Парламент Вугоршчыны ўхваліў уступленне Швецыі ў NATO


Парламент Вугоршчыны 26 лютага пасля паўтарагадовага зацягвання нарэшце ратыфікаваў дакумент аб уступленні Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс, піша «Еўрапейская праўда».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: REUTERS/Dado Ruvic/Illustration

За ратыфікацыю Пратаколу аб уступленні Швецыі ў NATO прагаласавалі 188 дэпутатаў вугорскага парламенту, супраць выступілі толькі шасцёра.

Фармальна працэс ратыфікацыі завершыцца пасля таго, як ратыфікацыйны пратакол падпіша прэзідэнт Вугоршчыны і дакумент будзе апублікаваны ў афіцыйным весніку. Чакаецца, што гэта адбудзецца цягам наступнага тыдня.

«Я вітаю галасаванне вугорскага парламенту за ратыфікацыю заяўкі на сяброўства Швецыі ў NATO. Цяпер, калі ўсе краіны – сябры NATO ўхвалілі гэтае рашэнне, Швецыя зробіцца 32-м саюзнікам Альянсу. Сяброўства Швецыі зробіць нас усіх мацнейшымі і бяспечнейшымі», – напісаў у X генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Нагадаем, Швецыя і Фінляндыя падалі заяўкі на ўступленне ў NATO ў траўні 2022 года. Фінляндыю прынялі ў Альянс 4 красавіка 2023 года, а ўступленню Швецыі перашкодзіла Турцыя. Пазней Анкара ўхваліла ўступленне Швецыі.

Вугоршчына заставалася апошняй дзяржавай – чальцом NATO, якая не ўзгадніла заяўкі Швецыі. Доўгі час Будапэшт сцвярджаў, што падтрымлівае ўступленне Швецыі і будзе «не апошнім», хто яго ўхваліць. На практыцы ж ратыфікацыя ў вугорскім парламенце адбылася пазней, чым нават у Турцыі, якая да апошняга актыўна крытыкавала Швецыю за недастатковую «барацьбу з тэрарызмам».

Як вядома, у мінулую пятніцу прэм’ер Швецыі Ульф Крыстэшан прыбыў з візітам у Будапэшт. Падчас гэтага візіту Орбан заявіў аб «аднаўленні даверу ў адносінах» і пацвердзілася інфармацыя, што Швецыя прадасць Вугоршчыне яшчэ чатыры знішчальнікі «Gripen» і працягне пагадненне аб іх абслугоўванні.

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў