Інстытут вывучэння вайны: Збіць самалёт Прыгожына амаль напэўна загадаў Пуцін


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) пасля гібелі заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына піша, што збіць ягоны самалёт «амаль напэўна загадаў расейскаму вайсковаму камандаванню Уладзімір Пуцін».

Яўгеній Прыгожын. Здымак з відэа: concordgroup_official / Telegram

«Вельмі малаверагодна, каб прадстаўнікі расейскай арміі, асабліва міністр абароны Сяргей Шайгу і начальнік Генеральнага штабу, генерал арміі Валерый Герасімаў расправіліся з Яўгеніем Прыгожыным без загаду Пуціна», – мяркуюць аналітыкі ISW.

Інстытут вывучэння вайны будзе рабіць далейшыя ацэнкі, заснаваныя на здагадцы, што забіць Прыгожына загадаў Уладзімір Пуцін, пакуль не з’явяцца доказы адваротнага. 

Пуцін мог вырашыць, што аўтарытэт Прыгожына ў ПВК Вагнэра ўжо дастаткова падарваны, кампанія расколатая і аслабленая, каб пагражаць яму сур’ёзнымі праблемамі, мяркуюць аналітыкі.

У ISW згаджаюцца з каментатарамі, якія думаюць, што авіякатастрофа самалёта Прыгожына невыпадкова адбылася роўна праз два месяцы пасля мяцяжу, і згадваюць інфармацыю, якая з’явілася напярэдадні, пра зняцце генерала Сяргея Суравікіна з пасады галоўнакамандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі Расеі.

Суравікін, які раней камандаваў расейскімі сіламі ва Украіне, пасля прыгожынскага мяцяжу знік з публічнай прасторы, і шмат якія аглядальнікі лічылі гэта прыкметай і следствам таго, што ён падтрымліваў Прыгожына.

«Афіцыйнае пацвярджэнне звальнення Суравікіна ў расейскай дзяржаўнай прэсе ў той жа дзень, калі адбылося забойства Прыгожына, – гэта, хутчэй за ўсё, невыпадковае супадзенне», – мяркуюць амерыканскія аналітыкі.

«Спроба аднавіць дамінаванне»

Пасля пераліку прычынаў і матываў пазбавіцца ад Прыгожына ISW прыходзіць да высновы, што гэта была помста Уладзіміра Пуціна.

«Загад Пуціна расейскаму Міністэрству абароны збіць самалёт Прыгожына, верагодна, ёсць публічнаю спробай аднавіць сваё дамінаванне і дакладнаю помстаю за прыніжэнне, якое нанёс Пуціну і расейскаму ведамству ўзброены мяцеж Групы Вагнэра 24 чэрвеня», – піша Інстытут вывучэння вайны. 

Бізнес-джэт «Embraer» разбіўся 23 жніўня ў Цвярской вобласці, калі ляцеў з Пецярбургу ў Маскву. «Росавіяцыя» паведаміла, што на борце былі 10 чалавек, з іх 3 — экіпаж, сярод пасажыраў былі кіраўнікі ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын і Дзмітрый Уткін.

Абноўлена
«Нават у пекле ён будзе найлепшым». Прыгожын загінуў у авіякатастрофе
2023.08.23 23:38

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў