news
Аналітыка
Эскалацыйны статус-кво. Якія наступствы будзе мець гібель Прыгожына для Беларусі
Ці пакінуць вагнэраўцы Беларусь і ці адбудзецца разрадка ў стасунках з суседзямі?
24.08.202319:21

Ці пакінуць вагнэраўцы Беларусь пасля смерці Яўгенія Прыгожына і што ўвогуле цяпер будзе з гэтай групоўкай? Як ліквідацыя вярхоў ПВК Вагнэра паўплывае на стасункі афіцыйнага Менску з Захадам і з Расеяй? Belsat.eu спрабуе адказаць на найважнейшыя пытанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія вайскоўцы аглядаюць частку разбітага прыватнага самалёту, на якім сярод пасажыраў значыцца заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын і галоўны камандзір наймітаў Дзмітрый Уткін, ў Цвярской вобласці, Расея. 24 жніўня 2023 года.
Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News

Увечары 23 жніўня стала вядома пра крушэнне ў Цвярской вобласці бізнес-джэта Embraer Legacy 600, якія належаў заснавальніку ПВК Вагнэра Яўгенію Прыгожыну. Відэа падзення не пакідае сумневаў у тым, што ў паветры адбыўся выбух: самалёт набліжаецца да зямлі плазам, за ім цягнецца струмень дыму. Відавочцы таксама распавядалі, што чулі два выбухі. Выданне Financial Times са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе, што самалёт быў збіты расейскай зенітна-ракетнай сістэмай. Паводле расейскіх медыяў, разглядаецца таксама версія аб тым, што ў адсек шасі была закладзеная выбухоўка.

Расавіяцыя заявіла, што Яўгеній Прыгожын і галоўны камандзір наймітаў Дзмітрый Уткін былі ў спісе пасажыраў самалёта. Пры гэтым афіцыйных пацверджанняў, што яны сапраўды загінулі няма – ідэнтыфікацыя знойдзеных трупаў на момант напісання тэксту яшчэ не адбылася. Аднак гібель Прыгожына і Уткіна фактычна ні ў каго не выклікае сумневаў.

Пасля мяцяжу вагнэраўцаў 23-24 чэрвеня шмат хто прадказваў, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, нягледзячы на ўсе публічныя гарантыі, не даруе Прыгожыну бунта і раней ці пазней заб’е яго. Кіраўнік праекту «Bellingcat» Хрыста Грозэў прагназваў, што праз паўгода Прыгожын або будзе забіты, або ўчыніць новы мяцеж. Як высветлілася, паўгода чакаць было не трэба.

Агляд
ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу
2023.08.15 08:00

(Не)ануляваная ўгода

Галоўная загадка цяпер: што будзе з ПВК Вагнэра ў Беларусі?

Размяшчэнне наймітаў у Беларусі было часткай угоды Прыгожына і Пуціна, якая паклала канец мяцяжу 23-24 чэрвеня. Лукашэнка даў мяцежнікам гарантыі бяспекі і пагадзіўся, што вагнэраўцы нейкі час «перакантуюцца» ў Беларусі, пакуль не вызначацца, чым ім займацца далей. А заадно – будуць трэнаваць лукашэнкаўскіх сілавікоў.

Амаль шэсць тыдняў таму, 15 ліпеня, стала вядома, што ў Беларусь прыбыла першая вялікая калона Групы Вагнэра. Цягам ліпеня колькасць наймітаў у краіне нарошчвалася, дасягнуўшы, паводле некаторых звестак, 6,5–7 тысячаў байцоў.

У пачатку жніўня пачалі распаўсюджвацца чуткі, што найміты пакідаюць краіну. У чаце сваякоў наймітаў адно за іншым сталі з’яўляцца паведамленні, быццам вагнэраўцаў вывозяць з Беларусі – адпраўляюць дамоў у адпачынак, а потым тых, у каго ёсць замежны пашпарт, імаверна, выправяць у Афрыку. 19 жніўня ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву паведамляў, што праз гэта групоўка ў Беларусі нібыта скарацілася да 4,4 тысячы чалавек. 24 жніўня «Радыё Свабода» апублікавала спадарожнікавыя здымкі, з якіх вынікае, што ў галоўным лагеры вагнэраўцаў каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну за апошнія тыдні была дэмантаваная траціна ўсіх намётаў. Праўда, скарачэнне лагеру яшчэ не даказвае, што найміты сапраўды пакідаюць краіну. Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» вывада вагнэраўцаў з лагеру ў Асіповіцкім раёне не фіксаваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы ПВК Вагнэра стаяць ля стыхійнага мемарыялу з партрэтамі Яўгена Прыгожына і Дзмітрыя Уткіна ля мясцовага офісу ПВК Вагнэра ў Новасібірску, Расея. 24 жніўня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

З аднаго боку можа падавацца, што смерць Прыгожына анулюе ўгоду, паводле якой ПВК Вагнэра перабазавалася ў Беларусь, і аўтаматычна прывядзе да вываду наймітаў з краіны. Аднак праблема заключаецца ў тым, што насамрэч ніхто не ведае на якіх умовах і з якімі мэтамі вагнэраўцаў перакідвалі ў Беларусь – на гэты конт існуе багата версіяў. Большасць з іх персанальна на асобу Прыгожына не завязаныя. Няхай гэта будзе лагістычны хаб для перакідвання ў Афрыку, гібрыдная агрэсія супраць NATO, шантаж Еўропы ці «траянскі конь» для Лукашэнкі – ні адна з гэтых патэнцыйных мэтаў сама па сабе не губляе сэнс са знікненнем Прыгожына. Ва ўсіх выпадках галоўным выгадаатрымальнікам, заказчыкам і спонсарам мусіў выступаць Крэмль і ён можа такім заставацца.

Некаторыя эксперты пасля з’яўленне навіны пра гібель Прыгожына выказывалі думку, што цяпер у Лукашэнкі з’явіцца магчымасць разрадзіць абстаноўку ў стасунках з суседнімі краінамі. Аднак не зусім зразумела, як гэта можа выглядаць. Краіны NATO лічаць пагрозай не асабіста Прыгожына, а тысячы ягоных галаварэзаў на тэрыторыі Беларусі, у якіх бачаць інструмент агрэсіі Крамля. Улады Польшчы 24 жніўня выразна далі зразумець, што з іх пункту гледжання гібель Прыгожына не вядзе да зніжэнне пагрозы з боку Беларусі.

«Цяпер няхай кожны адкажа на пытанне: ці прадстаўляе ПВК Вагнэра, якая сёння прысутнічае ў Беларусі, большую ці меншую пагрозу. Для мяне гэта рытарычнае пытанне», – заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Нават на прапагандысцкім узроўні Лукашэнка наўрад ці здолее скарыстацца сітуацыяй. Ягоная кампанія шантажу была пабудаваная на тым, што ён нібыта з усіх сілаў стрымлівае вагнэраўцаў, якія «ірвуцца» ў Польшчу. Але ж пра Прыгожына ў гэтым кантэксце Лукашэнка ніколі і не ўспамінаў.

Таму пакуль расейскія баевікі застаюцца ў Беларусі, разрадка ў стасунках з Захадам, хутчэй за ўсё, будзе немагчымая. Аднаасобна прыняць рашэнне аб вывадзе вагнэраўцаў з краіны Лукашэнка наўрад ці здольны – спачатку трэба атрымаць згоду ад Крамля.

У чаканні паглынання ПВК

Смерць Прыгожына ў пэўным сэнсе спрашчае вырашэнне праблемы далейшага фінансавання наймітаў. Як вядома, дзейнасць ПВК Вагнэра ад самага свайго стварэння аплачвалася з дзяржаўнага бюджэту РФ. Пасля мяцяжу працягваць фінансаваць прыватную армію Прыгожына з боку Крамля было б нонсэнсам. Хто плаціў грошы наймітам апошнія два месяцы – невядома. Можна дапусціць, што Прыгожын у гэты перыяд спрабаваў заткнуць усе дзіркі ў бюджэце кампаніі самастойна, з уласнай кішэні. Але гэта магло быць толькі часовае рашэнне – наймітам трэба было знайсці стабільныя крыніцы фінансавання. Цяпер жа ўсё максімальна проста: Група Вагнэра або працуе беспасярэдне на Пуціна, або застаецца зусім без грошай.

Далейшыя крокі Пуціна адносна ПВК Вагнэра прадказаць не складана. І да, і пасля мяцяжу Масква спрабавала дамагчыся ад наймітаў, каб яны перайшлі на службу ў падраздзяленні Мінабароны РФ. Падчас сустрэчы ў Крамлі 29 чэрвеня Пуцін нават паабяцаў, што вагнэраўцаў не будуць расцягваць па розных падраздзяленнях, а пакінуць служыць разам – толькі цяпер у выглядзе не прыватнай, а дзяржаўнай арміі. Аднак Прыгожын і камандзіры катэгарычна адмаўляліся гэта рабіць. Імаверна, цяпер, пасля таго як ПВК Вагнэра аказалася абезгалоўлена, астатнія найміты стануць куды больш згаворлівым. Таму, хутчэй за ўсё, улады Расеі паспрабуюць даціснуць вагнэраўцаў, каб тыя цалкам падпарадкаваліся Мінабароны. Паглынанне ПВК Вагнэра дзяржавай у цяперашняй сітуацыі выглядае амаль непазбежным сцэнаром.

Пытанне толькі ў тым, як Пуцін будзе выкарыстоўваюць Групу Вагнэр, калі канчаткова возьме яе пад свой кантроль. Вайсковы аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка ў інтэрв’ю «Белсату» дапусціў, што неўзабаве ПВК Вагнэра ў абноўленым фармаце вернецца на тэрыторыю Украіны, каб прымаць удзел у вайне. Сапраўды такі варыянт выглядае найбольш лагічна: Расея на фронце нясе вялікія страты, мае вострую патрэбу ў свежых сілах, таму нават некалькі тысяч наймітаў будуць вельмі карыснай дапамогай для расейскага камандавання. Імаверна, не будуць згортвацца і афрыканскія праекты ПВК Вагнэра – толькі цяпер яны будуць рэалізоўвацца пад іншай шыльдай.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Разам з тым, Пуцін можа палічыць мэтазгодным як мінімум невялікую частку вагнэраўцаў пакінуць у Беларусі. Нельга выключаць, што ідэя гібрыднай агрэсіі супраць краінаў NATO з выкарыстаннем наймітаў сапраўды прысутнічае ў галовах крамлёўскіх стратэгаў. Але нават калі Масква не плануе рэальных правакацыяў на мяжы, то яна усё роўна зацікаўлена ў тым, каб у вачах Захаду такая пагроза захоўвалася. Для Пуціна гэта вельмі важны сродак шантажу Еўропы.

Акрамя таго, прысутнасць вагнэраўцаў у Беларусі – гэта яшчэ і дадатковы інструмент уплыву на рэжым Лукашэнкі як у вонкавай, так і ва ўнутранай палітыцы.

Ці пакрыўдзіўся Пуцін?

У пачатку жніўня Лукашэнка заявіў, што хацеў бы пакінуць наймітаў ПВК Вагнэра ва Узброеных сілах Беларусі і, «адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію». Магчыма, Лукашэнка сапраўды паспрабуе скарыстацца сітуацыяй і стварыць з вагнэраўцаў хаця б невялікі атрад уласнай «прэтарыянскай гвардыі» (з улікам апошніх падзеяў некаторыя найміты зноў-такі могуць аказацца больш згаворлівымі). Аднак свае планы тут можа мець і Расея. Укараненне падкантрольных Маскве наймітаў у лукашэнкаўскую армію будзе выгадна Пуціну з пункту гледжання патэнцыйнага інтэгравання беларускага войска ў расейскае.

Што тычацца двухбаковых стасункаў Масквы і Менску, то забойства Прыгожына – гэта даволі трывожны сігнал для Лукашэнкі. Не варта забываць, што ў момант мяцяжу афіцыйны Менск выступаў з нейтральных пазіцыяў. Ніводнага дрэннага слова пра Прыгожына Лукашэнка не сказаў – наадварот называў бізнесоўца «аўтарытэтным чалавекам ва ўзброеных сілах». Ён заклікаў з разуменнем ставіцца да дзеянняў вагнэраўцаў і не караць іх. «Слухайце, ну ёсць каго мачыць… Ёсць каго саджаць», – тлумачыў ён.

Акрамя таго, на ганебных для Пуціна падзеях 24 чэрвеня Лукашэнка вельмі добра прапіярыўся. Нават лаяльныя Крамлю медыі ўразіла прамова самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, дзе ён хваліўся тым, што нібыта выратаваў Расею ад смуты і ў крытычны момант дэ-факта аддаваў распараджэнні расейскім сілавікам праз галаву Пуціну. Цяпер Лукашэнку варта сур’ёзна задумацца, ці не засталася ў расейскай лідара крыўда на яго за такую нясціпласць.

Каментар
Ці выйграе Пуцін, ці прайграе ад смерці Прыгожына? Разважае палітолаг Галямаў
2023.08.24 15:20

Глеб Нержын Belsat.eu