Еўракамісія збіраецца выкарыстаць замарожаныя 320 мільярдаў еўраў Расеі для дапамогі Украіне


Старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен абвясціла пра палітычныя і фінансавыя планы Еўрапейскага Звязу адносна падтрымання Украіне ў ейным супрацьстаянні расейскай агрэсіі.

«Расейскае ўварванне ва Украіну прынесла смерць, разбурэнні і невымоўныя пакуты. Мы ўсе памятаем жахі Бучы. Расея павінна заплаціць за свае жудасныя злачынствы, уключаючы злачынства агрэсіі супраць суверэннай дзяржавы», – сказала кіраўніца Еўракамісіі.

Яна прапанавала стварыць у дадатак да Міжнароднага крымінальнага суда адмысловы суд, падтрыманы Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў, «каб расследаваць і караць расейскае злачынства агрэсіі».

«Мы гатовыя пачаць працу з міжнароднай супольнасцю, каб зрабіць магчымым найшырэйшае міжнароднае падтрыманне гэтага адмысловага суда», – заявіла фон дэр Ляен.

Абноўлена
«Найгоршая санкцыя супраць Расеі – падзенне дыктатуры Лукашэнкі» – кіраўнік МЗС Эстоніі
2022.11.30 10:52

Таксама, паводле яе, Расея мусіць заплаціць фінансава за разбурэнні. У прыватнасці, Украіна ацаніла шкоду на 600 мільярдаў еўраў.

«Расея і ейныя алігархі мусяць кампенсаваць Украіне страты і пакрыць выдаткі на адбудову краіны. І ў нас ёсць сродкі, каб змусіць Расею заплаціць. Мы заблакавалі 300 мільярдаў еўраў з рэзерваў расейскага Цэнтрабанку і замарозілі 19 мільярдаў еўраў расейскіх алігархаў. Неўзабаве разам з нашымі партнёрамі мы можам стварыць структуру, каб распараджацца гэтымі сродкамі і інвеставаць іх. Затым мы будзем выкарыстоўваць даходы для Украіны. І калі санкцыі будуць знятыя, гэтыя сродкі будуць выкарыстаныя для таго, каб Расея цалкам кампенсавала шкоду, нанесеную Украіне», – сказала палітык.

Яна падкрэсліла, што Еўразвяз разам з партнёрамі распрацуе адпаведнае міжнароднае пагадненне і знойдзе «законныя сродкі, каб зрабіць гэта».

«Жудасныя злачынствы Расеі не застануцца непакаранымі», – адзначыла фон дэр Ляен.

Hавiны
Расею асудзілі на рэпарацыі Украіне? Разбіраем, што прыняла Генеральная асамблея ААН
2022.11.15 16:10

Нагадаем, што Генасамблея ААН прыняла 14 лістапада рэзалюцыю аб рэпарацыях Украіне з боку Расеі. Рэзалюцыю падтрымалі 93 краіны, 13 краінаў прагаласавалі супраць.

Генасамблея «прызнае неабходнасць» стварэння ў супрацы з Украінай міжнароднага механізму для кампенсацыі шкоды і стратаў, а таксама «рэкамендуе» стварыць у супрацы з Украінай міжнародны рэестр для рэгістрацыі доказаў шкоды і стратаў усіх фізічных і юрыдычных асобаў, а таксама Украіны як дзяржавы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў