Немцы адмовіліся ад АЭС, а палякі плануюць сваю першую станцыю. Ці выгадны «атам» у свеце і ў Беларусі?


Нямеччына 15 красавіка канчаткова адмовілася ад атамнай энергетыкі. Тым часам Польшча падбірае месца пад сваю першую АЭС, ад атамнай энергетыкі не збіраюцца адмаўляцца французы, брытанцы, шведы і фіны… Немцы памыліліся ці ўсё правільна пралічылі?

АЭС «Isar», Нямеччына. 22 лістапада 2016 года.
Фота: Dennis Hansch / 500px.com, CC BY 3.0

Паўстагоддзя Нямеччына карысталася атамнымі электрастанцыямі, нягледзячы на актыўны антыядравы рух. Ды пасля аварыі на японскай АЭС Фукусіма-1 у 2011 годзе, другой па маштабах радыяцыйнай катастрофы пасля Чарнобылю, нямецкія праціўнікі атамнай энергетыкі перамаглі: урад вырашыў да 2022 года адмовіцца ад АЭС.

Атрымалася са спазненнем: тром апошнім АЭС далі папрацаваць лішнія чатыры з паловай месяцы праз энергетычны крызіс, выкліканы вайной ва Украіне. Але 17 красавіка апошнія тры нямецкія атамныя станцыі адключылі ад энергасетак.

Ці захочуць адмовіцца ад АЭС іншыя краіны, у тым ліку Беларусь? «Белсату» пра гэта расказалі сябра рады беларускай экалагічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій і спецыялістка ў галіне ўстойлівага развіцця і энергетыкі Таццяна Новікава.

Не ўсе еўрапейцы як немцы, але ўсе імкнуцца да «чыстай» энергіі

У Еўропе дзейнічае каля 170 атамных рэактараў агульнай магутнасцю ў паўтары сотні БелАЭС. У свеце каля 7-9 % энергіі генеравалася на АЭС. Але ў Нямеччыне за 2022 год АЭС давалі 4 % энергіі, тады як аднаўляльныя крыніцы энергіі (вецер, сонца, рэкі і іншае) – 49,6 %.

Генерацыя энергіі на АЭС у Еўропе паступова спадае: з 2006 па 2021 год зменшылася на 20 %, звяртае ўвагу Ірына Сухій. Рэактары старэюць, іх адключаюць, а новых будуюць не так шмат. Пры тым павялічваюць магутнасці здабычы энергіі з аднаўляльных крыніцаў (перадусім з сонца і ветру) і акумуляцыі такой энергіі. Шэраг іншых краінаў не адключаў АЭС адразу, але паабяцаў не будаваць новых пасля аварыі на Фукусіме, дадае Новікава.

Вынікі апытання пра ролю атамнай энергетыкі ў розных краінах. Цёмна-бэзавы – АЭС мусяць выконваць значную ролю разам з узнаўляльнай энергетыкай, светла-бэзавы – нязначную ролю, меншую за ўзнаўляльныя крыніцы, ружовы – краіна не мусіць генераваць энергію на АЭС. Краіны, злева направа: Францыя, Іспанія, Швецыя, Злучанае Каралеўства, ЗША, Нямеччына, Італія, Данія. Апытанне 10-24 лістапада 2021 года. Выява: YouGov.co.uk

Ды пакуль немцы адмаўляліся ад АЭС, Фінляндыя запусціла шматпакутны найбуйнейшы ў Еўропе атамны рэактар, які пачала будаваць яшчэ ў 2005 годзе, Польшча падбірае месца пад першую ў краіне атамную электрастанцыю, Брытанія і Францыя падпісваюць новыя дамовы аб супрацы ў ядравай галіне… Шмат у якіх краінах АЭС лічаць неабходнымі, некаторыя апытанні паказваюць імклівы рост падтрымкі атамнай энергетыкі. Напрыклад, у канцы 2022 года 58 % еўрапейцаў казалі, што ў сувязі з вайной ва Украіне трэба больш інвеставаць у атамную энергетыку.

«Я не думаю, што ў нас ядравы рэнесанс нейкі пачынаецца», – кажа Сухій.

У розных краінах розныя думкі адносна атамнай энергетыкі, разважае наша суразмоўца. У Францыі гістарычна склалася, што на АЭС прыпадае за 70 % вытворчасці энергіі, і нават пры тым да расейскага нападу на Украіну там падумвалі адмаўляцца ад атамнай энергетыкі. У Польшчы размовы пра АЭС ідуць аж з 1970-х, адну будоўлю АЭС ужо пачалі – і закінулі ў 1990-х (Новікава заўважае, што ў Польшчы хочуць будаваць АЭС паводле праекту, праз які збанкрутавала амерыканская кампанія, якая будавала падобную станцыю ў ЗША) Сухій таксама адзначае: атамную энергетыку любяць аўтарытарныя рэжымы, якіх не цікавіць грамадская думка.

Таццяна Новікава заўважае, што ў апошнія пяць гадоў сонечная і ветравая энергетыка ў Нямеччыне запаволіла рост, проста таму, што стала настолькі таннай і масавай, што энергасеткі не спраўляліся з наплывам энергіі.

Цана пытання неадназначная, але зразумела, што АЭС – гэта надта дорага

Еўропа збіраецца да 2050 года стаць «кліматычна нейтральнай», і ў гэта ўключаныя прыродны газ і атамная энергетыка як «кампрамісны пераходны варыянт», тлумачыць Ірына Сухій: выкідаў ад газу і АЭС усё ж менш, чым ад вугалю. Новікава крытыкуе і такое азначэнне: выснова пра «кліматычную нейтральнасць» атамнай энергетыкі грунтуецца на «аналізе жыццёвага цыклу» (LCA) у экалагічным уплыве АЭС, але гэты аналіз распрацоўвалі атамшчыкі, метадалогія непразрыстая і не ўлічвае шэраг таксікалагічных уплываў АЭС і выкідаў парніковых газаў, у тым ліку, звязаных са здабычай урану і захаваннем адпрацаванага паліва.

Зона здабычы ўрану ў Нацыянальным парку Какаду, Аўстралія. 7 жніўня 2009 года.
Фота: Alberto Otero Garcia / Flickr, CC BY 2.0

Атамная энергетыка прайграе аднаўляльнай у эканамічным сэнсе, перакананая Сухій. Кошт атамнай энергетыкі – складанае пытанне, бо для розных краінаў розныя цэны электрычнасці з розных крыніцаў і розны кошт абслугоўвання станцыяў. Але адназначна зразумела, што аднаўляльныя крыніцы энергіі становяцца ўсё таннейшымі, асабліва імкліва падае ў цане сонечная энергія (развіццё ідзе ў тым ліку дзякуючы дзяржаўным субсідыям). АЭС будуюцца мінімум дзесяць гадоў – і невядома, наколькі больш выгаднымі за такі час стануць альтэрнатывы.

Новікава заўважае: нельга сказаць, каб у любым выпадку АЭС будзе таннай або дарагой, бо любая электрастанцыя існуе ў эканамічнай сістэме, у якой шмат што залежыць ад субсідыяў дзяржавы, якія парушаюць «справядлівы рынкавы баланс». У Францыі, дзе 70 % энергіі даюць АЭС і ёсць поўны цыкл ад вытворчасці паліва да перапрацоўкі адпрацаванага паліва, і парк атамных электрастанцыяў ужо «адбіў» затраты на іх будаўніцтва, атамная кілават-гадзіна танная. У Беларусі, дзе збудавалі першую АЭС, цэны на энергію выраслі. Плюс да таго, АЭС вельмі чуйныя да змены клімату: не могуць працаваць у моцную спёку ці моцныя маразы: у той жа Францыі АЭС спынялі з тэхнічных прычынаў у хвалі спёкі.

АЭС «Cattenom», Францыя. 6 лютага 2005 года.
Фота: Stefan Kühn / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Таксама АЭС даюць адразу вялікія аб’ёмы энергіі, адзначае Татьяна Новікава, а каэфіцыент карыснага дзеяння ў атамнай энергетыкі невысокі, каля 30 %. Раней усе гэтыя кілаваты былі патрэбныя на энергаёмістых вытворчасцях, ды цяпер прамысловасць іншая – трэба яшчэ прыдумаць, як спажыць такія магутнасці. Таму трымаць непатрэбныя АЭС дорага. Нават у ЗША, дзе каэфіцыент усталяванай магутнасці АЭС (як шмат магутнасці выкарыстоўваецца) давялі да 99 %, а парк АЭС таксама ўжо адбіў выдаткі на будаўніцтва, на рынку квітнее больш выгадная аднаўляльная энергетыка.

«На БелАЭС самы неэфектыўны энергаблок з тых, якія працуюць у свеце, бо ён прастойвае палову часу», – заяўляе Новікава.

Аварыі на атамных электрастанцыях здараюцца «редко, но метко», як кажа Ірына Сухій: наступствы аварыяў на АЭС значна страшнейшыя за аварыі на станцыях іншага тыпу і могуць абысціся значна даражэй за пераход на больш бяспечныя крыніцы энергіі. Пасля аварыі на Фукусіме для АЭС прынамсі ўвялі стрэс-тэсты, ды БелАЭС працуе, нягледзячы на шматлікія пытанні да вынікаў тэстаў.

Агляд
Калі будзе аварыя на АЭС у суседзяў, ці зачэпіць Беларусь?
2023.04.25 10:00

Небяспеку нясуць не толькі самі станцыі, а і радыеактыўныя адкіды з іх: адкіды застаюцца небяспечнымі на сотні тысяч гадоў, і пакуль ніхто не бярэцца гарантаваць бяспеку сховішчаў радыеактыўных адкідаў нават на адну сотню гадоў.  Ніхто не ведае, што здарыцца за сотні тысяч і нават мільён гадоў – і ці не страцяцца ў 2523-м годзе веды пра сховішча небяспечных адкідаў, збудаванае ў 2023-м, як цяпер страціліся веды пра шмат што збудаванае ў 1523-м. Таксама небяспека атамнай энергетыкі – ва ўскосным уплыве на асяроддзе: напрыклад, калі АЭС падагравае ваду ў вадаёмах, ад чаго вадаёмы дэградуюць, з іх знікае рыба. Та таго ж АЭС спажывае столькі вады, колькі спажывае горад-мільённік, а вада патрэбная і людзям, і сельскай гаспадарцы.

«Калі ўсё гэта разам палічыць і закласці ў кошт, канешне ж, аднаўляльныя крыніцы будуць танней не ў разы, а на парадкі», – рэзюмуе Новікава.

Да таго ж, адзначае Ірына Сухій, у Еўропе ўжо ідзе поўнамаштабная вайна: напад Расеі на Украіну і баі вакол Запарожскай АЭС паказалі, як блізка можа быць катастрофа і як парушальніка дамоваў аб бяспецы АЭС не могуць пакараць.

Пры ўсім гэтым, дадае Новікава, пакуль цяжка цалкам адмовіцца ад «брудных» крыніцаў энергіі. Напрыклад, каб перасадзіць увесь свет на электрамабілі, давядзецца здабыць столькі літыю і крэмнію, што будзе «знішчаны ўвесь ландшафт Зямлі». Таму свет разважае аб «замкнёнай» або «цыркуляцыйнай» эканоміцы: каб не здабываць новыя матэрыялы, а перапрацоўваць старыя – здабываць той жа літый не з шахтаў, а са скарыстаных батарэяў. І пакуль такія тэхналогіі развіваюцца хутка, тэхналогіі АЭС амаль што стаяць на месцы, што ўплывае і на цану энергетыкі.

Ці ўдалы быў прыклад Нямеччыны? Чаму немцы сталі спажываць больш вугалю? І чаму, незалежна ад жадання беларусаў, БелАЭС адключыцца? Пра гэта – у другой частцы размовы:

Разбор
БелАЭС будзем адключаць? Немцы адмовіліся ад АЭС – ці змогуць адмовіцца іншыя
2023.04.26 17:00

«Белсат» таксама папрасіў эксперта назваць прычыны не адмаўляцца ад атамнай энергетыкі:

Разбор
Пяць прычынаў не адмаўляцца ад АЭС
2023.04.25 15:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў