Мікалаю Халезіну ўручылі ордэн Брытанскай імперыі


У Віндзарскім замку 24 студзеня драматург і сузаснавальнік беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін атрымаў ордэн Брытанскай імперыі з рук прынцэсы Анны.

Мікалай Халезін атрымаў ад прынцэсы Анны Ордэн Брытанскай Імперыі. 24 студзеня 2024 года. Калаж з фота: PA; Nicolai Khalezin / Facebook

Гэтую ўзнагароду мусіў уручаць кароль Чарльз ІІІ, але той цяпер знаходзіцца ў шпіталі.

Раней, у лістападзе 2023-га, ордэн Брытанскай імперыі атрымала сузаснавальніца беларускага Свабоднага тэатру Наталля Каляда – жонка Мікалая Халезіна.

Мікалай Халезін падкрэсліў у інтэрв’ю AP, што гэтая ўзнагарода вельмі важная.

«Я хачу проста падзякаваць… Не кожнаму выпадае атрымаць другую радзіму. Дзе цябе любяць, дзе цябе прызнаюць, дзе з табой лічацца. Гэта нейкі шчаслівы латарэйны білет. За гэта я хачу сказаць дзякуй», – заявіў Халезін.

Халезін нагадаў, што Свабодны тэатр робіць пастаноўкі ў Вялікай Брытаніі з 2007 году і заўсёды выступае пры «sold out» (то бок пры поўнай залі). «Я думаю, што брытанцы, нават калі не счытваюць да канца праблему, разумеюць гісторыю. Гэтая краіна вельмі адгукаецца на любыя спробы распавесці гісторыю», – лічыць Халезін.

«У той момант, калі ты атрымліваеш такое прызнанне, ты адчуваеш, што нават калі ў цябе няма сваёй краіны, што стала тваім домам, прызнае тваё існаванне. Бо калі спытаць рэжым у Беларусі, яны б адказалі, што нас не існуе. Менавіта гэта яны кажуць вось ужо 20 гадоў – столькі споўніцца нашай кампаніі», – зазначыла Наталля Каляда.

Пра тое Наталля Каляда і Мікалай Халезін былі ўганараваныя званнямі чальцоў ордэну Брытанскай імперыі стала вядома ў чэрвені 2023 году. Яны былі намінаваныя яшчэ пры жыцці брытанскай каралевы Элізабэт II. Гэта быў апошні спіс кандыдатаў на ўзнагароду, які яна падпісала. Новы кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III пазней зацвердзіў той спіс.

Ордэн Брытанскай Імперыі, які атрымаў Мікалай Халезін. Фота прадстаўлена Мікалаем Халезіным

Ордэн Брытанскай імперыі – рыцарскі ордэн, які заснаваў у 1917 годзе брытанскі манарх Джордж V. Узнагароджваюцца дзеячы, якія зрабілі ўнёсак у мастацтва і навуку, працу з дабрачыннымі і сацыяльнымі арганізацыямі, а таксама за дзяржаўную службу. Узнагароды прысуджаюцца двойчы на год: на Новы год і на афіцыйны дзень нараджэння кіроўнага манарха.

Летась спектакль «Сабакі Еўропы» Свабоднага тэатру, пастаўлены рэжысёрам Мікалаем Халезіным, увайшоў у дзясятку найлепшых брытанскіх спектакляў года. Таксама 15 верасня адбылася вялікая прэм’ера беларускага Свабоднага тэатру: на сцэне «Barbican» у Лондане паказалі оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле славутай аповесці Уладзіміра Караткевіча.

Беларускі Свабодны тэатр заснавалі ў Беларусі ў 2005 годзе. Цяпер ён працуе ў Лондане. Як адзначаюць на сайце тэатру, гэта «адзіны тэатр у Еўропе, забаронены ўрадам з палітычных матываў».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў