Міністр адукацыі распавёў, колькі школьнікаў у Беларусі навучаюцца на беларускай мове


Каля 10% школьнікаў у нашай краіне навучаюцца на беларускай мове, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец у эфіры праграмы «Вопрос номер один» на тэлеканале «Беларусь 1». Гэтыя вучні пераважна ходзяць у вясковыя школы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Сёння ў Беларусі бацькі маюць права абіраць, на якой мове будуць вучыцца іхныя дзеці як у дашкольных установах адукацыі, так і ў школах, бо ў краіне – дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская, зазначыў Андрэй Іванец.

Паводле міністра адукацыі, 40% школ у Беларусі – беларускамоўныя.

«Напэўна, хтосьці скажа, што вельмі вялікая лічба і штосьці тут не так, – сказаў Іванец. – Так, калі казаць пра колькасць дзяцей, якія вучацца ў гэтых 40% школ – гэта каля 10%. Чаму? Таму што гэта пераважна вясковыя школы, у якіх традыцыйна праходзяць навучанне на беларускай мове».

Таксама Іванец згадаў, што сёння прыкладна кожны пяты выпускнік школаў абірае пры здачы экзамену па дзяржаўнай мове беларускую.

«Мы мяркуем, што гэта даволі добрая лічба, якая ўсяляе аптымізм. Але гэта не кажа пра тое, што мы не павінны ўдзяляць асаблівую ўвагу вывучэнню нашай культуры і нашай мовы», – сказаў міністр.

Агляд
Непрыемныя веды на Дзень ведаў: галоўнае пра стан беларускай адукацыі на 2023/24 год
2023.09.01 18:16

Сапраўды, у Беларусі беларускамоўныя школы пераважна знаходзяцца ў вёсках, аднак цягам апошніх гадоў яны паступова закрываюцца праз малую колькасць вучняў. Разам з тым у Беларусі шмат гарадоў, дзе ў школах няма ніводнага беларускамоўнага класа. Беларуская мова ў большасці школ прысутнічае толькі ў выглядзе ўрокаў па беларускай мове і літаратуры. Нават гісторыя Беларусі выкладаецца па-расейску.

Адначасова замежныя мовы ў беларускіх школах цяпер заклікаюць выкладаць так, каб дзеці не «пагружаліся ў культуру і гісторыю носьбітаў мовы». Таксама ў Беларусі скасавалі права нацыянальных меншасцяў навучацца на родных мовах.

Інтэрв’ю
«У беларускай сярэдняй адукацыі больш рэгрэсу, чым прагрэсу». Чаму вучаць у школах у Беларусі і за мяжой
2023.08.25 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў