Мікалай Халезін і Наталля Каляда ўганараваныя званнямі чальцоў ордэну Брытанскай імперыі


Сузаснавальнікі і арт-дырэктары Свабоднага тэатру (Belarus Free Theatre) Наталля Каляда і Мікалай Халезін уганараваныя званнямі чальцоў ордэну Брытанскай імперыі за заслугі перад тэатрам. Іх залучылі ў спіс уганараваных асобаў з нагоды Дня нараджэння Караля.

Запись новогоднего поздравления Светланы Тихановской на 2022 год, Наталья Коляда, Николай Халезин
Наталля Каляда і Мікалай Халезін. Вільня, Літва. 22 снежня 2021 года.
Фота: ММ / Беларусь

«Мы нястомна змагаемся за свабоду самавыяўлення і права займацца мастацтвам, бо яно фармуе тое, кім мы ёсць як людзі і як нацыі. Мы жывём у тыя часы, калі, бывае, здаецца, што мастацтва і тэатр больш не маюць значэння. Такі гонар яшчэ раз падкрэслівае сутнасць таго, чаму мы робім тое, што робім; і мы падзяляем яго з усімі, хто калі-небудзь быў і працягвае быць часткай нашага творчага працэсу – як на сцэне, так і за яе межамі», – напісаў Мікалай Халезін на сваёй старонцы ў Facebook.

«Неймаверна кранальна мець такі гонар ад Караля. Больш за дзесяць гадоў таму Вялікая Брытанія дала нам палітычны прытулак і стала нашым другім домам. Гэтая ўзнагарода прызнае нашыя дасягненні ў свеце тэатру, мастацкае выяўленне нашай сталай барацьбы за правы і свабоды чалавека, што забяспечваецца дэмакратыяй, якую мы цяпер называем домам. Як мастакі і як грамадзяне, мы мяркуем, што сёння як ніколі важна пакласці канец вайне ва Украіне і дыктатуры ў Беларусі, каб гарантаваць бяспеку і стабільнасць Еўропы», – сказала Наталля Каляда.

Ордэн Брытанскай імперыі – брытанскі рыцарскі ордэн, заснаваны 4 чэрвеня 1917 года каралём Джорджам V. Ордэнам узнагароджваюцца дзеячы, якія зрабілі ўнёсак у мастацтва і навуку, працу з дабрачыннымі і сацыяльнымі арганізацыямі, а таксама за дзяржаўную службу. Узнагароды прысуджаюцца двойчы на год: на Новы год і на афіцыйны дзень нараджэння кіроўнага манарха.

Летась спектакль «Сабакі Еўропы» Свабоднага тэатру, пастаўлены рэжысёрам Мікалаем Халезіным, увайшоў у дзясятку найлепшых брытанскіх спектакляў года.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў