Парламент Вугоршчыны сабатуе разгляд заяўкі Швецыі на сяброўства ў NATO


Дэпутаты кааліцыйнай бальшыні праігнаравалі пазачарговае пасяджэнне парламента Вугоршчыны, ініцыяванае апазіцыяй дзеля найхутчэйшага разгляду заяўкі Швецыі на сяброўства ў NATO. Галасоў прысутных не хапіла нават на тое, каб зацвердзіць парадак дня, перадае выданне Telex.

Пазачарговае пасяджэнне парламента Вугоршчыны, якое праігнаравалі дэпутаты кіроўнай кааліцыі. 5 лютага 2024 года.
Фота: Bernadett Szabo / Reuters / Forum

На пасяджэнне парламента не прыйшлі дэпутаты кааліцыйнай бальшыні ад Хрысціянска-дэмакратычнай народнай партыі і «Фідэс». У выніку ў залі прысутнічаў 51 дэпутат з 199. Колькасці галасоў не хапіла, каб нават зацвердзіць парадак дня.

Пазачарговае пасяджэнне склікала апазіцыя, каб як мага хутчэй ухваліць уступ Швецыі ў NATO.

Пры гэтым кіраўнік фракцыі «Фідэс» Матэ Кочыш выставіў Стакгольму ўмову:

«Ратыфікацыя можа адбыцца напачатку чарговай парламенцкай сесіі, аднак для гэтага патрабуецца сустрэча двух прэм’ер-міністраў у Будапэшце. Калі ўступленне ў NATO важнае для шведаў, яны прыедуць сюды, як яны прыехалі ў Турцыю».

Адметна, што 24 студзеня прэм’ер-міністр Вугоршчыны і лідар партыі «Фідэс» Віктар Орбан заклікаў парламент ратыфікаваць заяўку Швецыі на ўступ у NATO «пры першай жа магчымасці».

Вясенняя сесія вугорскага парламента пачнецца 26 лютага.

Hавiны
Віктар Орбан заклікаў парламент краіны ратыфікаваць заяўку Швецыі на ўступ у НАТО
2024.01.24 18:09

Вугоршчына – апошняя краіна альянсу, якая не ўхваліла сяброўства Швецыі. Доўга гэтае пытанне разглядалі ў Турцыі, аднак прэзідэнт рэспублікі Рэджэп Таіп Эрдаган нарэшце падпісаў адпаведны ўказ 25 студзеня.

Швецыя разам з Фінляндыяй падала зяўку на далучэнне да NATO 18 траўня 2022 года. Гэтае рашэнне сталася рэакцыяй на расейскае ўварванне ва Украіну.

Фінляндыю афіцыйна прынялі ў арганізацыю ў красавіку летась. Тут Турцыя і Вугоршчына таксама зацягвалі ратыфікацыю адпаведнага пагаднення.

Hавiны
Еўрапарламент заклікаў пакараць Віктара Орбана за нанясенне шкоды дэмакратыі ўнутры краіны
2024.01.18 22:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў