Пяць прычынаў не адмаўляцца ад АЭС


Нямеччына 15 красавіка канчаткова адмовілася ад атамнай энергетыкі. Беларускі хімік і папулярызатар навукі Сяргей Бесараб зняважліва называе БелАЭС «тэхналагічным фурункулам» і «суцэльным болем», ды шкадуе аб рашэнні немцаў. «Белсат» папрасіў яго пералічыць прычыны не адмаўляцца ад атамнай энергетыкі.

Манумент «Atomium», збудаваны да Сусветнай выставы 1958 года як сімвал мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Брусель, Бельгія. 15 снежня 2021 года.
Фота: Diego Delso / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Сяргей Бесараб называе сябе «50 на 50 радыяфіл-радыяфоб»: ён асэнсоўвае пагрозы атамнай энергетыкі, але лічыць, што адмаўляцца ад такой унікальнай тэхналогіі, як атамная электрагенерацыя, «было б несправядліва для чалавецтва».

Ён пагаджаецца з прагнозамі МАГАТЭ: у аптымістычным для «атаму» сцэнары да 2050 года атамная энергетыка ў свеце падвоіць магутнасці, у песімістычным – застанецца на тых жа магутнасцях з ростам выпрацоўвання. Бесараб прагназуе: ніхто, акрамя Нямеччыны, у бліжэйшы час не адмовіцца ад АЭС, але распаўсюд атамных электрастанцыяў будзе няхуткі і пойдзе, магчыма, шляхам пабудовы нязвыклых станцыяў ці новых тыпаў рэактараў.

Ён пералічвае наступныя аргументы за тое, каб не адмаўляцца ад АЭС.

Будаўніцтва малога модульнага рэактару CAREM. Ліма, Аргентына. 2021 год.
Фота: argentina.gob.ar

Магчыма, «новае жыццё старога атаму» – у модульных АЭС. Пра звыклыя АЭС нельга казаць, што іх будаўніцтва хутка дае вялікія аб’ёмы энергіі. Але існуе тэхналогія невялікіх модульных АЭС – менавіта пра такія цяпер разважаюць у Польшчы. Такія «мікраэлектрастанцыі» хутчэй будуюцца, вымагаюць менш месца і працоўнай сілы, больш бяспечныя. Невялікія краіны, як Эстонія, цікавяцца магчымасцю пабудаваць невялікія модульныя рэактары.

Бесараб дадае: выбар тыпу электрастанцыі павінен ісці ад канкрэтных умоваў у канкрэтнай мясцовасці, і ўжо потым толькі трэба глядзець, што можа гэтая краіна ў гэтай мясцовасці вырабляць.

Схема эксперыментальнага тэрмаядравага рэактару ITER, які будуюць у Сэн-Поль-ле-Дзюрансе, Францыя. Выява: iter.org

Тэрмаядравыя тэхналогіі – магчымая «бясконцая крыніца энергіі». Як нафта і газ, так і запасы ўрану абмежаваныя – прыдатнага для АЭС урану хопіць яшчэ хіба на стагоддзе пры сучасным узроўні карыстання. Ды і ўзбагачэннем урану займаюцца адзінкавыя краіны – для Беларусі гэта азначае кабальную залежнасць ад расейскага паліва для АЭС. Але эксперыменты з тэрмаядравым сінтэзам з напампоўваннем лазерам даюць надзею: у адрозненне ад звыклых рэактараў, якім патрэбны ўран, для тэрмаядравага сінтэзу патрэбны вадарод (дакладней, дэйтэрый і трытый), здабываць які можна практычна бясконца.

Калі чалавецтву пашанцуе, «класічныя» ўранавыя АЭС саступяць месца тэрмаядравым, якія зоймуць месца побач з аднаўляльнымі крыніцамі. Амерыканцы падлічылі: энергія з тэрмаядравых станцыяў можа атрымацца даражэйшай за энергію з аднаўляльных крыніцаў, але не будзе залежаць ад надвор’я і часу.

Сонечная электрастанцыя «Telangana II». Гадвал, Індыя. 9 кастрычніка 2018 года.
Фота: Thomas Lloyd Group / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Аднаўляльныя крыніцы маюць свае мінусы. Вецер і сонца – нестабільныя крыніцы: вецер дзьме не заўсёды, сонца хаваецца на ноч, эфектыўнасць ветравых і сонечных электрастанцыяў залежыць ад надвор’я. Для «прыкрыцця энергапрасядання» ад сонечных электрастанцыяў і ветракоў ёсць хіба ідэі нейкіх патэнцыйных «звышакумулятараў» (са звыклымі акумулятарамі востра стаіць пытанне адкідаў) і гідраэлектрастанцыяў гідраакумуляцыі (якія не паўсюль пабудуеш), але пры цяперашніх тэхналогіях ветракі і сонечныя батарэі не могуць заняць больш за траціну энергагенерацыі.

Для балансу магутнасці «лепш за АЭС складана прапанаваць нешта», а без балансавання магутнасці можа давесціся (як давялося Нямеччыне ў 2022 годзе) паліць вугаль, што толькі павялічвае выкіды парніковых газаў. Балансаваць трэба і залішкі энергіі з АЭС, толькі рабіць гэта варта не прапагандысцкімі апавяданнямі, як у Беларусі, а нечым больш карысным: тымі ж ГЭС акумуляцыі або, напрыклад, вытворчасцю вадароднага паліва.

І энергію трэба транспартаваць. Калі ў Нямеччыне найбольш ветракоў на поўначы, дзе вецер дзьме лепш, то шмат энергаёмістых прадпрыемстваў на поўдні, куды трэба будаваць новыя лініі электраперадачаў – і губляць шмат энергіі «па дарозе». Праблема транспартавання ёсць і з АЭС (асабліва калі выбіраць лакацыю з палітычных, а не эканамічных матываў, як было з БелАЭС), але гэтую праблему могуць вырашыць малыя модульныя АЭС.

Вугальная электрастанцыя «Scholven». Гельзэнкірхэн, Нямеччына. 1 жніўня 2007 года.
Фота: Sebastian Schlüter / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Атамная энергетыка параўнальна чыстая. У кошце АЭС больш за палову выдаткаў закладаецца на бяспеку станцыі, у тым ліку на працу з адкідамі і адпрацаваным палівам («у нармальных краінах», – падкрэслівае Бесараб). Увага да адкідаў ад АЭС значна большая, чым да адкідаў з ТЭЦ, пра небяспеку якіх кажуць няшмат.

Атамная энергія лічыцца чыстай і стабільнай у Злучаных Штатах (і там у новыя атамныя тэхналогіі, такія, як модульныя рэактары, інвестуюць вялізныя грошы), а ў Еўропе нядаўна аднеслі да ўмоўна «зялёных» крыніцаў энергіі і атам, і прыродны газ, бо шкоды ад іх значна менш, чым ад вугалю.

Менавіта з прычынаў бяспекі Бесарабу шкада нямецкіх АЭС: немцы, кажа ён, «проста мастакі» ў распрацоўванні рэактараў, шмат дзесяцігоддзяў таму там ужо стварылі тэхналогіі, якія нават цяпер лічацца перспектыўнымі (паліва ў графітавых шарыках, як у перспектыўных кітайскіх рэактарах HTR-PM ці амерыканскіх «Xe-100» ад «X-energy», або натрыевыя рэактары, як у праекце Біла Гейтса «TerraPower» з хуткім натрыевым рэактарам «Natrium»).

Выйшла так, што немцы насуперак меркаванню бальшыні адмовіліся ад сваіх высокатэхналагічных і ці не самых бяспечных у свеце АЭС, а побач французы працягваюць выкарыстоўваць старыя і менш бяспечныя АЭС, энергіяй з якіх даводзіцца карыстацца немцам.

Удзельнік «Сеткі навучання ядравых рэгулятараў» на АЭС «Sequoyah». Акруга Гэмілтан, ЗША. 15 красавіка 2021 года.
Фота: Nuclear Regulatory Commission / Flickr, CC BY 2.0

«Адбітак смерці» АЭС не такі высокі, як можа здавацца. Аварыі на АЭС прыводзяць часам да катастрафічных наступстваў, але здараецца такое даволі рэдка. Калі лічыць колькасць смерцяў ад здарэнняў і забруджвання паветра («death print»), то самыя небяспечныя з вялікім адрывам вугаль і нафта, следам біямаса, прыродны газ і дамбы, а вецер, сонца і атам нясуць зусім малую і прыблізна аднолькавую долю смерцяў на кілават энергіі.

У той жа Нямеччыне, дзякуючы высокаму ўзроўню тэхналогіяў, не было аварыяў на АЭС – немцы пры адмове ад АЭС глядзелі на аварыі за мяжою, пытанне захоўвання радыеактыўных адкідаў (іх пакуль трымаюць у саляных шахтах) і перспектыўныя атамныя тэхналогіі.

***

«Белсат» таксама гутарыў з праціўнікамі АЭС:

Разбор
Немцы адмовіліся ад АЭС, а палякі плануюць сваю першую станцыю. Ці выгадны «атам» у свеце і ў Беларусі?
2023.04.26 07:00
Разбор
БелАЭС будзем адключаць? Немцы адмовіліся ад АЭС – ці змогуць адмовіцца іншыя
2023.04.26 17:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў