксама ходзяць чуткі аб планах Расеі адступаць з Запарожжа і здаць Запарожскую АЭС, але гэтую інфармацыю абвяргае Крэмль.

Як сцвярджае «Медуза», закрытае сацыялагічнае апытанне на замову Крамля паказала, што толькі 25 % расейцаў выступаюць за працяг вайны, а 55 % хочуць перамоваў з Украінай. Стаўленне да вайны ў расейцаў рэзка пагоршылася з лета, вынікае са звестак апытанняў. Ва Украіне пра нейкія падобныя змены настрояў не паведамлялі.

Hавiны
18-гадовы ветэран Глеб Гунько: Былым ваярам трэба дапамога з рэабілітацый і легалізацыяй
2022.11.29 22:32

Пуціну не шкада забітых

Уладзімір Пуцін 25 лістапада сустрэўся з маці і родзічамі загінулых ва Украіне вайскоўцаў. Ягоная прамова шмат каго здзівіла як у Расеі, так і за мяжой. Пуцін разважаў, што «мы ўсе смяротныя», «пытанне ў тым, як мы жылі», а некаторыя вунь «жывуць незразумела як», бессэнсоўна паміраюць ад алкагалізму ці дарожных здарэнняў – не тое, што тыя, якія гінуць на вайне. Напрыклад, папулярны ў Расеі блогер Максім Кац назваў сустрэчу здзекам з маці загінулых і крытыкаваў Пуціна за цынізм.

Пазней высветлілася, што прынамсі некаторыя ўдзельніцы сустрэчы з Пуціным – былыя або дзейныя чыноўніцы. Медыі адзначалі, што ўдзельніцы сустрэчы не ставілі Пуціну вострых пытанняў. Крытыкаў вайны на сустрэчу не пусцілі.

Hавiны
У Ізюме расейцы падчас акупацыі забілі ўкраінскага пісьменніка, які выдаў анталогію беларускай паэзіі
2022.11.29 08:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў