У Беларусі адмяняюць масавыя імпрэзы, у метро – павышаныя захады бяспекі


У звязку тэрактам у падмаскоўным «Crocus City Hall» у Беларусі прымаюцца павышаныя захады бяспекі, а таксама адмяняюцца культурна-масавыя імпрэзы.

«З 21:00 пятніцы арганізаванае ўзмацненне дзяжурных зменаў і рэзервовых групаў службы бяспекі метрапалітэну, патруляванне і агляд электрацягнікоў. Увесь дзяжурны персанал скіраваны на выяўленне безгаспадарных прадметаў і падазроных асобаў», – гаворыцца ў паведамленні Менскага метрапалітэну.

Міністэрства культуры заявіла, што ў Менску адмянілі канцэрт «Беларусь – мая песня», што меў адбыцца 23 сакавіка.

Старшыня Гомельскага гарвыканкаму Уладзімір Прывалаў паведаміў, што ў Гомлі адмененыя ўсе культурна-масавыя імпрэзы (спектаклі, канцэрты, дыскатэкі і г. д.) 23 і 24 сакавіка.

Нагадаем, што ўчора ў звязку з тэрактам у Падмаскоўі МУС Беларусі пастанавіў прыняць дадатковыя захады для запэўнівання грамадскай бяспекі. Заяўлялася, што вызначаны аб’екты, якія патрабуюць павышанай увагі. Павялічаная шчыльнасць нарадаў, якія для забеспячэння эфектыўнасці ўзмоцненыя байцамі АМАПу. Супрацоўнікі дадаткова ўзброеныя аўтаматычнаю зброяй.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заклікаў беларусаў пазбягаць месцаў масавага збору людзей, у тым ліку гандлёвых і забаўляльных цэнтраў. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская таксама параіла беларусам паклапаціцца пра бяспеку, пазбягаць натоўпаў і ўважліва назіраць за тым, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі бліжэйшым часам.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў