Сяргей Пятрухін: «У мяне была інфармацыя, што супраць Старавойтава ўзбудзілі крымінальную справу. І што ён налажыў на сябе рукі»


На былога начальніка ПК-3 «Віцьба» Аляксея Старавойтава, якога знайшлі памерлым, была заведзеная крымінальная справа, паведаміў «Белсату» былы палітвязень Сяргей Пятрухін са спасылкай на свае крыніцы. Старавойтаў нібыта павесіўся і гэта звязана з нелегальнымі схемамі, якія пануюць у беларускіх месцах зняволення, лічыць Пятрухін.

Аляксей Старавойтаў
Аляксей Старавойтаў, былы кіраўнік калоніі «Віцьба». Крыніца: BELPOL / Zerkalo.io

Сяргей Пятрухін быў у «Віцьбе», калі ёю кіраваў Старавойтаў.

«Я ведаў ужо некалькі дзён, што яго няма. Проста што не было афіцыйных пацверджанняў. І таксама ў мяне была інфармацыя, што супраць Старавойтава ўзбудзілі крымінальную справу. І што ён налажыў на сябе рукі, нібыта павесіўся. Гэта яшчэ не пацвердзілася, але вельмі падобна на праўду, таму што ён быў вельмі здаровым чалавекам, яму было 47 гадоў», – кажа былы палітвязень.

Афіцыйная прычына смерці Старавойтава не паведамляецца.

«Ён усе жыццё праслужыў у гэтай сістэме і вельмі баяўся зонаў. Яны катуюць людзей і бачаць, да якога скоцкага стану даводзяць іх. А ён пры мне быў палкоўнікам. І каб так яго на пенсіі пасадзілі ў турму – ён вельмі баяўся», – кажа Пятрухін. – І я яшчэ чуў раней, чым пра яго смерць, што следчыя органы зацікавіліся Дзідусам – начальнікам «промкі» [прамысловая зона, дзе працуюць асуджаныя. – Рэд.]», – працягвае Сяргей Пятрухін.

Віталь Дзідус пазначаны на сайце пошуку вакансіяў, як намеснік начальніка філіялу РУП «Віцьба», на якую працуюць зняволеныя.

Інтэрв’ю
Леанід Судаленка пра віцебскую калонію: Хто сядзеў у Расеі, казалі, што на «Віцьбе» цяжэй
2023.08.23 08:32

«З некім не падзяліліся»

«На мой погляд, відавочна, што яны парушалі закон. Напрыклад, я ведаю, што нельга, каб зэкі выконвалі працу па рамонце лагера, рэмантавалі дахі. Але… прыязджалі машыны цывільныя – прадпрымальнікаў ці каго, з рэкламамі на бартах. Прывозілі будаўнічыя матэрыялы і там пастаянна шлі нейкія працы па рамонце. Гэта ўсё рабілі зэкі. Гэта не пацверджаная інфармацыя, але я кажу тое, што я бачыў, бо я не дурны. Я ўпэўнены, што яны афармлялі гэта на прадпрымальнікаў, а зэкі працавалі. Ім за гэта, канешне, не плацілі, акрамя званкоў і турэмных нішцякоў», – расказвае Пятрухін.

Відаць, Старавойтаў і Дзідус «з некім не падзяліліся», мяркуе суразмоўца. Патэнцыйных нелегальных схемаў узбагачэння ў калоніі шмат, асабліва «прыбытковай» можа быць дрэваапрацоўка і метал, які зняволеныя выцягваюць з правадоў.

«Рабілі нейкія рэчы налева з дрэва – мне зэкі казалі, што ціхенька вывозяць. Яны рабілі рукамі зэкаў шчэпу для кастроў. Мы калі яе рабілі, чулі, што Еўразвяз прапускае гэта. Нейкімі схемамі я маю на ўвазе. Там 5 еўра каштуе гэты пачак.

Я працаваў на дратах. Іх таксама можна было заганяць. Там жа медзь з правадоў. Гэта ім усе звозяць, кажуць, нават з Чарнобылю. Там гэтых дратоў процьма. Калі фуру здаць, можна падняць некалькі тысячаў долараў, а адсачыць аб’емы, якія павінны заставацца, складана.

Яны ніколі не давалі чэкаў у краме, ніколі, а цэны на ўсе прадукты былі падвышаныя. Гэта першая прыкмета таго, што нешта не тое. Я проста не мог пра гэта запытацца, бо не хацеў, каб на мяне абрушыўся гнеў. Усё адно чэк мне б не далі, а пасадзілі б у ШЫЗА. Там шмат такіх схем. Дзідус, начальнік прамысловай зоны, не мог сам, без ведама начальніка калоніі, штосьці рабіць. Толькі з дазволу», – кажа суразмоўца.

Калонія «Віцьба-3» – вельмі цяжкае месца, асабліва для палітвязняў. Менавіта там загінулі палітвязні Вадзім Храсько і Мікалай Клімовіч. Сяргей Пятрухін выйшаў адтуль 17 снежня 2022 года. Ён быў асуджаны на тры гады па палітычных матывах.

Аляксей Старавойтаў працаваў у «Віцьбе» з 1998 года. Прыкладна з траўня 2023 года скончыў працу ў калоніі.

Hавiны
Дапамогі не дачакацца. Што вядома пра месца, дзе памерлі два палітвязні за восем месяцаў
2024.01.17 15:38

Фота вокладкі: Белсат

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў