«У Беларусі бацькі баяцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя школы». Дзе вучыцца на роднай мове?


У апошнія гады школьная адукацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш расейскамоўнай, беларускамоўныя класы і школы зачыняюцца, а ў тыя, што яшчэ ёсць, бацькі баяцца аддаваць дзяцей, каб не трапіць пад пераслед. У той жа час усё актыўней магчымасці вывучаць родную мову ствараюцца для дзяцей за мяжой, хоць і там не абыходзіцца без цяжкасцяў. Так, беларускамоўным гімназіям у Вільні і Рызе пагражае перавод на дзяржаўныя мовы. У Дзень роднай мовы паглядзелі, што з адукацыяй па-беларуску ўнутры нашай краіны і за мяжой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчынка чытае з кнігі на ўроку беларускай мовы ў сярэдняй школе ў вёсцы Асінаўка Магілёўскай вобласці, Беларусь. 19 лютага 2020 года.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

У Беларусі большасць беларускамоўных школаў – у вёсках

Летась на пачатку навучальнага года міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што ў Беларусі каля 10% школьнікаў навучаюцца на беларускай мове. Гэтыя вучні пераважна ходзяць у вясковыя школы. Міністр адукацыі сцвярджае, што аж 40% школаў у Беларусі – беларускамоўныя.

«Напэўна, хтосьці скажа, што вельмі вялікая лічба і штосьці тут не так, – казаў Іванец. – Так, калі казаць пра колькасць дзяцей, якія вучацца ў гэтых 40% школ – гэта каля 10%. Чаму? Таму што гэта пераважна вясковыя школы, у якіх традыцыйна праходзяць навучанне на беларускай мове».

Акрамя таго, паводле Андрэя Іванца, бацькі ў Беларусі маюць права абіраць, на якой мове будуць вучыцца іхныя дзеці як у дашкольных установах, так і сярэднеадукацыйных школах, бо ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і расейская.

У 2020 годзе Міністэрства адукацыя заяўляла, што беларускамоўных школаў у сістэме адукацыі нашай краіны – больш за 45%. То бок, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, за 3 гады колькасць беларускамоўных школаў зменшылася на 5%.

Беларускамоўныя школы сёння сапраўды пераважна знаходзяцца ў вёсках, аднак цягам апошніх гадоў яны паступова закрываюцца праз малую колькасць вучняў. Разам з тым у Беларусі шмат гарадоў, дзе ў школах няма ніводнага беларускамоўнага класа. Беларуская мова ў большасці школ прысутнічае толькі ў выглядзе ўрокаў па беларускай мове і літаратуры. Нават гісторыя Беларусі выкладаецца па-расейску.

Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 19:08

У якіх школах вучаць на роднай мове

На 2023/2024 навучальныя гады ў беларускамоўныя школы і класы набіралі вучняў у наступных гарадах і школах:

  • Менск: гімназія №4, гімназія №9 (набіралі аж 2 беларускіх класы з 48 вучнямі), гімназія №14, гімназія №23 – цалкам беларускамоўная, на навучальны год набіралі 2 першых класы на 52 вучні, гімназія №28 – таксама цалкам беларускамоўная, школа №60 – летась набіралі адзін клас з беларускай мова навучання, школа №72 – таксама набіралі адзін клас, пачатковая школа №112 – набіралі адзін клас з беларускай мова навучання.
  • Магілёў: школа №1 – летась набіралі 1 клас з беларускай мовай навучання, школа №34 – вучняў прымалі ў 2, 3, 6 і 8 класы з беларускай мовай навучання, першы клас не набіралі.
  • Горадня: школа №32 – набіралі 1 беларускамоўны першы клас, школа №34 – таксама набіралі адзін клас.
  • Гомель: гімназія №36 ім.І.Мележа – стварылі адзін беларускамоўны першы клас.
  • Берасце: гімназія №3 – вучні могуць вучыцца па-беларуску з 1 па 4 класы, з 5 класа – па-расейску.

Такім чынам, сярод абласных гарадоў цалкам беларускамоўныя школы захаваліся сёння толькі ў Менску. Калі казаць пра раённыя цэнтры, то толькі ў двух са 118 гарадоў на сённяшні дзень ёсць беларускамоўныя школы – гэта беларускамоўная гімназія №2 у Барысаве і школа №4 у Янаве ў Берасцейскай вобласці.

Некаторыя беларускамоўныя школы цягам апошніх гадоў пераходзяць на расейскую мову навучання, як гэта здарылася, напрыклад, з глыбоцкай школай №3, якая з 2006 года стала дзвюхмоўнай, а таксама з Наваградскай гімназіяй №1, у якой вучыўся і выкладаў Барыс Кіт – яна з беларускамоўнай стала цалкам расейскамоўнай.

Цалкам на роднай мове навучанне ідзе ў дзвюх школах у Бабруйскім раёне – у школе ў пасёлку ім.Леніна і ў вёсцы Осава. Яшчэ некалькі гадоў таму беларускамоўных школаў на Бабруйшчыне было больш.

Hавiны
Святлана Ціханоўская прапанавала мэру Вільні адкрыць дадатковыя беларускамоўныя класы
2023.10.13 15:11

«Дзеці, якія вучацца па-беларуску, будуць пад асаблівым наглядам»

«На жаль, сітуацыя з беларускамоўнай адукацыяй у Беларусі штогод пагаршаецца» – кажа Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Паводле спадарыні Аліны, не варта давяраць нават той не самай аптымістычнай афіцыйнай статыстыцы, якая адкрыта агучваецца – насамрэч лічбы нават больш сумныя, чым 10% беларускамоўных школаў.

«Цяпер бацькі нават проста баяцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя школы, садочкі ці нават проста групы, таму што асцерагаюцца рэпрэсіяў. Ведаю, што ў Горадні не змаглі нават групу набраць, – распавядае прадстаўніца АПК. – Я думаю, што гэта не звязана з нежаданнем бацькоў, каб іхныя дзеці вучыліся на беларускай мове, а з тым, што яны баяцца рэпрэсіяў, разумеючы, што дзеці, якія будуць вучыцца па-беларуску і іхныя сем’і будуць пад асаблівым наглядам».

Паводле Аліны Коўшык, сітуацыя з роднай мовай у нашай краіне штогод пагаршаецца, бо для «служкаў рэжыму Лукашэнкі» яна стала прыкметай высокаадукаваных, патрыятычных людзей, для якіх «свабода і правы чалавека з’яўляюцца вельмі важнай каштоўнасцю».

«Рэжым разумее, што людзі з такой моцнай нацыянальнай ідэнтычнасцю ніколі не пагодзяцца жыць у краіне, у якой зараз немагчыма дыхаць. Таму захаванне беларускай мовы з’яўляецца для нас зараз прыярытэтам, адным з галоўных заданняў, калі мы хочам захаваць нашую краіну незалежнай», – кажа прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Урок беларускай мовы ў сярэдняй школе ў вёсцы Асінаўка Магілёўскай вобласці, Беларусь. 19 лютага 2020 года.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Сетка беларускіх школаў выходнага дня

З прычыны масавага ад’езду беларусаў за мяжу пасля пачатку жорсткіх рэпрэсіяў у Беларусі ў 2020 годзе, магчымасці адукацыі на роднай мове сталі стварацца ў розных краінах, дзе ўтварыліся беларускія дыяспары. Пра тое, што зроблена ў гэтым кірунку і якія і дзе існуюць школы і класы, мы падрабязна распавядалі тут.

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету з мінулага года развівае ў розных краінах Сетку беларускіх школаў выходнага дня. На сённяшні дзень у такіх школах навучаецца ўжо больш за 500 дзяцей, кажа Аліна Коўшык. Самая буйная такая адукацыйная пляцоўка – Беларуская школа ў Варшаве, якая мае свае філіялы ў Беластоку, Гданьску, Кракаве і іншых гарадах Польшчы, Грузіі ды Літвы. У яе онлайн-філіі навучаюцца прадстаўнікі больш чым з 20 краінаў свету.

«У дадатковых школках выходнага дня беларускую мову і літаратуру, гісторыю і культуру Беларусі вывучаюць дзеці, якія выехалі з родных краёў: у Вільні – 122 вучня., у Батумі – 70, Тбілісі – 52, Вроцлаве – каля 40, – распавядае спадарыня Аліна. – Падтрымліваюцца сувязі з невялікімі адукацыйнымі пляцоўкамі ў Лондане, а таксама, з тымі, што існуюць асобна – школа-садок «Я дома», школамі пры Акадэміі добрай адукацыі, Цэнтры беларускай салідарнасці Варшавы. І мы б вельмі хацелі пашыраць нашую супрацу з іншымі асяродкамі і ствараць новыя школы, таму чакаем, калі такія запатрабаванні да нас прыйдуць і будзем старацца ствараць такія магчымасці».

Агляд
Дзе за мяжой дзеці могуць вучыцца па-беларуску? Агляд магчымасцяў
2023.09.05 17:35

Беларускамоўныя гімназіі ў Вільні і Рызе пад пагрозай

Афіцыйныя беларускамоўныя школы за мяжой існуюць у Вільні і Рызе. Гімназія ім. Францыска Скарыны ў Вільні працуе з 1994 года. У 2013 годзе навучальная ўстанова прайшла акрэдытацыю ў Міністэрстве адукацыі, асветы і спорту Літоўскай Рэспублікі і атрымала статус гімназіі. Школа дае поўную сярэднюю адукацыю – тут вучацца дзеці з першага па 12 клас. Таксама ёсць падрыхтоўчая група для дашкольнікаў. Амаль усе прадметы ў гімназіі выкладаюцца па-беларуску, дзеці абавязкова вывучаюць літоўскую і англійскую мовы. Агулам адукацыйны працэс арыентаваны на літоўскую вучэбную праграму.

У Латвіі з 1994 года працуе Рыжская беларуская школа ім. Янкі Купалы. Навучанне пераважна вядзецца па-расейску і па-латышску, але некаторыя асноўныя і дадатковыя заняткі праводзяцца па-беларуску.

Hавiны
«Стварыць і захаваць сваю ідэнтычнасць». У Батумі распачынае працу афіцыйная беларускамоўная школа
2023.10.08 20:04

Акрамя таго, летась у Батумі адчынілася грузіна-французска-беларуская школа, дзе дзеці маюць магчымасць вывучаць асноўныя прадметы па-беларуску.

У гімназіях у Вільні і Рызе, якія шмат гадоў даюць адукацыю на беларускай мове, неўзабаве могуць узнікнуць цяжкасці, зазначае Аліна Коўшык.

«Справа ў тым, што ўся сістэма адукацыі пераводзіцца на мясцовыя дзяржаўныя мовы. На жаль, гэта будзе азначаць таксама змены ў навучанні ў горшы бок для беларусаў у тым сэнсе, што беларуская мова стане мовай факультатыўнай, што, напэўна, зменшыць яе ўплыў на вучняў, – кажа прадстаўніца АПК. – Але мы будзем намагацца шчыльна працаваць з дырэкцыяй школаў, каб захаваць іх».

Мара – беларуска-польская школа ў Варшаве

Аб’яднаны пераходны кабінет хацеў бы адкрыць беларуска-польскую школу ў Варшаве, але «гэта можа быць складаным праектам праз асаблівасці польскага заканадаўства», зазначае Аліна Коўшык.

«Тым не менш, мы гэтае пытанне абмяркоўвалі на сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі. Пакуль гэта выглядае хутчэй як мара, але будзем спрабаваць рэалізаваць гэты праект, – кажа кіраўніца прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні. – Агулам найбольш паспяховымі і рэальнымі на сённяшні дзень выглядаюць праекты суботніх школак і падлеткавых клубаў, якія пашыраюцца асабліва ў Польшчы, у месцах, дзе кампактна пражываюць беларусы».

Акрамя таго, Аб’днаны пераходны кабінет у рамках захавання і пашырэння беларускай мовы лічыць стварэнне Інстытуту беларускай мовы, які можа паўстаць ужо ўвесну.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў