Сяргей Падсасонны: «Дзікае паляванне караля Стаха» будзе паказанае яшчэ раз


Опера «Дзікае паляванне караля Стаха», прэм’ера якой адбылася ў Лондане на мінулым тыдні, скарае брытанскіх тэатральных крытыкаў. Паводле журналіста «Белсату» Сяргея Падсасоннага, які наведаў прэм’еру, гэта стала надзвычайнаю падзеяй, вельмі эмацыйнай, пра што ён распавёў у жывым эфіры.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Калі ты бачыш шмат беларусаў у зале, якія падыходзяць, якія пазнаюць, некаторых ты ведаеш таксама, людзі вітаюцца. Такое ўражанне, што ты не ў Лондан прыляцеў, а ў Менск. І гэтая опера, хаця складана назваць яе чыстай операй, – гэта нешта большае, бо такі мікс усяго: гэта і балет, і опера, і тэатр, і мікс сучаснага мастацтва. Гэта тэкст, які чытаецца, тэкст Уладзіміра Караткевіча чытае бацька Наталлі Каляды, сурэжысёркі спектаклю. Бо для яе персанальна гэта развітанне з бацькам, з якім яны ўсёй сям’ёй не змаглі развітацца ў кантэксце таго, што здарылася пасля 2020 года. І гэта бясконцая сувязь тых падзеяў, якія апісвае Уладзімір Караткевіч у сваёй кнізе, з тым, што адбываецца з Беларуссю, і не толькі з Беларуссю».

Сяргей Падсасонны кажа, што мастацтва шматузроўневае, і гэты твор ёсць такім мастацтвам, дзе кожны знойдзе нешта для сябе: гэта тэкст, над якім таксама працаваў Андрэй Хадановіч, і ягонае гучанне на сцэне, гэта балет, бездакорнае опернае выкананне беларускіх тэкстаў украінскімі спевакамі і, натуральна, палітычны складнік:

«Калі ты чуеш словы Караткевіча “Раман, выходзь”, але “Раман, выходзь” – гэта таксама і пратэсты 2020 года. “Я выходжу”, – кажа Раман Бандарэнка і гіне, так. Дзікае паляванне караля Стаха – гэта зло, якое палюе на беларусаў, якое палюе на ўкраінцаў сёння, палюе ва ўсім свеце».

Журналіст распавёў пра тое, якіх высілкаў каштавала падрыхтоўка трансляцыі спектаклю, колькі спатрэбілася часу і энергіі працаўнікоў каналу. А для тых, хто ўсё ж прапусціў прэм’еру, паводле Сяргея, будзе яшчэ адзін паказ, праўда, пакуль што з адкрытаю датай.

«Павінная быць згода з другога боку. І тады мы, “Белсат”, можам гэта зрабіць. Але на тых самых умовах блакады таксама. Аднак магу адкрыць таямніцу напрыканцы: Мікалай Халезін сказаў мне, што бачыць вялізную зацікаўленасць людзей, беларусаў, якія па ўсім свеце хочуць глядзець, нават у Зімбабвэ людзі глядзелі гэтым разам нас і спектакль. То ён кажа, што на адзін дзень, можа, на некалькі гадзінаў здымем гэтыя абмежаванні і зальем відэа на YouTube».

Фота вокладкі: belarusfreetheatre.com

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў