Верыфікатары верыфікавалі, ды не выверыфікавалі (пра ABBA)

Беларускаму бізнесу за мяжой падтрыманне не патрэбнае. Культуры? Патрэбнае. Адукацыі? Вельмі патрэбнае! І, вядома, медыям. Гэтыя галіны страцілі апору. У здаровай сітуацыі яны павінны былі б або фінансавацца за кошт калектыўных сродкаў грамадзянаў – бюджэту, або працаваць на камерцыйнай аснове, як гэта доўгія гады рабіў TUT.by. Але сітуацыя іншая, і без грантавых сродкаў будуць проста страчаныя цэлыя сферы, чаго б вельмі не хацелася.

Free Belarus Business Award
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі «Free Belarus Business Award» у будынку біржы каштоўных папераў. Варшава, Польшча. 11 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Бізнес – гэта зусім іншая сутнасць. Усё, што яму трэба, – не замінаць. Папросту даць магчымасць спакойна развівацца (у роўных умовах), і ўсё будзе добра, а можа быць, ён яшчэ і сам дапаможа камусьці, калі стане на ногі, калі будзе мець такое ўнутранае запатрабаванне.

Пытанне менавіта ў іх, у роўных умовах. Менавіта за роўныя ўмовы для беларусаў за мяжой (у тым ліку прадпрымальнікаў), за адсутнасць дыскрымінацыі і павінны змагацца палітыкі і грамадскія арганізацыі.

Не трэба даваць «бясплатныя падатковыя кансультацыі», іх на рынку больш чым дастаткова, і на зразумелай беларусам мове ў тым ліку. Не трэба фармаваць «фонды падтрымання». Ніводзін такі спецыяльна створаны «паводле прыкметы нацыянальнасці» фонд не зраўнаецца памерам і ўмовамі з нармальнай еўрапейскай праграмай. Папросту дайце роўныя з мясцовымі ўмовы. І ўсё. У гэтым і сутнасць прадпрымальніцтва. Астатняе прадпрымальнікі зробяць самі.

Дзе? Большасць прадстаўнікоў беларускага бізнесу выбрала Польшчу. Гэта асноўная краіна рэлакацыі. Можна дадаць яшчэ крыху Літвы, крыху Грузіі. Пра Украіну пакуль казаць складана, там беларусы – прадстаўнікі краіны-агрэсара. Так агулам выглядае задача.

А пасля з’яўляецца ABBA – асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой.

Hавiны
У Варшаве ўзнікла Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой
2021.08.20 20:29

«А так можна было?» Спачатку яе падтрымоўвалі ўсе. Усе гатовыя былі супрацоўнічаць, у тым ліку і я – справа добрая. Наведаў першую падзею праз два месяцы пасля выхаду з калоніі. Было гучна, але бязглузда. На другое я ўжо чамусьці не трапіў – не хапіла месцаў, як і яшчэ пары дзясяткаў тых, хто зарэгістраваўся. На трэцяе мяне ўжо і не запрасілі…

Пазней у дакуменце аб «патрэбах у фінансаванні» ў сферы падтрымання бізнесу выявіліся сляды «верыфікацыі спецыяльна прызначанай структурай». Далей гэты ж тэзіс перавандраваў у рашэнне ПАРЕ, бадзёра анансаванае ў сацсетках самой ABBA.

Тут я крыху засумняваўся і нават паспрабаваў распачаць афіцыйную камунікацыю. З просьбай растлумачыць – што гэта за верыфікацыя такая? Які метад? Хто і калі вызначыў, што яна патрэбная? Цішыня была мне адказам – хто ж будзе размаўляць з «нейкім» дэлегатам Каардынацыйнай рады.

Пасля ў інтэрнэт вылезлі звесткі аб рэгістрацыі адной сямейнай парай на сябе фонду «Fundacja Association of Belarussian Business Abroad» і аб атрыманні гранту з шасцю нулямі… на падтрыманне беларускага бізнесу. І адначасова прыгожыя фота пра вандроўку цудоўнай пары па ЗША, выключна з мэтай падтрымання і абароны… здагадайцеся, каго? Яго самога, беларускага бізнесу за мяжой.

Беларускі бізнес у ЗША пакутуе моцна. Штатаў тамака 50 і ездзіць можна доўга, тым больш што ёсць жа і Гаваі, і Флорыда, там таксама ёсць пра каго паклапаціцца, асабліва ўлетку.

Вам смешна? Мне – не. Але і нічога страшнага. Каго, у выніку, хвалюе, як нейкія людзі, хай і тыя, «якія ўваходзяць у эканамічную каманду Святланы Ціханоўскай», марнуюць грошы еўрапейскіх і амерыканскіх падаткаплатнікаў? Няхай і «вылучаныя на падтрыманне беларусаў».

Вось і мне ўсё роўна. Было. Да той самай верыфікацыі. Прапанова гэта – выключна шкодніцкая. Што можа быць горшае для беларускага бізнесу, чым вылезці на еўрапейскую трыбуну і гучна сказаць, што менавіта беларускі бізнес мае патрэбу ў дадатковай праверцы? Польскі не мае патрэбы, нямецкі не мае патрэбы, аўстрыйскі, які актыўна працуе ў Беларусі, не мае патрэбы. А беларускі – мае патрэбу?

І быццам ёсць логіка ў тым, што могуць быць нейкія асобныя прадпрымальнікі, якія спрыяюць рэжыму ці абыходзяць санкцыі, і з імі можна і трэба змагацца. Але! Ці можна на падставе дзеянняў асобных прадстаўнікоў ставіць таўро на ўсіх? Аб’яўляць аб неабходнасці суцэльнай праверкі нейкімі арганізацыямі, якія не маюць законных паўнамоцтваў, па не прапісанай і нікім не ўзгодненай методыцы?

Да палявання на ведзьмаў – адзін крок. Тым больш што кожны беларус, які прыехаў у Польшчу (і іншыя краіны), ужо прайшоў верыфікацыю ў момант выдачы яму візы або атрымання віду на жыхарства.

Калі нейкія нашыя «спецслужбы», няхай гэта будуць «Кіберпартызаны», «BYPOL» ці «БЕЛПОЛ», валодаюць звесткамі, што нейкі грамадзянін, у тым ліку і прадпрымальнік, парушае мясцовае заканадаўства, абыходзіць санкцыі ці супрацоўнічае з беларускім рэжымам, то іх, не, не права, а абавязак – паведаміць пра гэты факт у мясцовыя ўпаўнаважаныя органы – МУС, МЗС, кудысьці яшчэ. Дзе ў гэтай схеме месца ABBA альбо любой іншай грамадскай структуры?

Нам усім, беларусам за мяжой, у тым ліку і прадпрымальнікам, патрэбны роўныя правы і нічога больш. Далей прадпрымальнікі, як і ўсе астатнія групы паводле інтарэсаў, арганізуюцца самі – па рэгіёнах, галінах.

Без палітыкаў і «галоўных па бізнесе». Самі. І нават, «о, жах!», без амерыканскіх і еўрапейскіх фондаў. Калі гэта, вядома, прадпрымальнікі. Іх толькі крыху падштурхнуць. А бясплатныя грошы, вядома, разбэшчваюць.

P.S. Думаю, што асацыяцыю бізнесу павінен узначальваць чалавек, які мае хоць нейкі самастойны прадпрымальніцкі досвед. Такое маё сціплае меркаванне.

Каментар
ABBA не праводзіць верыфікацыі бізнесу для замежных банкаў, мае толькі ўнутранае правяранне
2023.06.30 16:09

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў