БелАЭС будзем адключаць? Немцы адмовіліся ад АЭС – ці змогуць адмовіцца іншыя


Нямеччына 15 красавіка канчаткова адмовілася ад атамнай энергетыкі. Тым часам Польшча выбірае месца пад сваю першую АЭС, ад атамнай энергетыкі не збіраюцца адмаўляцца французы, брытанцы, шведы і фіны… Калі ў беларусаў з’явіцца выбар, ці захочуць яны адключаць БелАЭС?

БелАЭС. Астравец, Беларусь. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Министерство энергетики Республики Беларусь / Facebook

«Белсату» пра гэта расказалі сябра рады беларускай экалагічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій і адмыслоўца ў галіне ўстойлівага развіцця і энергетыкі Таццяна Новікава. Гэта працяг размовы, першая частка якой – пра «ядравы рэнесанс» і цану пытання – тут.

Разбор
Немцы адмовіліся ад АЭС, а палякі плануюць сваю першую станцыю. Ці выгадны «атам» у свеце і ў Беларусі?
2023.04.26 07:00

Прыклад немцаў удалы?

З адмовай ад атамнай энергетыкі ў Нямеччыне здарыўся кур’ёз: пакуль збіраліся закрываць АЭС, вырасла спажыванне вугалю – самай «бруднай» крыніцы энергіі. А калі Беларусь адключыць Астравецкую АЭС, ці не здарыцца падобнае?

Новікава смяецца: казаць, што «немцы адмовіліся ад АЭС, таму вырасла спажыванне вугалю», гэта як казаць, што «вецер дзьме, бо дрэвы хістаюцца». Рэч у тым, што ў 2022 годзе праз вайну ва Украіне і шалёны рост цэнаў на газ давялося зніжаць спажыванне газу і паліць больш вугалю, што само па сабе не звязанае з АЭС. Аднаўляльныя крыніцы энергіі ў Нямеччыне генеравалі ў разы больш энергіі, чым газ ці атам, і толькі ў сітуацыі рукатворнага «нярынкавага» крызісу давялося спажыць вугаль як экстранную опцыю. Пры гэтым доля вугалю ў генераванні энергіі вырасла толькі на некалькі адсоткаў, і калі вугальныя электрастанцыі пачалі вырабляць на 8,4 % больш энергіі, то сонечныя пачалі вырабляць на 19,5 % больш, ветравыя – на 9,4 % больш.

Вытворчасць энергіі з розных крыніцаў у Нямеччыне ў 2021 і 2022 гадах. Зверху ўніз: звычайныя крыніцы энергіі – вугаль, атамная энергія, газ, іншыя; аднаўляльныя – вецер, біягаз, сонца, гідраэнергетыка, іншыя аднаўляльныя крыніцы. Выява: destatis.de

Сухій кажа, што прыклад Нямеччыны ўсё ж удалы – хіба трэба было лепей рыхтавацца і пазбягаць залежнасці ад адной ненадзейнай крыніцы, але калапсу не здарылася. І нават пры большай залежнасці ад атамнай энергетыкі можна падрыхтавацца да пераходу на іншыя крыніцы: Сухій згадвае, як Ігналінская АЭС вырабляла пад 90 % энергіі ў Літве, але «калі яе выключылі, ніхто не застаўся без святла». І эканоміка Літвы пазней змянілася так, што пачала спажываць значна менш энергіі.

Таццяна Новікава звяртае ўвагу на тое, што ў Нямеччыне, як у Францыі і Брытаніі, быў амаль поўны цыкл пабудовы і працы АЭС – цэлая індустрыя, флагманам якой застаўся «Siemens». Знішчэнне цэлай галіны, кажа яна, можа здавацца вар’яцтвам, але гэта прадуманы крок, які «базуецца на тым, што немцы ўмеюць добра лічыць»: пралічылі рызыкі эксплуатацыі, вываду з эксплуатацыі і захавання ядравага паліва, аб’ём «эканамічнага галаўнога болю». Той жа «Siemens» цяпер ёсць флагманам у абсталяванні для аднаўляльных крыніцаў энергіі. Таму, рэзюмуе яна, Нямеччына – добры прыклад таго, у які бок рухацца. Таксама добрыя прыклады – краіны Балтыі, Данія.

У Нямеччыне, заўважае Сухій, ёсць добры і яшчэ не скарыстаны патэнцыял для вадароднай энергетыкі. Рэч у тым, што вятры дзьмуць нестабільна, а сонца «адключаецца на ноч», і гэта трэба неяк кампенсаваць: або з «брудных» крыніцаў, або праз арганізацыю сховішчаў «чыстай» энергіі. Але вадарод можна выкарыстоўваць не толькі як «чыстае» паліва, але і як ускоснае «сховішча лішняй энергіі» з альтэрнатыўных крыніцаў: калі ёсць шмат ветракоў, якія даюць столькі энергіі, колькі не трэба на гэта момант, лішнюю энергію ветру можна пускаць на вытворчасць вадароду.

Разбор
Пяць прычынаў не адмаўляцца ад АЭС
2023.04.25 15:12

АЭС не была патрэбная Беларусі – і можа адключыцца незалежна ад жадання беларусаў

Пры тым энергабалансе, што мела Беларусь, пабудова АЭС не была патрэбная – уладам Беларусі давялося шукаць, куды б падзець энергію. Сухій разважае: можна было б сказаць, што свая АЭС пазбавіць Беларусь залежнасці ад расейскага газу, але ж сама АЭС расейская і паліва да яе ідзе з Расеі.

У Беларусі ёсць магчымасць адмовіцца як ад атамнай энергетыкі, так і ад выкапнёвых крыніцаў энергіі. На просьбу «Экадому» ў 2018 годзе нямецкія навукоўцы зрабілі даследаванне, у якім паказалі эканамічна выгадны сцэнар таго, як гэта можа адбыцца да 2050 года коштам энергіі ад сонца, ветру, біямасы і іншых крыніцаў, а таксама праз падвышэнне энергаэфектыўнасці.

Як можа развівацца энергетыка Беларусі ў базавым сцэнары (БС) і пры «энергетычнай рэвалюцыі» (ЭР). Выява з даследавання «Энергетическая [р]еволюция в Беларуси: как это возможно?». 2020 год. Скрыншот: energy2050.ecohome.ngo
Новікава заўважае: «расейская БелАЭС» не такая і расейская, а залежнасць ад заходніх тэхналогіяў і санкцыі супраць Расеі прывядуць да таго, што новыя АЭС спачатку не змогуць працаваць бяспечна, а потым і зусім не змогуць працаваць. Гэтак, праз сыход «Siemens» з рынкаў Беларусі і Расеі не змаглі скончыць мадэрнізацыю Бярозаўскай ГРЭС, якая мусіла пайсці ў рэзерв да БелАЭС – а без рэзервовых магутнасцяў АЭС не можа функцыянаваць бяспечна.

«Варта чакаць, што ў найбліжэйшую пяцігодку будзе спынены на планавы рамонт не толькі першы энергаблок БелАЭС, але і другі энергаблок, і інтэрвалы планавых рамонтаў будуць падаўжацца і падаўжацца, пакуль не пяройдуць у вечнасць», – прагназуе Новікава.

Яна лічыць пытанне АЭС «балючай тэмай» і «ідэяй фікс» ды кажа: не будзе такой светлай будучыні, у якой Беларусі спатрэбіцца АЭС. У Беларусі ёсць патэнцыял для гідраэнергетыкі, патрэбы сельскай гаспадаркі можна прынамсі часткова пакрыць біягазавымі сістэмамі на адкідах гэтай самай гаспадаркі, цяжкая прамысловасць усё роўна стратная і патрабуе мадэрнізацыі – а значыць, мае рабіцца больш энергаэфектыўнай.

Але пераход з атаму і газу на «чыстую» энергетыку патрабуе грошай. Эканомія ад някупленага газу закрые выдаткі на аднаўляльную энергетыку, але, кажа Сухій, праблема ў тым, што спачатку трэба тую энергетыку збудаваць, а эканомія з’явіцца пазней. Таму трэба, каб краіна спачатку зрабілася інвестыцыйна прывабнай.

Агляд
Калі будзе аварыя на АЭС у суседзяў, ці зачэпіць Беларусь?
2023.04.25 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў