У лагеры ПВК Вагнэра пад Асіповічамі дэмантаваныя больш за 100 намётаў


У лагеры ПВК Вагнэра каля вёскі Цэль пад Асіповічамі прыбралі траціну ўсіх намётаў, піша радыё «Свабода» са спасылкай на эксклюзіўныя спадарожнікавыя здымкі сэрвісу «Planet Labs».

Параўнанне агульнага выгляду лагеру. Злева здымак за 1 жніўня 2023 года, справа — за 23 жніўня 2023 года.
Фота: svaboda.org

Аналізуючы спадарожнікавыя здымкі, выданне падлічыла, што з 273 жылых намётаў каля 101 ужо дэмантаваныя. А значыцца, тэрыторыю вайсковай частцы ў Цэлі маглі пакінуць прыкладна 2020 вайскоўцаў Групы Вагнэра. Пры гэтым змяншэння колькасці тэхнікі не назіраецца.

Як паведамляў 24 жніўня ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву, паплечнікі Яўгена Прыгожына ў Беларусі «фармуюць калоны для выезду з лагераў». Паведамлялася таксама, што беларускія спецслужбы перашкаджаюць выезду наёмнікаў.

Аднак, паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», вываду з лагеру сілаў наймітаў пакуль не назіраецца. Згадваецца толькі факт перабояў у працы інтэрнэту на тэрыторыі асноўнай базы ПВК Вагнэра ў Беларусі ўчора ўвечары, калі стала вядома пра магчымую смерць Яўгена Прыгожына.

«У цэлым можна канстатаваць, што сітуацыя на тэрыторыі лагеру не статычная і пастаянна мяняецца», – піша «Беларускі Гаюн».

Паводле ініцыятывы, у лагеры да 15 жніўня былі дэмантаваныя каля 35 намётаў.

Увечары 23 жніўня ў Цвярской вобласці разбіўся самалёт Яўгена Прыгожына «Embraer Legacy 600». На борце былі 10 чалавек. Паводле «Расавіяцыі», усе яны загінулі, у тым ліку заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын.

Hавiны
Інстытут вывучэння вайны: Збіць самалёт Прыгожына амаль напэўна загадаў Пуцін
2023.08.24 08:52

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў