«Дзеля тэрактаў у ЕЗ». Павел Латушка даведаўся аб выдачы вагнэраўцам беларускіх пашпартоў


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў, што ўжо месяц баевікам ПВК Вагнэра выдаюць беларускія пашпарты. На ягоную думку, гэта можа рабіцца з мэтаю ўчыніць тэракты або дыверсіі ў краінах Еўразвязу, перадае польскае агенцтва PAP.

Інструктары з ПВК Вагнэра падчас сустрэчы з байцамі з 51-й артылерыйскай брыгады ў Асіповічах. Публікацыя ад 27 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр который знает весь мир / vk.com

Як адзначыў старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, дзякуючы беларускім пашпартам найміты могуць трапіць у ЕЗ, каб учыняць дыверсіі і тэракты:

«Паводле спраўджанай намі інфармацыі, вагнэраўцы атрымліваюць сапраўдныя беларускія пашпарты, аднак, натуральна, аформленыя на несапраўдныя імёны і прозвішчы. Таму яны могуць трапіць на тэрыторыю Еўразвязу наўпрост праз памежныя пераходы».

Колькі ўдзельнікаў ПВК Вагнэра атрымалі такія дакументы, Латушка не ўдакладніў, аднак сказаў, што афармленне трывае ўжо месяц.

Паводле ацэнак палітыка, у Беларусі застаюцца некалькі тысячаў баевікоў. Як сказаў Латушка, Аляксандр Лукашэнка не хацеў бы, каб яны з’язджалі, аднак на ўтрыманне наймітаў няма грошай. Кіраўнік НАУ мяркуе, што нехта паедзе ў Афрыку, нехта падпіша кантракты з Міністэрствам абароны Расеі, нехта звольніцца, а нехта застанецца ў Беларусі.

«Некалькі соцень ужо падпісалі кантракты з Міністэрствам абароны Беларусі, яны застануцца на тэрыторыі краіны. Як варыянт яны застануцца ў складзе сілаў спецыяльных аперацыяў і могуць быць выкарыстаныя для стварэння праблемаў на мяжы, у тым ліку «маючы супрацу» з мігрантамі, якія штодзень атакуюць межы Польшчы, Літвы і Латвіі», – падсумаваў Павел Латушка.

Рэпартаж
Польшча і краіны Балтыі назвалі дзве прычыны, праз якія могуць закрыць межы з Беларуссю
2023.08.28 15:28

Вагнэраўцы пачалі прыбываць у Беларусь пасля спробы вайсковага мяцяжу ў Расеі. У нашай краіне, як сцвярджаюць чыноўнікі, баевікі трэнуюць вайскоўцаў, паведамлялася таксама пра іхныя сустрэчы з дзецьмі.

Кіраўнікі ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын і Дзмітрый Уткін загінулі ў авіякатастрофе ў Цвярской вобласці Расеі 23 жніўня, роўна праз два месяцы пасля паўстання.

Аналітыка
Эскалацыйны статус-кво. Якія наступствы будзе мець гібель Прыгожына для Беларусі
2023.08.24 19:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў