Ці нападзе Беларусь на Украіну ў канцы лістапада? Украінская выведка ўпэўненая, што не


Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны заўважыла чуткі аб магчымым нападзе з боку Беларусі і заклікала «не паддавацца на правакацыі». Паводле чутак, напад з удзелам беларускіх войскаў мусіў пачацца ў канцы лістапада.

Кантрольныя заняткі з навабранцамі 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Беларусь. 24 лістапада 2022 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Чуткі хадзілі аб тым, што спачатку 25–28 лістапада, а пазней – 28–29 лістапада на Украіну з поўначы будзе новы напад, у якім возьмуць удзел войскі як Расеі, так і Беларусі. Перад гэтым уварваннем, паводле чутак, мусілі быць масаваныя ракетна-авіяцыйныя атакі.

Украінская выведка ўпэўненая, што гэта «ўкіды», мэта якіх – справакаваць Украіну перакінуць значную частку войскаў на мяжу з Беларуссю, каб пасеяць паніку ва Украіне, паслабіць наступальны патэнцыял Збройных сілаў Украіны на поўдні і ўсходзе, а заадно «паказаць беларусам нібыта намеры нашай дзяржавы атакаваць тэрыторыю Беларусі, тым самым справакаваць беларусаў уступіць у вайну».

Грамадзянаў Украіны заклікалі не паддавацца на правакацыі, верыць толькі афіцыйным крыніцам інфармацыі. Выведка абяцае, што сілы абароны Украіны гатовыя адбіць атаку з поўначы, але цяпер у Беларусі адсутнічае ўдарная групоўка, здольная на ўварванне.

Уварванне з боку Беларусі называюць малаімаверным і іншыя крыніцы, як то амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Але 24 лістапада Генеральны штаб ЗСУ выдаў дзіўнаваты зварот да беларускіх вайскоўцаў, у якім прапанаваў тым патрабаваць ад кіраўніцтва выканання Канстытуцыі і паведамляць у міліцыю пра падазроных людзей блізу аб’ектаў крытычнай інфраструктуры.

Аналітыка
Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні
2022.11.24 12:30

Тыдзень таму тая самая ўкраінская выведка заяўляла, што расейскія спецслужбы «ў бліжэйшы час» плануюць тэракты на беларускіх аб’ектах крытычнай інфраструктуры ў Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях Беларусі, у тым ліку на БелАЭС. Адказнымі за тэракты нібыта планавалі назваць грамадзянаў краінаў NATO і Украіны, нібыта пераапранутых у беларускую вайсковую форму. Тэракты, аб якіх папярэджвала ўкраінская выведка, пакуль не адбыліся.

Што з таго анонсу адбылося, дык гэта затрыманне нелегальных мігрантаў у незвычайным месцы: у ноч на 26 лістапада памежнікі Жытомірскага памежнага атраду затрымалі шасцёх грамадзянаў Пакістану і Бангладэшу, якія расказалі, што да мяжы з Украінай іх давезлі людзі ў вайсковай форме – імаверна, беларускія памежнікі. Жытомірскі памежны атрад адказны за мяжу з Гомельскай вобласцю Беларусі, што далёка ад Польшчы і Літвы, куды звычайна кіруюцца мігранты для незаконнага пераходу мяжы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў